viasna on patreon

Суд у Полацку: мужчына цэлы год абражаў прэзідэнта ў сацсетках — у справе больш за дваццаць эпізодаў

2022 2022-05-09T14:01:33+0300 2022-05-16T10:48:01+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/patrebka-02.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Андрэй Патрэбка. Фота з сацыяльных сетак

Андрэй Патрэбка. Фота з сацыяльных сетак

У судзе Полацка і Полацкага раёна судзяць мясцовага жыхара Андрэя Патрэбку, які, па версіі следства, абразіў прэзідэнта Беларусі (ч.1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса). Прычым рабіў гэта ў абразлівай і цынічнай манеры больш чым два дзесяткі разоў.

Справу разглядае суддзя Віктар Баліка, дзяржабвінаваўца Таццяна Коцур.

Андрэя Патрэбку затрымалі 24 снежня 2021 года. Да затрымання ён працаваў у Наваполацку брыгадзірам-цесляром у фірме "РэгіёнБудПолацк" па дамове падраду. Халасты, дзяцей няма. Жыве ў пасёлку Фарынава.

Паводле абвінавачання, з 5.08.2020 па 11.08.2021 года, Патрэбка, дзейнічаючы са злачынным намерам, выказваючы адкрытую непрыязнасць і маючы намер на публічнае прыніжэнне і абразу годнасці дзеючага прэзідэнта Лукашэнкі, у сацыяльнай сетцы "ВКонтакте" і "Аднакласнікі" неаднаразова размяшчаў розныя тэксты абразлівых паведамленняў. Усяго ў справе фігуруюць больш за дваццаць эпізодаў.

Судовы працэс пачаўся 5 траўня. Сваю віну Андрэй Патрэбка ў судзе прызнаў цалкам.

На пытанне пракуроркі, у сувязі з чым публікаваў каментары і  чым гэта было абумоўлена, паведаміў суду, што яму не падабаецца стыль зносін Лукашэнкі, неяк заблытана ён усё кажа, ну а яшчэ больш з-за безадказнасці мясцовых уладаў.

Я пісаў і мясцовым уладам, і ў Адміністрацыю прэзідэнта, але нічога. Асабістай непрыязнасці да яго (прэзідэнта) я не маю.

5 жніўня 2020 вы былі ў суполцы "Полацк-Наваполацк Беларусь"?

Так.

15 жніўня размясцілі на сваёй старонцы пост "У Брэсце знайшлі спаленыя бюлетэні"?

Так.

17 жніўня ў 16:45 на вашай старонцы "ВКонтакте" размяшчалі пост "Лукашэнка збег з МЗКЦ"?

Магчыма.

З якой мэтай рабілі перапосты у сетках?

Ад няма чаго рабіць.

Па справе праходзяць ажно восем сведкаў. Што яны кажуць пра абвінавачанага?

Сусед Ілля Сталяроў распавёў, што на палітычныя тэмы з Андрэем не размаўлялі. Ён добры чалавек, заўсёды дапаможа, падкажа, такога суседа зычыць кожнаму.

Маці Фаіна Патрэбка:

“Сын — адзіны памочнік, карміцель, працавіты, дапамагаў, мае хранічныя захворванні, непітушчы, сумленны, справядлівы, адказны. Бацька — інвалід 2 групы, дзве аперацыі на сэрцы, сын вазіў яго па бальніцах і ў Віцебск і ў Полацк, цяпер няма каму вазіць, а бацька сам не можа, амаль не ходзіць".

Сама яна таксама хворая.

Кацярына Патрэбка жонка брата Андрэя. Характарызуе яго, як прыязнага, добрага. Лічыць, што не мог ён пісаць такія каментары, ніколі не заўважала, бо гэта не ўласціва яму.

Частка сведак на судовае пасяджэнне не з’явілася, таму суддзя Баліка абвясціў перапынак да суботы, 14 траўня.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства