Абвясцілі ў вышук, затрымалі і пакаралі: чым скончыўся суд над Марынай Каласковай
Першамайскі суд Віцебска 13 красавіка завяршыў разгляд крымінальнай справы жыхаркі Крычава Марыны Каласковай. Жанчыну абвінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 Крымінальнага кодэкса) – былога начальніка Ганцавічскага РАУС Віталія Куляшова.
Справу разглядаў суддзя Міхаіл Юрчанка, дзяржабвінаваўца – памочнік пракурора Лабацкі.
Пацярпелы Куляшоў на суд не з’явіўся. Ён звярнуўся ў суд з заявай аб разглядзе крымінальнай справы без яго ўдзелу і даслаў заяву аб спагнанні з абвінавачанай сродкаў па пазове у памеры 1 000 руб.
Суд над Каласковай быў прызначаны на 1 сакавіка, аднак жанчына, якая знаходзілася пад падпіскай аб нявыездзе, так і не з’явілася. Яе абвясцілі ў вышук і праз некаторы час затрымалі і змясцілі пад варту.
У судзе яна патлумачыла, што не было сродкаў, каб набыць квіток з Крычава да Віцебска.
Віцебск: абвінавачаная Каласкова на суд не з’явілася, яе абвясцілі ў вышук
Па матэрыялах абвінавачання, Марына Каласкова, у перыяд часу з 26 чэрвеня 2020 года па 27 чэрвеня 2020 года, "знаходзячыся ў горадзе Чэхаў Маскоўскай вобласці РФ маючы злачынны намер, накіраваны на публічную абразу, знявагу гонару і годнасці, у публічнай форме абразіла прадстаўніка ўлады - начальніка аддзела ўнутраных спраў Ганцавіцкага райвыканкама Куляшова. Выкарыстоўваючы ў якасці сродкаў здзяйснення злачынства сетку Інтэрнэт, шляхам электроннай перапіскі ў сацыяльнай сетцы "Аднакласнікі" наўмысна размясціла са сваёй старонкі каментар пад відэа Вольгі Карач з выявай палкоўніка міліцыі Віталія Куляшова з надпісам "Гэта я аддаў загад затрымліваць і збіваць мірных дэманстрантаў і журналістаў У Ганцавічах". Каментар быў напісаны ў лаянкавай форме і негатыўна ацэньвае супрацоўніка ўнутраных спраў Куляшова і ўтрымлівае ненарматыўную форму маўленчага выказвання, прыніжаючую гонар і годнасць прадстаўніка ўлады Куляшова” - "Тварь, она и в Африке тварь".
Нагадаем, начальніка Ганцавіцкага РАУСа, 43-гадовага Віталя Куляшова, які запомніўся брутальнымі затрыманнямі пратэстоўцаў у райцэнтры, знялі з пасады ў жніўні 2021 года. Пасля адстаўкі Куляшова спачатку адправілі ў калгас, а затым — у лякарню ў Навінкі.
Сваю віну Марына Каласкова прызнала цалкам.
У судзе патлумачыла, што падчас выбараў прэзідэнта ў жніўні 2020 года знаходзілася ў Расіі, працавала на будоўлі. Каментар пакінула на эмоцыях, змест яго зараз не памятае. Пазней хацела яго выдаліць, але не змагла гэтага зрабіць. У красавіку 2021 года вярнулася дадому ў Крычаў, паколькі паўстала непаразуменне з начальнікам, які не хацеў аплочваць яе працу.
“1 снежня 2021 года супрацоўнікі міліцыі прыехалі да мяне дадому, паказалі паперы, адвезлі ў Віцебскае ІЧУ і затрымалі на 3 сутак”, - тлумачыла жанчына ў судзе.
Пацярпелы Куляшоў на допыце 2 лютага сведчыў:
“Мне стала вядома што ў сацыяльнай сетцы "Аднакласнікі" маецца публікацыя з маім малюнкам, асабіста сам дадзеную публікацыю не бачыў. Лічу што публікацыя выпушчаная з мэтай абразы мяне як прадстаўніка ўлады. У сувязі з выкладзеным прашу прыцягнуць вінаватых асоб да крымінальнай адказнасці."
Суд пастанавіў: прызнаць Марыну Каласкову вінаватай і прызначыць ёй пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу ("хімія") тэрмінам на адзін год і шэсць месяцаў, а таксама штраф у памеры 700 рублёў.
Задаволіць таксама матэрыяльны пазоў маральнай шкоды ў памеры 1 000 рублёў.