Хроніка палітычнага пераследу 2-3 снежня Дапоўнена
Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае факты палітычнага пераследу ў Беларусі за 2-3 снежня. Рэпрэсіі супраць беларусаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады перад рэферэндумам, які мае адбыцца, узрастаюць: іх па-ранейшаму затрымліваюць, праводзяць ператрусы і ўжываюць іншыя формы ціску на грамадзян. Тэлеграм-чаты і каналы прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і фарміраваннямі.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Затрыманні і масавыя ператрусы: хроніка пераследу на гэтым тыдні
У Бярозаўцы (Гродзенская вобласць) 3 снежня затрымалі незалежнага журналіста Юрыя Дзешука. Вядома, што яго павезлі ў Ліду. Прычыны затрымання пакуль невядомыя. Журналіста Юрыя Дзешука вызвалілі, узялі падпіску аб неразгалошванні.
У Камянцы з ператрусам прыйшлі да Алены Сацэвіч. Яе даставілі ў Камянецкае РАУС.
Паведамляецца, што сілавікі з "прафілактычнымі гутаркамі" прыходзяць да тых, хто ўдзельнічаў у якасці незалежных назіральнікаў на выбарых-2020. Праваабаронцам вядома пра мінімум два выпадкі 3 снежня.
З ператрусам сёння прыйшлі да сябра партыі "Зялёныя" Дзяніса Тушынскага. Пасля гэтага яго затрымалі. Затрыманне праводзілі супрацоўнікі АМАП і следчыя.
Таксама супрацоўнікі ГУБАЗіКа затрымалі Глеба Скуратава.
У Гродне ўчастковы затрымаў пенсіянера Віталя Міхарава. Мужчыну змясцілі ў ІЧУ Гродна.
Папаўненне ў спісе экстрэмісцкіх каналаў
Інфармацыйная прадукцыя Telegram-чата «Военный городок Уручье» прызнана экстрэмісцкімі матэрыяламі.
Тэлеграм-канал, сацсеткі, Youtube «Радыё Свабода» прызнаныя экстрэмісцкімі. Такое рашэнне прыняў суд Цэнтральнага раёна Мінска. Днямі быў затрыманы Андрэй Кузнечык — на "пакаяльным відэа" яго прымусілі сказаць, што ён адміністраваў тг-канал РС.
Міністэрства ўнутраных спраў 3 снежня экстрэмісцкім фарміраваннем прызнала групу грамадзян, якая аб'ядналася з дапамогай інтэрнэт-рэсурсаў «Фонд салідарнасці BYSOL / Belarus solidarity foundation», уключаючы структурныя падраздзяленні «voices from belarus» і «Digital Solidarity».
У Беларусі абмежавалі доступ да сайту арганізацыі «Міжнародны цэнтр грамадскіх ініцыятываў «Наш дом». Адпаведную пастанову вынес генпракурор.
У Гомелі за заклікі да пратэстаў затрыманы вядучы мясцовай радыёстанцыі
У Гомелі затрымалі 35-гадовага вядучага радыёстанцыі "Гомель FM" за заклікі да парушэння грамадскага парадку. Раней у сетку злілі перапіску гамяльчаніна ў адным з закрытых чатаў, да затрымання ён прасіў прабачэння за яе ў сябе ў Instagram.
Як паведамляе МУС, на гамяльчаніна выйшлі аператыўнікі ГУБАЗіК. Яны ўстанавілі, што ён размяшчаў тэкставыя і галасавыя паведамленні з «заклікамі да незаконнага збору грамадзян у грамадскіх месцах Гомеля, арганізоўваў групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікам улады».
У дачыненні да яго ўзбуджаная крымінальная справа, па якім канкрэтна артыкуле не ўдакладняецца, як і абраная мера стрымання.
МУС апублікавала "пакаяльнае відэа" з затрыманым — гэта Аляксей Каверын, які працаваў на Радыё "Гомель FM". Каверын да нядаўняга часу працаваў на радыё, цяпер яго імя няма ў спісе супрацоўнікаў.
Інфармацыя дапаўняецца і абнаўляецца.