viasna on patreon

Хроніка палітычнага пераследу 20-24 студзеня Дапоўнена

2022 2022-01-24T15:29:00+0300 2022-01-24T17:01:46+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/lebedko_20170405_dsc3197_1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Рэпрэсіі супраць беларусаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады працягваюцца. 20-24 студзеня працягваюцца затрыманні грамадзян і правядзенні ператрусаў у іх, ціск на палітвязняў. Тэлеграм-чаты і каналы прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Ціск працягваюць ўжываць і на тых, хто ўжо сядзіць за кратамі. Праваабаронцы «Вясны» збіраюць апошнія факты палітычнага пераследу ў Беларусі.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Супраць палітыка Анатоля Лябедзьку завялі крымінальную справу

Анатоль Лябедзька. Фота БелаПАН

Анатоль Лябедзька заявіў, што супраць яго распачалі крымінальную справу. Пра гэта ён расказаў у відэа на сваім ютуб-канале.

«Маю жонку выклікаюць у РАУС Маскоўскага раёна Менска. У якасьці сьведкі па крымінальнай справе распачатай у адносінах да мяне. Які артыкул? Пакуль не ведаю, але мяркую, што яна можа быць такой жа як у блогераў Пятрухіна, Сьпірына ці ў палітыкаў Севярынца, Статкевіча».

Абразы Лукашэнкі, налепка на аўто. Затрыманні 19-22 студзеня

19 студзеня ў Высокім затрыманы Андрэй Дубіна. Як кажуць крыніцы, затрыманне адбылося пасля абмеркавання зменаў у канстытуцыю на прадпрыемстве «Высокаўскае ДРСУ-137». Па словах сведак, Андрэй выказаў прапанову па Канстытуцыі: «каб прэзідэнтне іог займаць пасаду не больш двух тэрмінаў, і каб вусатым і лысым забараніць удзельнічаць у выбарах». Цяпер яго абвінавачваюць у абразе прэзідэнта па арт. 368 КК.

У гэты ж дзень у Ашмянах у межах крымінальнай справы па арт. 368 КК (абраза прэзідэнта) затрыманы Ягор Багдзевіч.

Таксама 19 студзеня ў Пружанах затрымалі Таццяну Пуцік. Яе змясцілі ў пружанскі ІЧУ.

Затрыманні і ператрусы: хроніка пераследу 19 студзеня

У Мінску ў гэты дзень затрымалі Міхаіла Тумчонка і Георгія Шэнько.

20 студзеня ў Мінску затрымалі Таццяну Пархоменка, а таксама Яну Савіцкую. Прычыны і абставіны затрымання жанчын пакуль невядомыя.

21 студзеня ў Гомелі затрымалі Аляксея Гайшуна. Яго змясцілі ў ІЧУ. Раней ён затрымліваўся па адміністрацыйцы і цягам году яго выклікалі на прафілактычныя гутаркі. 21 студзеня ў Аляксея дома правялі ператрус. Пасля затрымання Гайшуна жонцы паведамілі, што яе мужу змянілі працэсуальны статус са сведкі на падазраванага, але крымінальны артыкул пакуль невядомы.

У Мінску ў гэты дзень затрыманы Артур Курэц. Прычына затрымання пакуль невядомая.

21 студзеня ў Гродне затрымалі журналіста, сябра БАЖ Міхася Карневіча. Паведамляецца, што за некалькі дзён да затрымання ён атрымаў рэдакцыйнае заданне «Народнай волі» падрыхтаваць матэрыял з лагера мігрантаў на беларуска-польскай мяжы. У рэдакцыі не ведаюць, дзе знаходзіцца журналіст.

Міхась Карневіч
Міхась Карневіч

22 студзеня ў цэнтры Мінска затрыманы Андрэй Грыцэвіч. Прычына затрымання — налепка на аўто «3 %». Пасля Ленінскага РУУС Мінска яго змяцсілі ў ІЧУ на Акрэсціна. Над ім чакаецца суд.

24 студзеня яго аштрафавалі на 800 рублёў за рэпост у сацыяльных сетках па арт. 19.11 КаАП. Яго вызвалілі пасля суда. 

На мяжы затрымалі жыхара Ліды Дзмітрыя Трафімчыка

Яго затрымалі пры перасячэнні беларуска-польскай мяжы за распаўсюджванне экстрэмісцкай інфармацыі (арт.19.11 КаАП). Ён прызнаў сваю віну і раскаяўся, піша @nebovkletku.


У Маскве затрымлівалі расіяніна, які пераследуецца ў Беларусі

22 студзеня ў 8:20 ў метро Масквы затрымлівалі Дзяніса Зорына. Ён грамадзянін Расіі, але мае часовы від на жыхарства ў Беларусі і жыў ў Верхнядзвінску на Віцебшчыне. У маскоўскім метро на яго апранулі кайданкі і сказалі, што ён у федэральным вышуку.

У Верхнядзвінску Дзяніса пасля петаруса ў сябе дома затрымлівалі на трое сутак 29 снежня 2020 года ў межах крымінальнай справы па арт. 369 КК за пост у сацсетках пра сілавікоў. 9 сакавіка ён з’ехаў у Расію, але крымінальная справа ў Беларусі супраць яго не закрытая. Пра сваё затрыманне Зорын напісаў кнігу «72 часа».

22 студзеня маскоўскія супрацоўнікі паліцыі пасля затрымання сказалі Дзянісу, што «яго, як і іншых расіян, адправяць у Беларусь — звычайная практыка». З маскоўскага аддзела паліцыі Дзяніса адвезлі ў Следчы камітэт г. Твер, дзе адбыўся допыт.

Цяпер Зорын знаходзіцца на волі.


Інфармацыйная прадукцыя інтэрнэт рэсурсаў «Наш Дом» і «Віцебскі кур'ер» прызнаная экстрэмісцкімі матэрыяламі.


На палітзняволенага актывіста Паўла Вінаградава ціснуць у жодзінскай турме

Павел Вінаградаў. Фото: 34mag.net
Павел Вінаградаў. Фото: 34mag.net

Праваабаронцам стала вядома, што на Паўла ў следчай турме №8 аказваецца ціск з боку адміністрацыі: яго паставілі на прафілактычны ўлік як «схільнага да экстрэмізму і іншай дэструктыўнай дзейнасці», а таксама на яго ўжо склалі некалі рапартаў за «парушэнне правілаў унутранага распарадку».

Нагадаем, блогера і акстывіста Паўла Вінаградава затрымалі 22 снежня 2021 года ў прыватным доме ў Беразіно. Вядома, што Павел стаў фігурантам крымінальнай справы па арт. 130 КК (Распальванне сацыяльнай варожасці), ч. 2 арт. 367 КК (Паклёп на прэзідэнта) і арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). 

Падтрымайце палітвязня: Следчая турма №8, 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А


«Патэлефанавала дадому дзецям, сказала: “Дзеці, бывайце!“», — Сяргей Маўшук хвалюецца за псіхалагічны стан палітзняволенай жонкі Алены 

Сяргей Маўшук, муж Алены, з іх дачкой Карынай. Фота: spring96.org
Сяргей Маўшук, муж Алены, з іх дачкой Карынай. Фота: spring96.org

Палітзняволеныя Сяргей Маўшук і яго жонка Алена Маўшук — фігуранты «пінскай справы». 30 красавіка суд асудзіў Сяргея да 6,5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, а Алену — да 6 гадоў калоніі агульнага рэжыму. На волі ў іх засталіся трое дзяцей, двое з каторых непаўнагадовыя.

Вядома, што на Алену ў калоніі аказваецца ціск: жанчыну пазбавілі ўсіх перадач і спатканняў з блізкімі. Алена знаходзіцца ў прыгнечаным псіхалагічным стане, а перыядычна ёй выносяць спагнанні.

У студзені яе муж Сяргей з лістоў ад дзяцей даведаўся, што Алена патэлефанавала і развіталася з імі:

«У Елены всё очень плохо и печально. Позвонила домой детям со слезами, сказала: «Дети, прощайте!». Беда! Чтобы хоть с собой чего не сделала».

Таксама Сяргей піша, што ў калоніі ў яго скралі канверты, таму ён просіць даслаць іх яму. Сам палітвязень здаровы, але хвалюецца за жонку і дзяцей. З Новым годам яго павіншавалі 45 чалавек. Апроч гэтага, віншаванні Сяргею даслалі нават з амбасады Вялікабрытаніі:

«Поздравили даже посольство Великобритании. Приятно знать и понимать, что помнят на таком высоком уровне».

Не забывайце класці пустыя канверты, маркі і паперу, каб яны змаглі адказаць на лісты салідарнасці.

Адрас для падтрымкі Алены: ПК №24. 247526, вул. Вытворчая, 44, г. п. Зарэчча, Рэчыцкі раён, Гомельская вобласць

Адрас для падтрымкі Сяргея: ПК №8, 211388, Віцебская вобл., г. Орша, вул. Леніна, 195А

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства