У Мазыры асуджаны яшчэ адзін футбольны заўзятар
Суд Мазырскага раёна 14 красавіка вынес прысуд футбольнаму заўзятару Віталію Мелеху. Ён прызнаны вінаватым у «грубым парушэнні грамадскага парадку» і «гвалце ў адносінах да супрацоўнікаў унутраных спраў».
Справу разглядала суддзя Валянціна Новікава.
21-гадовы Віталь Мелех быў абвінавачаны па частцы 1 артыкула 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) і па артыкуле 364 (гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў адносінах да супрацоўніка органаў унутраных спраў) Крымінальнага кодэкса РБ.
Віталь Мелех спачатку быў затрыманы ў траўні 2021 года разам з яшчэ 10 грамадзянамі, у асноўным – заўзятарамі мазырскай футбольнай каманды «Славія». Афіцыйна сцвярджалася, што яны – «удзельнікі каляфутбольнай групіроўкі праварадыкальнай накіраванасці».
Масавыя затрыманні футбольных заўзятараў у Мазыры. Што вядома на гэты час
Прэс-служба Галоўнага ўпраўлення унутраных спраў Гомельскага аблвыканкама тады заявіла, што затрыманыя выкарыстоўвалі супраць міліцыянтаў газавыя балончыкі і кідалі ў іх камяні. Аднак, па сведчанні мясцовых грамадзян, у Мазыры пасля выбараў адбываліся мірныя сходы мясцовых жыхароў, а міліцыя разам з унутранымі войскамі выцяснялі ўдзельнікаў сходаў з цэнтральнай плошчы, жорстка затрымлівалі і збівалі ўдзельнікаў мірных акцый, піша “Гомельская Вясна”.
Разгляд справы ў судзе адносна В. А. Мелеха пачаўся яшчэ 14 сакавіка.
Роўна праз месяц быў вынесены прысуд: два з паловай гады пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму.