viasna on patreon

Новая справа футбольных заўзятараў у Мазыры. Гэтым разам – па паўтара года калоніі кожнаму абвінавачанаму

2022 2022-01-17T13:58:06+0300 2022-08-23T13:19:43+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/mazyr-zatrymanni-2021.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Затрыманні ў Мазыры футбольных заўзятараў. Скрыншот з відэа МУС

Затрыманні ў Мазыры футбольных заўзятараў. Скрыншот з відэа МУС

14 студзеня суд Мазырскага раёна вынес абвінаваўчы прысуд па справе Мікіты Сілівона і Максіма Куксачэнкі.Абвінавачаным інкрымінуюць па два крымінальныя артыкулы – па ч. 1 арт. 342 “Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх і па арт. 364 “Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў".

Падрабязнасцяў з залы суда мала, але вядома, што справа Сілівона і Куксачэнкі амаль аналагічная справе футбольных заўзятараў Даніілы Скіпальскага, Аляксандра Сузько, Паўла Дворака, Аляксандра Цімашэнкі і Кірыла Канапацкага.

Масавыя затрыманні футбольных заўзятараў у Мазыры

Пра 11 затрыманых у Мазыры 5 траўня паведамляла прэсавая служба МУС. Паводле версіі сілавікоў, 10 хлопцаў, якіх затрымалі 4 траўня з дапамогай ГУБАЗіКу і САХР, бралі ўдзел у масавых беспарадках у жніўні 2020 года. Яны з’яўляюцца ўдзельнікамі «каляфутбольнай групоўкі праварадыкальнай накіраванасці». Яшчэ адзін 54-гадовы затрыманы ў кола футбольных фанатаў не ўваходзіў, піша "Палеская Вясна". Прэсавая служба ГУУС Гомельскага аблвыканкаму ў сваім відэа заявіла, што затрыманыя 11 жніўня мінулага году выкарыстоўвалі супраць міліцыянтаў газавыя балончыкі, кідалі ў іх камяні.

Нагадаем, іх таксама абвінавацілі па ч.1. арт 342 і арт. 364 Крымінальнага кодэкса Беларусі.

Тады ж гэтую справу каментавала і былая прэс-сакратарка МУС Беларусі Вольга Чамаданава. Паводле афіцыйнай версіі, у жніўні 2020 года на бульвары Юнацтва у Мазыры агрэсіўна настроеныя асобы распылялі ў праваахоўнікаў газавыя балончыкі, кідалі ў іх камяні. У выніку адзін супрацоўнік пацярпеў, а службовыя аўтамабілі былі пашкоджаныя. Спыняць парушальнікаў прыйшлося папераджальнымі стрэламі ў паветра.

“Вядома, што дзесяць фігурантаў (ад 18 да 27 гадоў) ўваходзяць або раней ўваходзілі ў мясцовую каляфутбольны групоўку праварадыкальнай накіраванасці. Шасцёра з іх беспрацоўныя, яшчэ чацвёра - судзімыя за крадзяжы, рабаванні, хуліганства і ўхіленне ад мерапрыемстваў прызыву на вайсковую службу. Аднаму з падазраваных 54 гады, ён не ўваходзіць у групоўку", - распавяла тады прэс-сакратарка.

На самым першым судовым пасяджэнні па хадайніцтве дзяржабвінавачання працэс зрабілі закрытым для сваякоў, грамадскасці і журналістаў.

Што тычыцца цяперашняй справы Сілівона і Куксачэнкі, то вядома, што пракурор Ігар Пілановіч запрасіў для першага 3 гады калоніі агульнага рэжыму, для другога 3 гады папраўчай калоніі.

14 студзеня суд Мазырскага раёна прызнаў Мікіту Сілівона і Максіма Куксачэнку вінаватымі ў здзяйсненні злачынства па ч. 1 арт. 342 "Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх» і арт. 364 «Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў».

У выніку 17-гадоваму Максіму Куксачэнку прысудзілі 1 год і 6 месяцаў выхаваўчай калоніі, а 18-гадоваму Мікіту Сілівону 1 год і 6 месяцаў калоніі агульнага рэжыму. На абодвух у залі суда надзелі кайданкі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства