Абвінавачанне запрасіла тры гады "хатняй хіміі" для жыхара пасёлка Фарынава за абразу прэзідэнта
У судзе Полацка і Полацкага раёна 14 траўня працягваўся разгляд крымінальнай справы Андрэя Патрэбкі, які, па версіі следства, абразіў прэзідэнта Беларусі (ч.1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса). Прычым рабіў гэта ў абразлівай і цынічнай манеры больш чым два дзесяткі разоў.
Справу разглядае суддзя Віктар Баліка, дзяржабвінаваўца — Таццяна Коцур.
Андрэя Патрэбку затрымалі 24 снежня 2021 года. Да затрымання ён працаваў у Наваполацку брыгадзірам-цесляром у фірме "РэгіёнБудПолацк" па дамове падраду. Халасты, дзяцей няма. Жыве ў пасёлку Фарынава.
Паводле абвінавачання, з 5.08.2020 па 11.08.2021 года, Патрэбка, дзейнічаючы са злачынным намерам, выказваючы адкрытую непрыязнасць і маючы намер на публічнае прыніжэнне і абразу годнасці дзеючага прэзідэнта Лукашэнкі, у сацыяльнай сетцы "ВКонтакте" і "Аднакласнікі" неаднаразова размяшчаў розныя тэксты абразлівых паведамленняў. Усяго ў справе фігуруюць больш за дваццаць эпізодаў.
Судовы працэс пачаўся 5 траўня. Сваю віну Андрэй Патрэбка ў судзе прызнаў цалкам.
Суд у Полацку: мужчына цэлы год абражаў прэзідэнта ў сацсетках — у справе больш за дваццаць эпізодаў
У судовым пасяджэнні 14 траўня вывучаліся пісьмовыя матэрыялы справы, агучаныя вынікі лінгвістычнай экспертызы выказванняў Андрэя Патрэбкі з выкарыстаннем ненарматыўнай формы маўленчага выказвання. Частка з іх не мае негатыўных ацэнак прэзідэнта і Наталлі Качанавай.
Апісанне скрыншотаў каментарыяў і пастоў заняло ў судзе амаль гадзіну.
Абвінавачаны прасіў далучыць да справы медычныя заключэнні аб наяўнасці сур’ёзнай хваробы у маці.
Пад час судовых спрэчак дзяржабвінаваўца Таццяна Коцур паведаміла, што Андрэй Патрэбка 25 разоў у перыяд з 5 жніўня 2020 года па 11 жніўня 2021 года у сацыяльных сетках “Аднакласнікі” і “ВКонтакце” размяшчаў тэксты і каментарыі абразлівага характара у дачыненні да прэзідэнта Беларусі.
Просіць суд прызнаць Патрэбку вінаватым у абразе прэзідэнта і прызначыць яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 3 гады. Тэлефон падвергнуць спецыяльнай канфіскацыі.
Чакаецца, што прысуд будзе вынесены 17 траўня.