У шпіталі памёр мужчына з Брэста, у якога сілавікі стрэлілі на пратэстах
У ваенным шпіталі Мінску памёр 43-гадовы Генадзь Шутаў. Пра гэта TUT.BY распавялі сваякі берасцейца. Ён атрымаў агнястрэльнае раненне ў галаву 11 жніўня ў раёне Маскоўскай адміністрацыі Брэста падчас пратэстаў, піша tut.by.
Сваякі двое сутак не маглі знайсці Генадзя Шутава. Высветлілі, што яго даставілі спачатку ў Брэсцкую абласную бальніцу, а затым верталётам пераправілі ў ваенны шпіталь у Мінск. Дачка Людміла распавядала TUT.BY, што ў бацькі агнястрэльная траўма, "пашкоджанні мозгу цяжкія і шырокія, лекары не даюць ніякага прагнозу".
Генадзь Шутаў памёр у шпіталі сёння, 19 жніўня, у 10.20.
У МУС паведамілі, што ў Брэсці ўвечары 11 жніўня міліцыя страляла ў пратэстоўцаў з агнястрэльнай зброі на паразу. Па дадзеных міліцыі, ёсць паранены. Ці мелі яны на ўвазе Генадзя Шутава, невядома.
Міліцыя ўдакладняе, што на паразу стралялі для абароны жыцця і здароўя супрацоўнікаў ад "групы агрэсіўна настроеных грамадзян з арматурай у руках", калі тых не спынілі папераджальныя стрэлы ўверх.
9-11 жніўня ў хуткую і бальніцы Брэста звярнуліся каля 100 чалавек з ударамі мяккіх тканін, траўмамі рук і ног, грудной клеткі, жывата. Шпіталізавалі 23 чалавекі, некаторым з іх спатрэбіліся аперацыі.
Нагадаем, увечары пасля выбараў і на наступны дзень у Брэсце адбыліся масавыя пратэсты гараджан і сутычкі з міліцыяй. Паводле афіцыйных звестак гэта ўжо трэцяя афіцыйная смерць дэманстранта за падзеі 9-12 жніўня ў Беларусі. Увечары 10 жніўня ў Мінску падчас акцый пратэсту на праспекце Прытыцкага загінуў Аляксандр Тарайкоўскі. 12 жніўня ў Гомелі памёр 25-гадовы хлопец Аляксандр Віхор, якога затрымалі на вуліцы.