viasna on patreon

У Мінску пачаўся суд над салістамі фолк-гурта IRDORATH Уладзімірам і Надзеяй Калачамі Дапоўнена

2021 2021-12-10T10:02:00+0300 2021-12-10T14:27:44+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kalach-nadzeja-uladzimir-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Надзея і Уладзімір Калачы. Фота: Еўрарадыё.

Надзея і Уладзімір Калачы. Фота: Еўрарадыё.

Суд Савецкага раёна Мінска 9 снежня пачаў разгляд крымінальнай справы палітвязняў, удзельнікаў музычнага фэнтэзі-фолк гурта IRDORATH Уладзіміра і Надзеі Калач, якіх абвінавачваюць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.1 арт. 342 КК) і навучанні ці іншай падрыхтоўцы асоб для ўдзелу такіх дзеяннях, а роўна фінансаванні ці іншым матэрыяльным забеспячэнні такой дзейнасці (ч.2 арт. 342 КК).

Справу разглядае суддзя Аляксандр Якунчыхін, дзяржабвінаваўца – памочнік пракурора Вольга Емельянчанка.

Мужа і жонку Уладзіміра і Надзею Калачоў  і яшчэ 14 чалавек затрымалі 2 жніўня 2021 года на святкаванні дня народзінаў Надзеі.

Спачатку ўсіх вінавацілі ў непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі (арт. 24.3 КаАП) за тое, што не адчынілі вароты дома пад Мінскам. А потым стала вядома, што на шасцярых з іх завялі крымінальныя справы. Да суда Уладімір і Надзея ўтрымліваліся ў СІЗА №1 Мінска.

Прэс-служба МУС паведамляла, што «ў жніўні мінулага года група "дудароў" неаднаразова ўзначальвала калону пратэстоўцаў і з выкарыстаннем музычных інструментаў залучала ў несанкцыянаванае масавае шэсце грамадзян. Перформанс каардынатараў узмацняў пратэсны настрой удзельнікаў і штурхаў іх да супрацьпраўных дзеянняў у дачыненні да міліцыянтаў".

Пераслед гурта IRDORATH і іх сяброў: 12 чалавек арыштаваныя па крымінальных і адміністрацыйных справах, чатыры — аштрафаваныя

2 жніўня на лецішчы пад Мінскам затрымалі 16 чалавек, сярод якіх былі ўдзельнікі  музычнага фэнтэзі-фолк гурта IRDORATH. Затрыманне адбылося на святкаванні Дня народзінаў вакалісткі гурта Надзеі Калач.

Згодна з матэрыяламі следства, Уладзіміра і Надзею Калачаў абвінавацілі ў актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушалі грамадскі парадак, яўным непадпарадкаванні законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, перашкодзе руху грамадскага транспарту, здейсненымі групай асоб па папярэдняй змове. У справе некалькі эпізодаў – удзел у маршах пратэсту 16 жніўня, 6 верасня і 25 кастрычніка 2020 года.

"Атмасфера была святочна, усе ўсміхаліся”

Уладзімір Калач патлумачыў у судзе, што 16 верасня, даведаўшыя з сацыяльных сетак пра маючы адбыцца Марш, прыняў рашэнне разам з Надзеяй далучыцца да яго. Зтэлефанаваліся з музыкай Дзмітрыем Шыманскім (Дзмітрый быў затрыманы разам з Калачамі, мужчыну ужо асудзілі па арт. 342 КК да 3 гадоў “хіміі” – Заўв.).

“Паколькі мы заўсёды выступалі і выступаем супраць гвалту, узялі з сабой дуды і ўпрыгожылі іх кветкамі, каб падкрэсліць мірны характар шэсця. Сустрэліся каля плошчы Якуба Коласа з сябрамі, якія таксама ўзялі музычныя інструменты – дуды, гітары, бубны. Падыйшлі Пётр і Юля Марчанкі (палітвязні, затрыманыя разам з Калачамі, чакаюць суда – Заўв.).

"Агрэсіі ніякай не было, атмасфера святочная, усе вакол усміхаліся. Усе разам прайшліся праспектам Незалежнасці да плошчы Перамогі, потым па Пераможцаў калона пайшла да Стэлы. Патрабаванняў і папярэджанняў аб незаконнасці акцыі не чуў, бо гучала музыка. Далей шлях быў перакрыты і людзі павярнулі ў адваротны бок. Некалькі разоў выконвалі кампазіцыю Цоя “Перамен!”, а потым разыйшліся,”- патлумачыў ён у судзе.

Па падзеях 25 кастрычніка Уладзімір Калач адзначыў, гэта быў выходны дзень, людзі ішлі па вуліцы Янкі Купалы і Багдановіча, рух не перакрывалі. Музыкі ішлі напачатку калоны, выконвалі кампазіцыі і грамадскі парадак не парушалі.

І Уладзімір, і Надзея віну ў судзе прызналі толькі па частцы першай арт. 342, па частцы другой – навучанне і фінансаванне асоб да групавых дзеянняў – не прызналі.

Гурт Irdorath на Маршы
Гурт Irdorath на Маршы

“Выйшла таму, што выступаю супраць гвалту”

Надзеі Калач ставяцца ў віну тры эпізоды: удзел у акцыях пратэсту 16 жніўня, 6 верасня і 25 кастрычніка.

Пад час допыту ў судзе яна казала, што пра мерапрыемства даведалася з сацыяльных сетак, ведала, што шмат затрымлівалі людзей на папярэдніх акцыях, ведала пра гвалт, які чыняць сілавікі пры разгонах.

“16 верасня мы вырашылі далучыцца да Маршу, з сябрамі пра сустрэчу папярэдне не дамаўляліся, убачыліся ўжо на плошчы Якуба Коласа. Лозунгаў ніякіх не выкрыквала, у далоні не пляскала. Усвядоміла, што прымаю ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве не адразу, ды і то лічыла, што гэта падлягае адміністрацыйнай адказнасці ў горшым выпадку”, - казала яна ў судзе.

Паказанні Надзеі Калач мала чым адрозніваюцца ад паказанняў яе мужа Уладзіміра.

За час знаходжання пад вартай, а гэта чатыры з паловаяй месяцы, у яе пагоршыўся стан здароўя, патрэбна хірургічнай ўмяшальніцтва.

Суддзя Якунчыхін паведаміў, што у суд паступіў матэрыяльны пазоў ад прадпрыемства “Мінсктранс” і абвясціў перапынак для прыняцця рашэння і азнаямлення бакоў з пазовам.

У другой палове дня быў дапытаны сведка па справе, вывучаліся пісьмовыя матэрыялы.

Пракурор запрасіў два гады турэмнага зняволення для палітвязняў Надзеі і Уладзіміра Калачоў, лідараў гурта Irdorath.  Канчаткова прысуд  будзе агучаны 14 снежня, у аўторак, паведамляе by_culture.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства