Стваральнік мэблі, знаўца арабскай і выратавальнік сабакі. Гісторыя палітвязня Арцёма Нікіціна Аўдыё
Арцёма Нікіціна асудзілі летась у красавіку да двух з паловай гадоў калоніі агульнага рэжыму. Гэта самы жорсткі прысуд: у крымінальнай справе было яшчэ трое абвінавачаных (сярод іх і родны брат Арцёма — Данііл Нікіцін), усім далі па паўтара года «хатняй хіміі».
Праваабарончая супольнасць прызнала хлопца палітвязнем. А МУС Беларусі нядаўна занёс Арцёма Нікіціна ў спіс грамадзян, датычных да «экстрэмісцкай дзейнасці».
«Вясна» распавядае пра жыццё Арцёма да калоніі і пра ягоныя захапленні — іх шмат і яны незвычайныя.
Арцёму Нікіціну цяпер 32 гады, ён родам з Брэста. У сталіцу Арцём пераехаў, каб вучыцца — хлопец скончыў Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт паводле спецыяльнасці «перакладчык-рэферэнт» і валодае некалькімі мовамі: англійскай, французскай і польскай. Але профільнай у Арцёма была арабская мова. Падчас свайго навучання ён прайшоў месячную моўную стажыроўку ў Егіпце, набраўшы са ста магчымых балаў 96. Дакумент аб стажыроўцы яму выдалі на папірусе:
А ў калоніі Арцём пачаў вучыць новую для яго мову — іспанскую.
Пасля заканчэння ўніверсітэта Арцём Нікіцін адслужыў у арміі ў памежных войсках. Яму прапанавалі там працаваць, але ён адмовіўся і вярнуўся ў Мінск.
У сталіцы хлопец паспеў заняцца і бізнэсам — адкрыў разам з кампаньёнамі краму сэканд-хэнд. А затым змяніў і дзейнасць, і месца жыхарства — і ў 2016-м паехаў на Балі, дзе на працягу года арганізоўваў для турыстаў туры па выспе, ладзіў экскурсіі ў храмы, святыя месцы, на вадаспады і сакрэтныя пляжы.
Там жа ён пазнаёміўся з Алёнай, якая стала ягонай дзяўчынай. Пазней яна прыехала да Арцёма ў Беларусь (дзяўчына з'яўляецца грамадзянкай Расійскай Федэрацыі) — разам яны пачалі арандаваць кватэру ў Мінску.
Туды 5 студзеня 2021 года прыйшлі сілавікі. Арцём ужо быў затрыманы, а ў кватэры заставалася Алёна. Яе таксама затрымалі ў межах той жа крымінальнай справы. Аднак дзяўчыну вырашылі дэпартаваць з краіны. У чаканні выдварэння яна правяла 30 сутак у ІЧУ на Акрэсціна. З тых часоў з Арцёмам яны не бачыліся, бо Алёне забаранілі ўезд у Беларусь.
«Арцём вельмі актыўны фізічна, увесь час займаецца спортам і практыкамі, ходзіць у паходы, — расказала «Вясне» Алёна. — На Балі у свой дзень народзінаў падняўся на самы вялікі і складаны вулкан — Агунг. Вельмі любіць ездзіць на байку. Праехалі з ім разам з выспы Балі на выспу Ява 450 км на байку. Вельмі любіць музыку. Сам іграе на гітары і варгане».
Яшчэ Арцём любіць ствараць рэчы сваімі рукамі. Нейкі час сам шыў скураныя гаманцы і сумкі, але больш за ўсё захапіўся вырабам мэблі з дрэва. Тут поўны цыкл: выбар дошкі, апрацоўка, пакрыццё, дызайн і зборка. Так Арцём зрабіў паліцы, шафкі і нават цэлую кухню:
Сваімі рукамі Арцём стварыў і ложак. На здымку ён ляжыць на ім разам са сваім сабакам па мянушцы Боб (ці Бобчык).
Боб быў бяздомным сабакам з хворымі суставамі. Спачатку Арцём падкормліваў яго на вуліцы, а пасля вырашыў забраць да сябе. У ветэрынара хлопец даведаўся, што Бобчыку на той момант было каля трох гадоў.
Калі 5 студзеня 2021 года сілавікі затрымалі Арцёма і ягонага брата, а затым прыйшлі і па Алёну, Боб застаўся ў кватэры адзін. Першае пытанне, якое Арцём задаў адвакату, калі той прыйшоў да яго, было: «Што з сабакам?» З Бобам усё добра: яго забралі да сябе бацькі.
(Гісторыі іншых хатніх жывёл, якія бачылі вобшукі і затрыманні сваіх гаспадароў, слухайце ў падкасце «Вясна прыйдзе»).
* А тут можна пачуць голас Арцёма Нікіціна падчас крымінальнага суда над ім (на здымку ён — злева):
Viasna96 · Апошняе слова Арцёма Нікіціна
Арцём цікавіцца гісторыяй сваёй сям'і. Не так даўно Нікіціны здолелі вярнуць свой радавы дом, які пабудаваў Арцёмаў прапрадзед. Яшчэ да рэвалюцыі ён з'ехаў у Амерыку і пражыў там 15 гадоў. Вярнуўшыся дадому, ён збудаваў дом з натуральнага дуба. Гэта быў 1928 год.
Але пасля 1937-га ўсю зямлю ў прапрадзеда адабралі. Раскулачваць яго прыйшлі людзі ў звычайным грамадзянскім адзенні. Яны правялі вобшукі.
І вось нядаўна сям'я Нікіціных здолела выкупіць гэты дом. Ён патрабуе рамонту, а ў Арцёма былі вялікія планы наконт яго аднаўлення. Да свайго затрымання хлопец паспеў там пабываць двойчы.
І цяпер, знаходзячыся ў зняволенні, Арцём у лістах да сваёй сям'і актыўна прапануе ідэі наконт адраджэння дома. Хлопец упэўнены: усярэдзіне абавязкова павінна быць дрэва.
Падтрымайце Арцёма лістамі салідарнасці!Адрас для лістоў: ПК №2, 213800, г. Бабруйск, вул. Сікорскага, 1 Арцём Генадзьевіч Нікіцін |