На ордэн Маці забыліся, затое прысуд вынеслі хутка. У Пружанах маці 13 дзяцей прысудзілі тры гады "хатняй хіміі" за каментар пра Лукашэнку
28 і 29 сакавіка Пружанскі суд разглядаў крымінальную справу шматдзетнай маці Вікторыі Онахавай-Жураўлёвай, якой прад'явілі абвінавачванне па ч. 2 арт. 367 КК "Паклёп у дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь".
Судовае пасяджэнне ўзначаліла Алена Бальшакова.
Што вядома пра абвінавачаную? Вікторыі 39 гадоў. Разам з мужам яна выхоўвае 13 дзяцей, 9 з якіх прыёмныя. Пасля пераезду з Мінска ў Пружаны да свайго мужа Вікторыя пачала актыўна займацца не толькі выхаваннем дзетак, але і грамадскай дзейнасцю. Разам муж і жонка намагаліся вырашыць шмат сацыяльных і гарадскіх праблем у Пружанах. З гэтай нагоды шмат для каго ў невялічкім гарадку жанчына стала "персонай нон грата" - Вікторыя не мірылася з праблемамі, пісала скаргі ў ДАІ, задавала пытанні старшыні райвыканкама, размаўляла з мясцовым уладамі пра тое, што можна змяніць у Пружанах, каб усім жыхарам горада жылося лепей...
Пасля выбараў-2020 шматдзетная маці публічна выказалася пра сваё рашэнне перавесці дзяцей на індывідуальны план навучання. Па словах жанчыны, на гэта яе падштурхнуў недавер да настаўнікаў, якія, магчыма, мелі дачыненне да фальсіфікацыі вынікаў выбараў. Хутка Вікторыя знайшла аднадумцаў і стварыла адукацыйны праект "Свабодная школа".
У лютым 2021-га года на Вікторыю напісалі данос, у якім нейкі "пільны" грамадзянін з Івацэвічаў паведаміў праваахоўнікам аб людзях (маецца на ўвазе сям'я Вікторыі – Рэд.), "варожа настроеных да існуючага дзяржаўнага ладу". Такую выснову даносчык зрабіў з той нагоды, што Вікторыя і яе муж "не хаваюць сваіх апазіцыйных поглядаў, размяшчаюць у двары і на сценах дома БЧБ-сімволіку". Пад БЧБ-сімволікай меліся на ўвазе белыя навагоднія вяночкі з чырвонай стужкай на дзвярах і белая ялінка з чырвонымі цацкамі ў двары дома.
Таксама даносчык выказаў здагадку, што дзеці Вікторыі "атрымліваюць выхаванне дэструктыўнай, антыдзяржаўнай накіраванасці", а таксама сумневы аб мэтазгоднасці даверу дзяцей на выхаванне такім бацькам, як Вікторыя і яе муж.
Пасля гэтага даносу жанчыну выклікалі ў мясцовы РАУС на прафілактычную гутарку, а ўжо ў жніўні 2021-га ў дом шматдзетнай сям'і сілавікі прыйшлі з ператрусам па падазрэнні ў здзяйсненні крымінальнага злачынства па ч.2 арт. 367 КК за паклёп Лукашэнкі. Забралі планшэты, тэлефоны, камеру GoPro і электронны ключ для падатковай. Тады ж матдзетнай маці выдалі паперу аб арышце маёмасці “у мэтах забеспячэння кампенсацыі шкоды, нанесенай злачынствам, а таксама для забеспячэння выканання прысуду ў частцы грамадзянскага пазову і іншых маёмасных спагнанняў".
Згодна з матэрыяламі справы, у жніўні 2020-га года ў тэлеграм-чаце «Пружаны: идеи, события, изменения», якога, дарэчы, ужо нават не існуе, Вікторыя пакінула каментар пад рэпостам артыкула пра берасцейца Генадзя Шутава, які загінуў у жніўні 2020-га года. Каментар быў такі: "Лукашэнка забіў яшчэ аднаго беларуса". У ім праваахоўнікі ўгледзелі склад крымінальнага злачынства.
29 сакавіка суд Пружанскага раёна прызнаў Вікторыю Онахаву-Жураўлёву вінаватай у здзяйсненні злачынства па ч. 2 арт. 367 КК "Паклёп у дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь" і прысудзіў жанчыне 3 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Роўна столькі ў якасці пакарання для абвінавачанай запытвала пракурорка Вераніка Манец.
Дарэчы, ордэн Маці, якім жанчын у Беларусі ўзнагароджваюць пасля таго, як пятаму па ліку дзіцяці ў сям'і споўніцца годзік, Вікторыі так і не ўручылі. Пры гэтым, як распавядала сама жанчына, у свой час ўсе неабходныя дакументы для гэтага яна падавала, але, падаецца, нешта пайшло не так. Вікторыя засталася без ордэна і з гэтай нагоды, з яе ж слоў, не сумавала. Затое "так" усё пайшло ў судзе. Прысуд па справе шматдзетнай маці вынесены "шчодры" і ва ўстаноўленыя тэрміны.
«Вясна» збірае інфармацыю з «палітычных» судовых пасяджэнняў, што адбываюцца па ўсёй краіне. Калі ласка, дасылайце нам аўдыё і тэкставую інфармацыю ў Telegram: @ViasnaSOS, @spring96info і Email: viasna@spring96.org |