viasna on patreon

"Магутны прафілактычны сродак". Суд разгледзеў скаргу Наталлі Мацкевіч на пазбаўленне яе адвакацкага статусу

2022 2022-03-24T18:40:42+0300 2022-03-24T18:47:02+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/mackevich_2782.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

11 сакавіка 2022 года суддзя суда Маскоўскага раёна Мінска Вольга Гусакова адмовіла ў задавальненні скаргі адвакаткі Наталлі Мацкевіч на выключэнне яе з Мінскай гарадской калегіі адвакатаў. Мацкевіч была абаронцай Марфы Рабковай, Віктара Бабарыкі, Міколы Дзядка. Адхілілі Наталлю ад адвакацкай дзейнасці падчас слуханняў па справе супраць Сяргея Ціханоўскага — гэта адбылося незадоўга да спрэчак, а праз некалькі дзён Мацкевіч выключылі з калегіі, і судовы працэс працягваўся без яе.

Наталля Мацкевіч
Наталля Мацкевіч

Што з'яўлялася падставай для пазбаўлення адвакаткі ліцэнзіі?

Нагадаем, што з 13 кастрычніка мінулага года загадам міністра юстыцыі Наталля Мацкевіч была адхіленая ад ажыццяўлення адвакацкай дзейнасці, а ў дачыненні да яе была распачатая дысцыплінарная вытворчасць. Фармальнай прычынай для пазбаўлення Наталлі Мацкевіч адвакацкага статусу паслужылі шэраг прэтэнзій міністэрства, што датычыліся абароны па справе Віктара Бабарыкі. Так, адной з нагодаў ужывання санкцыі сталася "парушэнне парадку пры вытворчасці следчых дзеянняў", якое выявілася ў перарыванні следчага падчас растлумачэння ім правоў і абавязкаў абвінавачанага 20 чэрвеня 2020 года, а таксама ў вядзенні размоваў з іншым адвакатам падчас вочнай стаўкі 7 ліпеня 2020 года. Іншай прычынай, на думку кіраўніцтва адвакатуры, паслужылі нібы "неэтычныя паводзіны ў судовым пасяджэнні па справе Бабарыкі В.Д. 9 красавіка 2021 года, якія выявіліся ў тым, што на рэпліку адваката Крыловіча М.К., які з'яўляўся адвакатам сведкі Герашчанкі А.А. і звярнуў увагу на тое, што сведка адказваў на пастаўленае пытанне, Мацкевіч Н.В. заявіла, што адвакат сведкі не ўпаўнаважаны пярэчыць супраць дзеянняў бакоў і прасіла суд растлумачыць адвакату сведкі ягоныя магчымасці ў дадзеным працэсе".

25 кастрычніка дысцыплінарная камісія МГКА прыняла рашэнне аб ужыванні ў дачыненні да яе дысцыплінарнага спагнання ў выглядзе выключэння з калегіі адвакатаў з фармулёўкай "за сістэматычнае парушэнне патрабаванняў і ўмоў ажыццяўлення адвакацкай дзейнасці". Праз два дні Савет МГКА пастанавіў выключыць Наталлю Мацкевіч з МГКА.

Якія аргументы гучалі на судзе?

Скаргу разглядала суддзя суда Маскоўскага раёна Мінска Вольга Гусакова. Інтарэсы Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў прадстаўляла Іна Барысаўна Легчына, інтарэсы Мінскай гарадской калегіі адвакатаў — Яўгенія Віктараўна Патапава.

Наталля Мацкевіч абскарджвала рашэнне Савета Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў, які адмовіў у ейнай скарзе на рашэнне дысцыплінарнай камісіі МГКА. Асноўныя аргументы Мацкевіч: выключэнне яе з Мінскай гарадской калегіі адвакатаў паводле фактычных падставаў, адной з якіх з'яўляецца неправамернае абмежаванне права на свабоду выказвання меркавання (арт. 33 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, п. 2 арт. 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах), выключэнне яе з калегіі адвакатаў з'яўляецца адвольным умяшаннем у права на асабістае жыццё, гарантаванае артыкулам 28 Канстытуцыі і артыкулам 17 Пакта. Адпаведна, рашэнні дысцыплінарнай камісіі МГКА і Савета БРКА з'яўляюцца неправамернымі і парушаюць яе правы.

На судзе Легчына заявіла, што падчас дысцыплінарнай вытворчасці ў дачыненні да Мацкевіч былі выяўленыя тры парушэнні правіл прафесійнай этыкі, што прывяло да сістэматычнага парушэння прафесійнай этыкі і парушэння законаў аб адвакатуры.

Яна паказала, што на следчых дзеяннях Мацкевіч перапыняла следчага і парушыла правы адваката ў працэсе, паводле якіх адвакат "мае права рэагаваць толькі з дазволу следчага" і на заўвагу следчага, "паводле закону", адвакатка павінна была сказаць "прабачце, паважаны следчы". У судовым працэсе абаронца В. Бабарыкі "дапусціла неэтычныя паводзіны ў дачыненні да адваката Крыловіча", звярнуўшыся да суда з просьбай растлумачыць адвакату сведкі ягоныя магчымасці ў працэсе. А трэба было "адвесці яго якім-небудзь чынам, але не публічна выказваць, што калега не мае рацыі".

Выступаючы ад імя Мінскай гарадской калегіі адвакатаў, Яўгенія Патапава паказала, што пры ўжыванні спагнання ўлічвалася "спецыфіка дадзенай сітуацыі": крымінальная справа Віктара Бабарыкі была рэзананснай, і ў дадзеным выпадку "дзеянні адваката нават не праз лупу разглядаюцца, а пад мікраскопам". На пытанне Мацкевіч пра тое, з якой мэтай яе выключылі з калегіі адвакатаў, прадстаўніца БРКА паведаміла: "У дадзеным выпадку гэта магутная прафілактыка для тых адвакатаў, якія захоўваюць свае ліцэнзіі і ажыццяўляюць адвакацкую дзейнасць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь".

Аднак, на думку Мацкевіч, асноўнай мэтай пазбаўлення ліцэнзіі было забраць у адвакаткі магчымасць адстойваць прынцыповую пазіцыю ў працэсе падчас абароны Сяргея Ціханоўскага і пакаранне за такую самую пазіцыю падчас абароны Віктара Бабарыкі.

Мацкевіч мяркуе, што выключэнне з калегіі адвакатаў, адной з фактычных падставаў для якога з'яўлялася яе выказванне ў судзе, гэта абмежаванне яе права на свабоду меркавання, гарантаванага Канстытуцыяй Беларусі і Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах. Таксама Мацкевіч пазбавілі права практыкаваць прафесію, і гэта абмяжоўвае яе права на асабістае жыццё, бо паўплывала на рэпутацыю, заробак. Таму дадзенае рашэнне з'яўляецца ўмяшаннем у права на асабістае жыццё. І, паколькі гэтыя правы абмежаваныя неправамерна, то яны парушаныя.

Паводле Мацкевіч, Савет БРКА не прывёў у сваёй пастанове ніводнай нормы заканадаўства, якая б рэгулявала парадак следчых дзеянняў і якую яна парушыла. У пратаколах допыту і вочнай стаўкі таксама не адлюстравана, за што менавіта следчы рабіў заўвагі, а толькі ягоныя словы пра тое, што ён робіць заўвагу. Пры гэтым у КПК не паказана, што ў следчага ёсць права рабіць заўвагі, а значыць ён такога права не мае. Выснова пра тое, што Мацкевіч парушыла нейкі парадак, зроблены не на падставе закона, а на падставе незаконных дзеянняў следчага.

Што да судовага пасяджэння, то Правілы адвакацкай этыкі маюць адмысловую норму артыкул 64, згодна з якім пры неабходнасці запярэчыць супраць дзеянняў удзельнікаў працэсу адвакат павінен зрабіць гэта ў карэктнай форме і ў адпаведнасці з заканадаўствам. Выконваючы гэты абавязак, яна і запярэчыла на дзеянні адваката сведкі абвінавачвання, які паказваў на паўторнасць пытанняў абароны, прычым яна зрабіла гэта ў інтарэсах кліента, на падставе КПК і ў карэктных выразах.

Таксама экс-адвакатка настойвала на тым, што дысцыплінарнае спагнанне ўжытае пасля заканчэння тэрміну прыцягнення да дысцыплінарнай адказнасці і ў выніку адвольнага тлумачэння прыкметы сістэматычнасці дысцыплінарных правінаў.

На судзе Наталля адзначыла, што МГКА не прыняла да ўвагі, што ў той момант яна з'яўлялася адзінай абаронцай Ціханоўскага. Нагадаем, 24 чэрвеня 2021 года распачаўся судовы працэс па справе Сяргея Ціханоўскага ў Гомельскім абласным судзе. Працэс адбываўся у закрытым судовым пасяджэнні ў будынку СІЗА-3. Наталля Мацкевіч з канца ліпеня 2021 года да моманту адхілення яе ад ажыццяўлення адвакацкай дзейнасці абараняла Ціханоўскага адна. Адхіленне адбылося без папярэджання, пра яго яна даведалася ўвечары 12 кастрычніка. У тэрміновым парадку давялося ажыццяўляць замену абаронцы палітвязню на абаронцу, які не ўдзельнічаў у абсалютнай большасці судовых пасяджэнняў, а працэс пры гэтым працягваўся. У выніку абарона была фактычна падарваная да пэўнага моманту, пакуль яе не атрымалася аднавіць ужо ў адсутнасць Наталлі Мацкевіч.

Прадстаўніца Мінскай гарадской калегіі на судзе запярэчыла тым, што Мацкевіч пра гэта нават не паведаміла дысцыплінарнай камісіі. Мацкевіч адказала, што калі гэтага ў пратаколе іх пасяджэння няма, то гэтае пытанне не да яе. Паводле Наталлі, гэтыя факты былі вядомыя ўсім, і яна казала дысцыплінарнай камісіі, што ёй трэба як мага хутчэй вярнуцца ў працэс, таму што яе кліент [Сяргей Ціханоўскі] нервуецца. Аднак падрабязнасцяў яна не магла паведаміць, таму што гэта было закрытае судовае пасяджэнне.

Скарга Наталлі Мацкевіч на пазбаўленне яе адвакацкага статуcу будзе разгледжаная ў судзе

Адвакатка Наталля Мацкевіч, якая абараняла палітвязняў Марфу Рабкову, Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыку, Мікалая Дзядка, звярнулася са скаргай у суд на рашэнне аб выключэнні яе з Мінскай гарадской калегіі адвакатаў.

 "Калі нападаюць на адваката, то органы самакіравання не заўважаюць рэзананснай справы"

Наталля Мацкевіч у судовых спрэчках выказалася пра беларускія органы адвакацкага самакіравання:

"Функцыі органаў адвакацкага самакіравання палягаюць не ў тым, каб адвакатаў выключаць з прафесіі, а яны прызначаныя для абароны і адстойвання правоў адваката. З нагоды рэзананснасці справы Бабарыкі: калі журналіст Мукавозчык пісаў, што Мацкевіч нікчэмная, таму што яна спасылаецца ў спрэчках на нормы міжнароднага права, то ў гэтым выпадку і рэзананс справы, і словы Мукавозчыка, і мая персона вельмі мала цікавілі органы адвакацкага самакіравання і нікому гэта было не важна. Гэта значыць, калі нападаюць на адваката, то органы самакіравання не заўважаюць рэзананснай справы і таго, што пішуць у СМІ і сацсетках. Дарэчы, ні ў адной з сацсетак я не сустракала ніякіх адмоўных каментароў, акрамя слоў Мукавозчыка і што Мацкевіч нейкім чынам растаптала адвакацкі гонар карпарацыі. Наадварот, я і шматлікія іншыя адвакаты, якіх выключылі з калегіі апошнім часам, павялічылі прэстыж прафесіі, паказаўшы сваімі дзеяннямі, што яны могуць актыўна і прынцыпова адстойваць пазіцыю. Калі гэта тая цана, то добра.

Прадстаўніца МГКА спасылалася на тое, што грамадства разглядала ўсе дзеянні пад мікраскопам можа быць і так, але я атрымлівала толькі станоўчыя водгукі пра сваю працу. А аказваецца, што за неістотныя парушэнні мяне выключылі з прафесіі. Мноства міжнародных адвакацкіх супольнасцяў пісала лісты ў Міністэрства юстыцыі, у тэрытарыяльную калегію адвакатаў, у іх быў погляд звонку на тое, што адбываецца з адвакатурай і як неправамерна парушаюцца правы. Пра гэта было вядома і Міністэрству юстыцыі, і БГКА. Але не, гэта [аказалася] няважна, а важна тое, што невядомы орган, пра які нават не ведаюць органы самакіравання, напісаў праз паўгода і праз паўтара года пасля нейкіх падзеяў у Міністэрства юстыцыі ліст, і паводле гэтага ліста мяне рэзка адхіляюць ад вядзення адвакацкай дзейнасці. Нібыта мяне нельга падпускаць да кліентаў, проста ў той жа дзень трэба адхіліць ад вядзення адвакацкай дзейнасці, нягледзячы на тое, што справа [у судзе] ідзе і ўжо завяршаецца. Гэта агульны зрэз стаўлення органаў самакіравання да адвакатаў сёння.

Ні па адной з такіх жа спраў іншых выключаных адвакатаў судамі станоўчых рашэнняў не прынята было. Але гэта не абясцэньвае тыя аргументы, якія я прыводжу і не робіць неправамерныя дзеянні законнымі. Таму я цалкам падтрымліваю сваю скаргу і прашу яе задаволіць".

Таксама ў сваіх рэпліках Наталля Мацкевіч адзначыла:

"Наяўнасць правіл прафесійнай этыкі адваката згодная, гэта пэўныя дадатковыя абмежаванні да прафесіі адваката, таму што адвакат грае істотную ролю пры адпраўленні правасуддзя і адвакат з'яўляецца пасярэднікам паміж грамадствам і судамі, і таму на адваката глядзяць, і глядзяць таксама на тое, наколькі свабодна і эфектыўна можа адвакат выконваць свае абавязкі. І давер грамадства да судоў залежыць ад таго, наколькі адвакаты могуць працаваць у становішчы, свабодным ад пагроз, запалохвання, неапраўданага ўмяшання і ад таго, наколькі адвакацкая карпарацыя з'яўляецца інструментам іх абароны ці інструментам выканання волі дзяржаўных органаў.

Само існаванне правіл адвакацкай этыкі гэта натуральная рэч, асабліва калі б яны прымаліся самімі адвакатамі, а не дзяржавай, і калі б іх ужыванне ажыццяўлялі незалежныя органы. А я цяпер кажу пра залежную цалкам дысцыплінарную працэдуру саветаў і дысцыплінарных камісій, таму што ў іх уваходзяць адвакаты, якіх могуць у любы момант выклікаць на пазачарговую атэстацыю і пазбавіць статусу, і мы бачылі гэтаму прыклады. Калі правілы адвакацкай этыкі тлумачацца залежным органам і адвольным чынам, гэта і ёсць парушэнне свабоды слова адваката".

У выніку суд Маскоўскага раёна Мінска пакінуў скаргу Мацкевіч без задавальнення.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства