viasna on patreon

Жыхарку Бярозы, якая адбывала "хатнюю хімію", ізноў асудзілі, але ўжо разам з працадаўцам, які хацеў ёй дапамагчы

2022 2022-03-29T18:14:00+0300 2022-03-29T19:37:18+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/miadzvedz-01jpg.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Валянціна Мядзведзь перад пачаткам судовага пасяджэння. Фота spring96.org

Валянціна Мядзведзь перад пачаткам судовага пасяджэння. Фота spring96.org

Суд Бярозаўскага раёна разгледзеў справу Валянціны Мядзведзь і Андрэя Чыжа, якіх абвінавачвалі ў здзяйсненні злачынстваў паводле ч. 1 арт. 427 КК "Службовая падробка".

Вядома, што Валянціне Мядзведзь 47 гадоў. На момант завядзення крымінальнай справы яна ўжо мела непагашаную судзімасць.

Валянціна адбывала "хатнюю хімію" за тое, то ў лістападзе 2020 года ў Telegram-канале "Бяроза-97" напісала, што мясцовы супрацоўнік міліцыі "Лішко — сапраўды гнілы і слізкі тып", параўнала яго з паліцаем і дадала яшчэ некалькі абразлівых слоў. 26 лютага 2021 года суд прызначыў Валянціне Мядзведзь 2 гады "хатняй хіміі" за злачынства паводле арт. 369 КК "Абраза прадстаўніка ўлады".

Андрэю Чыжу 46 гадоў. Ён заснавальнік і ўласнік фірмы "Неакамень", якая займаецца вырабам помнікаў. Раней мужчына ніколі не быў судзімы.

Так атрымалася, што абаіх абвінавачаных звязвае гісторыя Валянціны Мядзведзь.

З усіх сіл хацела дапамагчы родным, але атрымала новы тэрмін

Гісторыя такая: пасля першай судзімасці інспектар крымінальна-выканаўчай інспекцыі АУС Бярозаўскага райвыканкама абавязаў жанчыну працаўладкавацца на працягу 15 дзён. У адваротным выпадку яе б паставілі на ўлік на біржу працы, і там бы жанчына не мела права адмовіцца ад любой прапанаванай ёй працы. Са слоў Валянціны, працу для такіх асуджаных, як яна, прапануюць звычайна ў калгасе.

Сама ж жанчына да гэтага больш як 15 гадоў працавала ў сферы цырульных паслуг і лічылася самазанятай. Аднак такі тып працаўладкавання, як ёй растлумачылі ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі (КВІ), не можа лічыцца афіцыйным падчас адбывання "хатняй хіміі". Таму жанчына спяшалася ўладкавацца хоць кудысьці. У выніку Валянціна Мядзведзь папрасілася на працу да Андрэя Чыжа.

Яна разумела, што, з'яўляючыся "хімікам", для працадаўцы яна будзе не самай камфортнай супрацоўніцай (прыходзіць і сыходзіць з працы трэба ў строга вызначаны час, дый наймальніка абавязваюць даваць справаздачы пра супрацоўніка — да прыкладу, штомесяц падаваць табель уліку працоўнага часу), жанчына распавяла працадаўцу аб усіх магчымых нюансах.

Калісьці Андрэй Чыж вучыўся ў адной школе з сястрой Валянціны, дый саму яе ён ведаў звонку, таму вырашыў дапамагчы ёй у няпростай сітуацыі: жанчына ў разводзе з мужам, выхоўвае 14-гадовую дачку, даглядае састарэлых бацькоў. Ейная родная сястра выхоўвае дзвюх дочак, без працы, таму вымушана была паехаць на заробкі ў Польшчу, а праз праблемы з дакументамі ёй цяпер тэрмінова патрэбная матэрыяльная дапамога. У выніку Валянціна, хоць ёй і самой несалодка, падтрымлівае сястру і сваіх пляменніц што моцы.

Андрэй Чыж узяў жанчыну на працу.

Графік, паводле якога Валянціна абавязалася прыходзіць і прыбіраць памяшканні і дваровую тэрыторыю на фірме, прадугледжваў працу з 8.00 да 10.30 — гэта 0,25 працоўнай стаўкі, за якую Валянціна мусіла атрымліваць заробак у памеры 102-104 беларускія рублі.

Жанчына папрасілася прыходзіць на працу раней — да 6-й гадзіны раніцы. З яе слоў, яна трошкі саромелася сваёй пасады, бо ў невялікай Бярозе ўсе яе ведаюць як добрую цырульніцу — і раптам яна і асуджаная, і прыбіральшчыца… Да таго ж у яе тлела надзея, што пасля першай працы, з 8.00 да 10.30, яна трошкі зможа папрацаваць і цырульніцай. Так жанчына хацела матэрыяльна падтрымаць сваю сям'ю, родную сястру і пляменніц…

Андрэй Чыж пагадзіўся. У жаданні Валянціны дапамагчы сваёй сястры і хоць неяк зарабіць мужчына не ўгледзеў нічога крымінальнага. Працадаўца склаў з Мядзведзь дамову, у якой было прапісана, што ў жанчыны плаваючы працоўны графік.Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: logosinfo.org

"Дамовілася прыходзіць на працу раней" прыраўнялі да "схіліла аформіць фальшывыя дакументы"?

Валянціна пачала прыходзіць на фірму з самага ранку, рабіць сваю працу, а потым, з 8.00 да 10.30, як пазначана ў дакументах, прадстаўленых ва КВІ АУС Бярозаўскага райвыканкама, падпрацоўвала цырульніцай.

Праз нейкі час на афіцыйнае месца працы Валянціны, у "Неакамень", прыйшоў ліст, у якім было паказана, што на карысць абражанага ёю міліцыянта Лішко неабходна ўтрымліваць пэўную частку з ейнага заробку. Агулам суд пастанавіў выплаціць супрацоўніку МУС 1 500 рублёў маральнай кампенсацыі. У выніку з заробку жанчыны ўтрымлівалі і пералічвалі міліцыянеру трошкі больш за 50 рублёў. Астатнюю частку заробку плюс яшчэ трошкі жанчына аддавала працадаўцу, бо яшчэ пазычыла ў яго для сястры 1 500 рублёў. Гэтыя грошы Валянціна спраўна вяртала Чыжу.

Праз нейкі час пацярпелы міліцыянер, якому, як яму здалося, штомесяц на рахунак прыходзіла замалая сума маральнай кампенсацыі, пачаў высвятляць, дзе і як працуе Валянціна. І даведаўся, што ў афіцыйны час жанчына працуе не ў паказаным месцы, а цырульніцай, а гэта парушэнне правіл адбывання пакарання ва ўмовах "хатняй хіміі".

У выніку Валянціну Мядзведзь абвінавацілі ў тым, што, "дзейнічаючы з карыслівых памкненняў, якія выяўляліся ў імкненні ажыццяўляць больш аплачваную працоўную дзейнасць", яна схіліла Андрэя Чыжа аформіць фальшывыя дакументы.

Самога ж Чыжа абвінавачваюць у тым, што "з карыслівай зацікаўленасці, якая выяўлялася ў імкненні атрымаць матэрыяльную выгаду ў выглядзе заработнай платы Валянціны Мядзведзь і дадатковых выплат з яе боку, а таксама з іншай асабістай зацікаўленасці, што выявілася ў жаданні аказаць паслугі сваёй знаёмай Мядзведзь, якая імкнулася ажыццяўляць больш аплачваную працоўную дзейнасць у свой працоўны час у ПГУП "Неакамень", склаў і выдаў ва КВІ Бярозаўскага райвыканкама заведама непраўдзівы табель выкарыстання працоўнага часу".

Абвінавачаная распавяла пра ціск на яе з боку міліцыі. Без выніку

Дзяржабвінаваўца спрабаваў высветліць, чаму Валянціна Мядзведзь наважылася парушыць умовы адбывання "хатняй хіміі".

"Чаму вы абыякава ставіліся да таго, што, фактычна выходзячы на працу а-й 6 гадзіне, вы парушаеце парадак умоў адбывання пакарання? Пры гэтым не паведамілі супрацоўнікам КВІ АУС Бярозаўскага райвыканкама пра тое, што ў вас памяняўся графік працы, што ён з'яўляецца зменным?" — задаў пытанне пракурор.

"Я не разумела, што гэта будзе такое ж парушэнне, як і ў вечаровы час, — спрабавала растлумачыць абвінавачаная. — <...> да мяне ў інспектараў заўсёды было прадузятае стаўленне. Папрасіць памяняць графік працы было б праблематычна".

"А вы спрабавалі?"

"Так! Так! Я спрабавала пару разоў <...>".

"Да каго канкрэтна вы звярталіся з пытаннем змены?"

"Да Стрыжа. Тэлефанавала Стрыжу, цікавілася. Катэгарычна не".

А вось як сітуацыю растлумачыў абвінавачаны Андрэй Чыж:

"Чалавек распавёў, што не выцягвае, што адпраўляе грошы сястры ў Польшчу, ейныя дзеці застаюцца на ёй. На ёй жа і састарэлыя бацькі, і непаўнагадовая дачка. Натуральна, трэба дапамагчы. Тым больш, чалавек працуе, адпрацуе гэтыя грошы. У мяне не было рызык. <...> Прыкладна можа праз месяц прыйшоў выканаўчы ліст, што трэба аплаціць маральную кампенсацыю гэтаму міліцыянту, якога яна абразіла, я зразумеў так гэта. І яна выклікалася, што будзе ўносіць гэту суму".

Дзяржабвінаваўца: "Гэта значыць, што бухгалтар нібы з заробку аднімала гэту частку грошай і перадавала судовым выканаўцам, так?"

Чыж: "І пералічвала".

Дзяржабвінаваўца: "Вы ў курсе былі наогул гэтых махінацый?"

Чыж: "А што вы тут лічыце махінацыяй?"

Суддзя: "Абвінавачаны Чыж, тут не вы задаяце пытанні".

Чыж: "Добра, давайце я буду адказваць".

Суддзя перарывае: "Не трэба".

Абвінавачаная Валянціна Мядзведзь распавяла, што падчас допытаў па гэтай справе на яе ціснулі супрацоўнікі міліцыі. Жанчына апісала прыкладны дыялог падчас допыту:

Супрацоўнік міліцыі: "Ты была на працы?"

Абвінавачаная: "Была".

"Калі была на працы?"

"Ад 6-й да 8-й".

"Зачыні рот! Калі ты павінна была быць па дамове на працы?"

Таксама жанчына расказала, што фактычна пратакол допыту запаўняла пад дыктоўку са слоў супрацоўнікаў міліцыі. Першы пратакол, паводле Валянціны, яны разарвалі. Пры гэтым у жанчыны зашкальваў ціск, балела і кружылася галава, ёй было млосна, але ёй не толькі не збіраліся аказваць дапамогу, а, наадварот, пагражалі, што з кабінета яна не выйдзе… Пры гэтым дома жанчыну чакала 14-гадовая дачка.

Сведка Жук (гэта супрацоўнік міліцыі, якога згадвала абвінавачаная) заявіў суду, што ён не прысутнічаў у кабінеце падчас допыту Валянціны Мядзведзь, не апытваў яе і ніякіх пісьмовых дакументаў не складаў.

Адвакат пацікавіўся ў Жука:

"Скажыце, ці існуюць у вас нейкія службовыя інструкцыі, якія маюць такія фразы: "Устаць, калі заходзіць начальнік АБЭП!"? Вы і вашы супрацоўнікі, якія знаходзіліся ў кабінеце, такія фразы не казалі?"

Жук растлумачыў, што адказвае толькі за сябе і што ён такога не казаў.

Адвакат: "Калі вы казалі Валянціне Мядзведзь фразу: "Я цябе пасаджу", што вы мелі на ўвазе?"

Жук працягнуў настойваць, што такога не казаў.

Пра ціск на Валянціну Мядзведзь расказала і сведка Наталля Герцэк. Жанчына пабачыла Валянціну Мядзведзь, калі яе прывезлі ў РУУС Бярозы пасля затрымання абвінавачаных:

"На яе крычалі некалькі чалавек. Над ёй стаялі і крычалі. Яна рыдала. Я ў такім шоку была, што падрабязна словы не запомніла. Але тое, што на яе крычалі, гэта факт".

Наталля Герцэк патлумачыла, што зрабілася сведкай ціску на абвінавачаную, бо дзверы кабінета, у якім дапытвалі жанчыну, былі адчыненыя, а яе — Наталлю — праводзілі міма гэтага кабінета.

"Чаму вы прызнавальныя паказанні давалі?" — запытаў суддзя ў абвінавачанай.

"Мяне адвялі ў сутарэнне, не было сувязі з адвакатам. Наогул не было ні з кім сувязі. Я тады вырашыла, што буду трымацца першай сваёй версіі. І калі я выйду ўжо адтуль і буду ў бяспецы, то паспрабую штосьці з гэтым зрабіць, таму што на той момант для мяне гэта было пекла. Я адчувала сябе закладнікам. Са мной маглі зрабіць усё што заўгодна", — адказала Валянціна.

23 сакавіка суд Бярозаўскага раёна прызнаў Андрэя Чыжа і Валянціну Мядзведзь вінаватымі ў здзяйсненні злачынстваў паводле ч. 1 арт. 427 КК "Службовая падробка".

Андрэя Чыжа пакаралі штрафам у памеры 350 базавых велічынь — 11 200 беларускіх рублёў. Валянціне Мядзведзь з улікам сукупнасці прысудаў у выніку прызначылі 3 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатняй хіміі"). Гэта значыць, што да папярэдняга прысуду жанчыне дадалі яшчэ 1 год "хатняй хіміі".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства