viasna on patreon

Масавыя затрыманні футбольных заўзятараў у Мазыры. Што вядома на гэты час Дапоўнена

2021 2021-05-07T08:44:07+0300 2021-05-07T12:15:23+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/mazyr-zatrymanni-2021.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Затрыманні ў Мазыры футбольных заўзятараў. Скрыншот з відэа МУС

Затрыманні ў Мазыры футбольных заўзятараў. Скрыншот з відэа МУС

Пра 11 затрыманых у Мазыры 5 траўня паведамла прэсавая служба МУС. Паводле версіі сілавікоў, 10 хлопцаў, якіх затрымалі 4 траўня з дапамогай ГУБАЗіКу і САХР, бралі ўдзел у масавых беспарадках у жніўні 2020 года.

Яны з’яўляюцца ўдзельнікамі «каляфутбольнай групоўкі праварадыкальнай накіраванасці». Яшчэ адзін 54-гадовы затрыманы ў кола футбольных фанатаў не ўваходзіў, піша "Палеская Вясна".

Прэсавая служба ГУУС Гомельскага аблвыканкаму ў сваім відэа заявіла, што затрыманыя 11 жніўня мінулага году выкарыстоўвалі супраць міліцыянтаў газавыя балончыкі, кідалі ў іх камяні.

"Палеская Вясна" паразмаўляла ў Мазыры з сябрам большасці затрыманых. Ён пацвердзіў, што хлопцы і сапраўды заўзелі за мясцовы футбольны клуб «Славія», але не ведае з іхняга боку ніякіх праяваў правага радыкалізму. На шматтысячных шэсцях, якія адбываліся ў Мазыры пасля 14 жніўня і ў верасні мінулага году, іх не было заўважна. Магчыма яны ўдзельнічалі ў мірных сходах, якія вечарамі адбываліся ў раённым цэнтры ў першыя дні пасля выбараў.

9, 10, 11, 12 і 13 жніўня ў Мазыры штовечар збіраліся людзі спачатку на плошчы Леніна ў цэнтры горада, а потым у густанаселеным раёне на бульвары Юнацтва. Спачатку яны спрабавалі дамагчыся агалошвання сапраўдных вынікаў выбараў па кожным участку. Пры гэтым яны не рабілі анічога, што магло б зрабіць іхнія сходы не мірнымі – не псавалі маёмасць і транспарт, не рабілі агрэсіўных выпадаў у бок мінакоў альбо прадстаўнікоў сілавых структураў, якія штовечар таксама былі на месцах збору. Больш таго, 10 жніўня, калі міліцыянты і вайскоўцы ўнутраных войскаў выцеснілі ўдзельнікаў мірнага сходу з плошчы Леніна на лесвіцу, якая ідзе на прылеглую гару, людзі адтуль пачалі скандаваць лозунг «Міліцыя з народам!»

Міліцыянты ж разам з вайскоўцамі ўнутраных войскаў ужылі да ўдзельнікаў мірных выказванняў меркаванняў нематываваны гвалт. Яны пачалі жорстка затрымліваць і збіваць удзельнікаў мірных сходаў, якія не супраціўляліся, часта ляжалі на доле, прыкрываючыся ад шматлікіх хаатычных удараў гумавымі дручкамі і пінкоў нагамі. У інтэрнэт трапілі шматлікія відэазапісы гэтых гвалтоўных дзеянняў сілавікоў. Пазней высветлілася, што да тых, каго ім удалося затрымаць, у памяшканнях Мазырскага РАУС ужываліся страшэнныя катаванні, іх мэтанакіравана збівалі, здзекваліся з іх, прыніжалі маральна, пагражалі звальненнямі з працы, працяглымі тэрмінамі турэмнага зняволення.

Увосень за тое, што 11 жніўня 2020 году кінулі камяні ў бок аўтамабіля ўнутраных войскаў у Мазыры асудзілі дваіх непаўнагадовых хлопцаў Юрыя Мельчанку і Сяргея Лягуна. Іх прызналі вінаватымі ва ўдзеле не ў масавых беспарадках, а ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з непадпарадкаваннем патрабаванням супрацоўнікаў органаў унутраных справаў.

Суразмоўца "Палескай Вясны" паведаміў, што першым затрыманым, пра якога яму стала вядома, быў Данііл Скіпальскі. Ён выйшаў з пад’езду, каб ісці на працу і адразу ж быў жорстка затрыманы. Менавіта ён фігуруе ў двух эпізодах на відэа МУС.

Данііл Скіпальскі
Данііл Скіпальскі. Скрыншот з відэа.

У дзень затрымання суседзі, якія сталі яго сведкамі, пра гэта паведамілі маці Данііла. А праз некаторы час да яе прыйшлі людзі ў цывільным і прад’явілі нейкую паперу. Яна ад хвалявання не здолела разабраць сэнс паперы і папрасіла патлумачыць. Ёй паведамілі, што будуць праводзіць ператрус у кватэры. Сілавікі, абшукваючы памяшканні, пыталі ў маці пра нейкую зялёную байку. Але такой не знайшлі. Яны агледзелі ноўтбук, але там таксама не аказалася нічога, што б іх зацікавіла, таму яны яго не забіралі. З кватэры забралі толькі некалькі налепак з фанацкай сімволікай клуба «Славія» і выявай герба «Пагоня». Паводле інфармацыі, якую маці Данііла Скіпальскага ўдалося даведацца ад супрацоўнікаў праваўжывальных органаў, Данііла затрымалі ў парадку артыкула 108 (паводле непасрэдна ўзніклага падазрэння ў здзяйсненні злачынства) і затрымалі на 72 гадзіны, а вінавацяць яго папярэдне паводле артыкулу 342.

Праваабаронцам удалося высветліць імёны яшчэ васьмі затрыманых.

Яна пазначаныя нумарамі на скрыншоце з відэа МУС:

  1. Вадзім Свінтэцкі,
  2. Сяргей Гадыеў,
  3. Аляксандр Сузько,
  4. Нікіта  Бандарэнка,
  5. Віталь Мелех,
  6. Уладзімір Панфіленка,
  7. Данііл Скіпальскі,
  8. Эдгард Максіменка
  9. Павел Дворак,
  10. Віталь Кузьменка.

Станам на 6 траўня ўсе яны, апрача Бандарэнкі Нікіты, знаходзяца ў ІЧУ Мазырскага РАУС. Перадачы для іх не прымаюць. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства