#WeStandBYyou: Новыя хросныя для беларускіх палітвязняў
У межах кампаніі салідарнасці Libereco #WeStandBYyou сімвалічныя хросныя з’явіліся ў палітвязняў Таццяны Астроўскай, Андрэя Аўдзеева, Руслана Лінніка, Давіда Збаранскага, Андрэя Любецкага, Уладзіслава Карэцкага, Ганны Ільіной, Кацярыны Ткачэнкі і Сяргея Шэлеста.
Каця Койль, дэпутатка нямецкага Бундэстагу, патлумачыла сваё рашэнне зрабіцца “хроснай” Таццяны Астроўскай такім чынам:
«Шмат мужных людзей змагаюцца за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі яшчэ з мінулага лета, але рэжым Лукашэнкі сістэматычна душыць гэты рух. Многія апазіцыянеры, незалежныя журналісты і актывісты несправядліва трапляюць за краты, але мы не забыліся на іх і іх намаганні! Таму ў партнёрстве з “Libereco” я зрабілася хроснай Таццяны Астроўскай. Я патрабую неадкладнага вызвалення Таццяны і ўсіх іншых палітвязняў у Беларусі!»
Янік Буры — дэпутат нямецкага Бундэстагу, які стаў “хросным” палітзняволенага Андрэя Аўдзеева. Ён заявіў:
«Узяўшы на сябе ролю хроснага бацькі Андрэя Аўдзеева, я заклікаю да яго вызвалення і вызвалення ўсіх несправядліва зняволеных у Беларусі людзей. Я выказваю сваю павагу Андрэю Аўдзееву за яго мужнасць і адданасць у барацьбе за свабоду слова і дэмакратызацыю сваёй краіны. Разам з #WeStandBYyou я як парламентарый заяўляю аб сваёй салідарнасці з тымі, каго палітычна пераследуюць, і рашуча асуджаю парушэнне правоў чалавека ў Беларусі».
Сара Нані з'яўляецца дэпутаткай ад Партыі зялёных у нямецкім Бундэстагу і “хроснай” Руслана Лінніка. Яна сказала:
«Мужныя людзі ў Беларусі кожны дзень паказваюць нам, што значыць адстойваць свабоду, дэмакратыю і правы чалавека. Пры гэтым яны рызыкуюць сваёй свабодай і рызыкуюць стаць ахвярамі жорсткага абыходжання, гвалту і драконаўскіх турэмных прысудаў. Адзін з іх — Руслан Ліннік, відэаблогер, які знаходзіцца за кратамі ад пачатку 2021 года. Я зрабілася хроснай Руслана Лінніка, каб прадэманстраваць сваю салідарнасць з усімі нязгоднымі, каго спрабуюць прымусіць маўчаць. Заклікаю беларускія ўлады неадкладна вызваліць Руслана Лінніка і ўсіх іншых палітвязняў! Беларусь павінна спыніць масавыя парушэнні правоў чалавека і неадкладна падрыхтавацца да дэмакратычных, свабодных і справядлівых выбараў ды зладзіць іх».
Дэпутатка нямецкага Бундэстагу Вібке Эсдар, стаўшы “хроснай” Давіда Збаранскага, заявіла:
«Беларускі рэжым павінен неадкладна вызваліць Давіда Збаранскага! Мяне асабліва засмучае той факт, што гэта такі малады чалавек. На знак салідарнасці з ім і ўсімі людзьмі, якія знаходзяцца ў турме з-за іх адданасці дэмакратыі і свабодзе, я ўзяла на сябе ролю хроснай Давіда Збаранскага. Я заклікаю вызваліць усіх палітвязняў».
Армін Граў — дэпутат нямецкага Бундэстагу і хросны Андрэя Любецкага. Ён заявіў:
«Андрэй Любецкі рэалізаваў свае грамадзянскія правы, у тым ліку права на свабоду слова ў несвабоднай краіне. За гэта ён адседзеў за кратамі больш за паўгода, а судовы працэс дагэтуль не распачаты. Яго абвінавачваюць у «абразе прэзідэнта». Але гэта прэзідэнт Беларусі заняволіў і абражае свой народ. Я таксама доктар, як Андрэй Любецкі, і я захапляюся яго мужнасцю. Я салідарны з ім і патрабую яго неадкладнага вызвалення».
Шанталь Копф, дэпутатка нямецкага Бундэстагу ад Партыі зялёных, зрабілася “хроснай” Уладзіслава Карэцкага. Яна патлумачыла:
«У Беларусі не церпяць палітычных апанентаў, іх душаць і пераследуюць. Нягледзячы на гэта, Уладзіслаў Карэцкі выступіў за палітычныя перамены і за разнастайную і талерантную Беларусь. Я захапляюся яго мужнасцю і рашучасцю ў адстойванні сваіх палітычных поглядаў і выказваю яму сваю поўную падтрымку. Мне як дэпутатцы парламенту важна ўзяць на сябе гэтую ролю хроснай і паслаць сігнал салідарнасці з палітычна свядомым маладым чалавекам, які з'яўляецца прадстаўніком актыўнай грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнай апазіцыі. Як хросная маці і прадстаўніца дзяржавы, якая жыве згодна з дэмакратычнымі і канстытуцыйнымі прынцыпамі ды працэсамі, я заклікаю неадкладна вызваліць Уладзіслава Карэцкага, а таксама ўсіх палітвязняў у Беларусі».
Рыкарда Ланг з'яўляецца дэпутаткай нямецкага Бундэстага і намесніцай лідара Партыі зялёных, а таксама займаецца пытаннямі палітыкі ў дачыненні да жанчын. Яна стала хроснай Ганны Ільіной і заявіла:
«Сітуацыя на беларускай мяжы па-ранейшаму катастрафічная. Тыднямі людзі спрабуюць уцячы з Беларусі ў Польшчу. Патрэбная не толькі гуманітарная дапамога на месцах, але і больш жорсткія санкцыі супраць Лукашэнкі. Мы не павінны забываць, што людзей, якія выходзяць на вуліцы за дэмакратыю ў Беларусі, працягваюць беспадстаўна арыштоўваць. Сярод такіх людзей — Ганна Ільіна. Яна знаходзіцца за кратамі з канца ліпеня гэтага года і ўжо асуджаная на 3 гады за абразу прэзідэнта. Я стала яе хроснай у рамках кампаніі @liberecophr у падтрымку беларускіх вязняў. Я заклікаю вызваліць Ганну Ільіну і падтрымліваю ўсіх людзей, якія выступаюць за свабоду, дэмакратыю і сумленныя выбары ў Беларусі!»
Франсуа Пуантэ з Ліберальная партыі зялёных з'яўляецца чальцом Нацыянальнай рады Швейцарыі і намеснікам старшыні Камісіі па палітыцы бяспекі. Ён выказаўся з нагоды таго, што стаў “хросным” Кацярыны Ткачэнкі:
«Трэба спыніць практыку ілжывых абвінавачванняў, якімі прыкрываюць палітычна матываваныя затрыманні. Я заклікаю беларускі рэжым вызваліць Кацярыну Ткачэнку і ўсіх іншых палітвязняў. У Беларусі таксама павінны паважаць свабоду СМІ.»
Хросным бацькам Сяргея Шэлеста стаў дэпутат нямецкага Бундэстагу Ян-Ніклас Гезенхюс. Ён заявіў:
«Зняволенне мірных актывістаў у Беларусі непрымальнае! Удзел у забастоўцы не з'яўляецца злачынствам. Гэта рэалізацыя правоў чалавека на свабоду слова, сходаў і асацыяцый. Таму я заклікаю неадкладна вызваліць Сяргея Шэлеста і ўсіх астатніх палітвязняў, якія беспадстаўна ўтрымліваюцца ў беларускіх турмах. Правы чалавека з'яўляюцца універсальнымі і павінны паважацца ва ўсім свеце — у тым ліку і ў Беларусі.»
Нагадаем, 9 ліпеня, роўна за месяц да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, нямецка-швейцарская праваабарончая арганізацыя “Libereco — Партнёрства за правы чалавека” распачала кампанію салідарнасці з беларускімі палітвязнямі.
Кампанія пад назвай #WeStandBYyou заклікае да салідарнасці з усімі людзьмі ў Беларусі, якія імкнуцца да свабодных і сумленных выбараў, дэмакратызацыі краіны, вяршэнства закона і павагі да правоў чалавека. Усе, хто хоча падтрымаць ахвяраў палітычнага пераследу ў Беларусі, могуць зрабіць гэта ў сацыяльных сетках з дапамогай хэштэга #WeStandBYyou.