viasna on patreon

"Слёзы на вачах, бо не можаш дапамагчы". Экс-арыштантка распавяла пра камеру №15 ЦІП на Акрэсціна ў пачатку кастрычніка

2021 2021-12-02T15:29:56+0300 2021-12-02T15:35:13+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/hands_help.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сёлета пры канцы верасня 51-гадовую мінчанку арыштавалі на 12 сутак за рэпост у закрыты тэлеграм-чат паведамлення з канала "BYPOL", які ўлады прызналі экстрэмісцкім. Таксама ў яе за гэта канфіскавалі тэлефон iPhonе. Арышт мінчанка адбывала ў ЦІП на Акрэсціна. 90 вошай у бяздомнай суседкі, 11 чалавек у двухмеснай камеры №15, амаль два тыдні без перадач, душа і прагулак — гэта тое, што яна перажыла за гэтыя 12 сутак. Пры гэтым жанчына ўзгадвае вялікую салідарнасць беларусак-сукамерніц: чаяванне з цукеркамі ад кашлю, жменька арэхаў на ўсю камеру ў гонар святаў, кавалачак сыру на васьмярых. Былая арыштантка распавяла “Вясне” пра ўмовы ўтрымання ў ЦІП на Акрэсціна ў канцы верасня-пачатку кастрычніка.

КДБ прыйшоў на працу 

Як распавядае мінчанка, сілавікі прыйшлі па яе проста на працу: тэрмінова выклікаў дырэктар у кабінет. Як кажа мінчанка, з мінулага месца працы яе звольнілі за "актыўную дзейнасць у якасці сяброўкі ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі". Паводле жанчыны, калі сёлета пачалі адбывацца паўторныя затрыманні і "звальненні па спісах", яна разумела, што, магчыма, прыйдуць і да яе.

"Рыхтавацца да таго, што могуць прыйсці, напэўна, немагчыма. Ці можна проста зарабіць параною".

23 верасня мінчанку да сябе выклікаў дырэктар. Насустрач ёй выйшлі два мужчыны ў масках, паказалі пасведчанні супрацоўнікаў КДБ і паведамілі ёй, што яна з'яўляецца падазраванай па справе. Аднак паведаміць адразу, у якой менавіта, жанчыне адмовіліся. Мінчанку павезлі да яе на кватэру рабіць ператрус.

"Пры гэтым супрацоўнікі паводзіліся досыць ветліва. Забралі два тэлефоны са стала, а таксама папярэдзілі, што я магу не хвалявацца і, магчыма, я яшчэ прыеду сёння на працу. Вывесці спачатку хацелі праз чорны ход чамусьці, але вывелі ў выніку праз звычайны.

Дома шукалі сімволіку — не знайшлі. Забралі дзве бабіны стужкі белага і чырвонага колераў, якія былі набытыя для пакавання падарункаў і проста для дома. Таксама забралі ўзоры-напамінкі, якія засталіся, — як запаўняць лісты для збору подпісаў. Ноўтбук адразу забралі. Увогуле, не знойдучы дома нічога для сябе цікавага, яны павезлі мяне на гутарку. Як аказалася, у РУУС. Яшчэ падчас ператрусу адзін з супрацоўнікаў, праглядаючы мой тэлефон, знайшоў рэпост з канала "BYPOL". Спытаў, ці ведаю я, што гэта экстрэмісцкі канал і рэпост забаронены. Я адказала, што ведаю".

Як пазней высветлілася, ператрус праводзіўся ў межах крымінальнай справы паводле артыкула 289 Крымінальнага кодэкса — "акт тэрарызму".

"Тады гэта было пекла. Нельга быць маральна гатовым, як бы ты сабе гэта ні тлумачыў. Можа быць, і ёсць людзі, якія гатовыя да такога — не ведаю. Мяне трэсла ўвесь час. У мяне проста быў шок, калі ты не разумееш, дзе ты і што робіш.

З'язджаючы з дома, мне сказалі, што магу не пераапранацца, хутка вярнуся. У выніку я прыехала ў РУУС у спадніцы, белым швэдры, жоўтым паўпаліто і ботах".

"Навошта адпраўляла пасылкі тым, хто ў СІЗА?"

Мінчанка распавядае, што ёй задавалі пытанні падчас ператрусу і ў машыне па дарозе ў РУУС. Пыталіся пра мінулую працу, з кім кантактуе, ці распаўсюджвае інфармацыю пра страйк і "BYPOL". У РУУС, кажа жанчына, супрацоўнікі КДБ правялі з ёй невялікі допыт: калі і з якой мэтай уступіла ў план "Перамога", ці распаўсюджвала інфармацыю пра яго сярод працаўнікоў, навошта адпраўляла пасылкі тым, хто ў СІЗА.. 

"Не пачуўшы адказаў, якія іх задавальнялі б, мяне адправілі да супрацоўнікаў Першамайскага РУУС, якія склалі пратакол за рэпост з "экстрэмісцкага" канала "BYPOL".

Шэсць гадзінаў у "стакане" ў РУУС

Пасля складання пратаколу паводле арт. 19.11 КаАП жанчыну адправілі ў камеру пры РУУС чакаць этапу ў ІЧУ.

"Камера прыблізна 2х2, бетонныя сцены, без вокнаў, з бетоннай лаўкай. У камеры пакінулі ў маіх рэчах, забраўшы толькі цёплы шалік (паводле тэхнікі бяспекі, нельга доўгі шалік). Сядзець было немагчыма, замярзала попа, таму я галоўным чынам хадзіла ці прысядала, каб сагрэцца. У камеру мяне прывялі каля 15-й гадзіны, на ІЧУ адправілі каля 21-й".

Перад "засяленнем" у ІЧУ мінчанка прайшла агляд, распрананне, прысяданні ў голым стане, хуткае (амаль скорагаворкай) апытанне медыкам, змяшчэнне ў "стакан" — бетоннае памяшканне памерам метр на метр. Там яе пратрымалі каля паўгадзіны, але жанчына так і не зразумела, з якой мэтай яе там трымалі. Пасля гэтага яе перамясцілі ў двухмесную камеру.

"У ёй была драўляная двухпавярховая шконка без матрацаў і пасцельнай бялізны. Ноч у ІЧУ прайшла пры ўключаным святле. Сном назваць складана — ты проста правальваешся і ўсё. Як была ў спадніцы, швэдры і паўпаліто, так і спала. Раніцай паднялі, далі грэчку. Суд быў прызначаны на 14:00. За гэты час тройчы перавялі з камеры ў камеру".

"На судзе  "загнаны ў кут звярок" 

Паводле жанчыны, суд яна чакала некалькі гадзінаў і ўвесь гэты час не верыла, што яе могуць арыштаваць. 

"Суд прайшоў імгненна, я такога майстэрства скорагаворак, якім валодала суддзя Ліннік, даўно не чула. Я прызнала віну, аднак суд пастанавіў: 12 сутак арышту, канфіскацыя тэлефона, які быў яшчэ ў растэрміноўцы. На судзе была дачка і сяброўкі. Яны сказалі, што ў такім стане мяне ніколі не бачылі: проста загнаны ў кут звярок".

Камера №15: "Ад бяссілля моўчкі глынаеш слёзы"

Пасля 21-й гадзіны мінчанку прывялі ў сумнавядомую камеру №15 у ЦІП на Акрэсціна.

"Гэта двухмесная камера, у якой на той момант ужо былі чатыры чалавекі: Насця Кандрацьева-Крупеніч, бяздомная жанчына і яшчэ дзве жанчыны. Дзяўчынкі потым узгадвалі: адчыняюцца дзверы — і ўваходзіць дама ў доўгай спадніцы, жоўтым паўпаліто, белым швэдры.

Дзяўчынкі сустрэлі вельмі цёпла: далі шкарпэткі, штаны спартовыя, майку як ручнік. Распавялі пра правілы, прынятыя ў "хаце": двойчы на дзень прыборка па чарзе. Дзяўчынкі вылучылі мне зубную шчотку, якая засталася ад ранейшых дзяўчынак, бутэльку для вады, таксама з захаваных запасаў".

Праз пару гадзінаў у двухмеснай камеры стала шэсць чалавек.

"Спалі мы на падлозе, таму што двух'ярусная шконка была ў выглядзе кратаў з плоскіх металічных пласцін. На першым ярусе спала жанчына, у якой было аперыраванае калена, таму яна не магла спаць на падлозе.

На шконку яна рассцілала некалькі кофтаў і ўкладвалася, займаючы больш-менш зручнае становішча. Пасля такога сну ўсё цела было ў сіняках. Каб павярнуцца, яна дзвюма рукамі трымалася за поручні і са стогнам пераварочвалася. А ў цябе слёзы на вачах, таму што дапамагчы не можаш, і ад бяссілля проста моўчкі глынаеш слёзы".

Дзесяць пунктаў з распарадку дня не выконваліся

Праз дзень у камеру прывялі яшчэ 75-гадовую жанчыну — цяпер сталася сем чалавек. Мінчанка падрабязна распавядае, што з імі адбывалася ў гэтай камеры:

"Святло ў камеры гарэла 24/7. Акрамя таго, кожныя 15 хвілінаў на працягу сутак у вочка камеры зазіраў дзяжурны. Уначы былі праверкі: а 2-й і 4-й ночы.

На сцяне вісеў распарадак дня, які ўключаў 15 ці 16 пунктаў, але фактычна з іх выконваліся пяць ці шэсць: тры прыёмы ежы, прыборка, праверка. Душ і прагулкі за мае 12 сутак адсутнічалі. Прычым заўсёды нашы просьбы пра душ ці прагулку сканчаліся зневажальным каментаром кшталту "вядома, можна ў душ, толькі трубу прарвала". Абяцалі заўтра, але заўтра адказ такі самы. Аналагічна і наконт прагулак: "Можна, толькі там то халодна, то асфальт падняўся", то яшчэ нейкая абсурдная прычына.

У камеры было цёпла і вельмі душна. Праветрывання не было ад слова "зусім". Часам нам дазваляў дзяжурны пакінуць прыадчыненую кармушку. І часам на ноч пакідалі прыадчыненай, але ўначы з яе так цягнула паветрам, прабіраючыся па спіне, што баяліся застудзіць.

Паколькі ў душ не вадзілі, мы прыстасаваліся да мінімальных працэдур у туалеце, выкарыстоўваючы бутэльку з вадой. Бялізну сваю мылі ў ракавіне і раскладвалі на верхняй шконцы. Калі быў вечаровы і ранішні шмон, наглядчыкам, напэўна, адмысловы кайф дастаўляла скінуць гэта ўсё на падлогу".

Дасталі ў бяздомнай Любы за раз 90 вошай

Як распавядае жанчына, ціск на іх у "палітычнай" камеры ажыццяўлялася праз бяздомных жанчын, якія мелі вошай:

"Самае непрыемнае было, калі да нас у камеру прывялі яшчэ двух бамжоў. Адна — Люба — ужо была. Разам тры. Адна з іх — знакамітая Ала Іллінічна. Першаму бамжу мы чысцілі галаву, таму што ў дзяўчынак завяліся вошы і гніды. Мы выпрасілі ў медпрацаўніка сродкі, якімі апрацавалі галовы дзяўчынкам і бяздомнай жанчыне, якая была з намі першапачаткова. Акрамя гэтага, у яе былі адзежныя вошы, якія водзяцца ў адзенні. Я прасіла адправіць на пражарку адзенне, але ніхто яго не адправіў. Праз гэта наш дзень складаўся з таго, што мы па некалькі разоў правяралі адна адной вошай. Першы раз у Любы мы дасталі 90 вошай. Бяздомных жанчын мы не пускалі на сваю палову".

Бяздомныя не разумелі, нашто так здзекавацца і зневажаць людзей

Паводле былой арыштанткі, туалетную паперу жанчынам тады яшчэ выдавалі, але агульную сітуацыю з туалетам гэта не вырашала. 

"Наогул туалет у ЦІП — дадатковы від знявагі. У дзвюх сукамерніц быў разлад страўніка і яны па паўдня не выходзілі з туалета. Вы ўяўляеце, што гэта такое? Калі ўсё бурліць, усе гукі — гэта ўсё на ўсю камеру. Дзяўчынкі спрабавалі занюхваць зубной пастай, хтосьці заціскаў пальцамі нос. Жанчыны выходзілі са слязьмі на вачах, таму што проста сорамна і непрыемна. У адной бамжыхі быў шок ад гэтых усіх [дрэнных] умоваў. Яна ніяк не магла зразумець, нашто так здзекавацца і зневажаць людзей. Нават для іх гэта было незразумела".

Чаяванне з цукеркай, адзначэнне святаў жменькай арэхаў

"Да нас у камеру прывялі дзяўчыну, затрыманую на Маршы. Яна ў нас гадзіны дзве пабыла літаральна. І паколькі не было ахоўніц-жанчын, то яе не дапытвалі, і яна прыйшла з пакетам рэчаў, у якім быў кавалачак сыру. Яна гэты сыр падзяліла на восем частак — атрымалася трошкі больш, чым памер пазногця, на кожную. Мы ўзялі гэты сыр і паклалі на языкі, каб адчуць ягоны смак. Яна гэта пабачыла — у яе пырснулі слёзы, і ў нас слёзы навярнуліся. Таму што яшчэ некалькі дзён таму ты мог сабе дазволіць пайсці набыць любога сыру ў краме, а тут цешышся любому кавалачку.

Яшчэ ў той час нам перадавалі лекі. І ў нас было шмат таблетак для рассмоктвання, ад кашлю. Мы кожны раз прасілі выдаць нам па чатыры таблеткі на дзень. Мы іх збіралі і аднаго разу зладзілі чаяванне з цукеркай. Звычайнаму чалавеку гэтага не зразумець, а тады гэтая таблетка ад кашлю была смачнейшай за любы слодыч.

1 кастрычніка мы адзначалі дзень пажылых людзей і ў Насці [Кандрацьевай-Крупеніч] была гадавіна сумеснага жыцця з мужам [ён таксама быў пад арыштам]. Яна цудам захавала ў сябе жменьку арэхаў. І вось яна пачаставала нас чвэртачкай грэцкага арэха, палавінкай арахіса і палавінкай міндаля. Мы віншавалі адна адну, як на свяце. І мы смакавалі гэтыя арэхі, трымалі іх у роце, рассмоктвалі і павольна жавалі, каб прачуць смак іншай ежы і іншага жыцця".

"Калі мне адчынілі дзверы і вывелі, то на вуліцы ў мяне здарылася жудасная істэрыка"

"Сядзець было вельмі складана. У камеры нас было заўсёды каля 11 чалавек. Ратавала толькі тое, што сядзяць аднадумцы. Калі мы ў камеры пачыналі смяяцца, то падляталі ахоўнікі да камеры і пачыналі стукаць па дзвярах.

Калі казаць пра тое, як я перанесла гэтыя 12 сутак, то проста сціскаешся ў спружыну і намагаешся не думаць, колькі табе засталося. Думаеш, як пражыць толькі гэты дзень. Вельмі баялася выхаду, таму што вельмі шмат было "каруселяў", калі на людзей складалі паўторныя пратаколы, як у выпадку Насці Крупеніч. Мне было вельмі страшна. Унізе мяне трэсла, пакуль быў агляд. На выхадзе мне аддалі ўсе перадачы, якія мне прыносілі.

Калі мяне вывелі і сказалі прайсці трошкі, дзе мяне сустрэне іншы ахоўнік, я думала, што мяне зараз павядуць у наступныя дзверы назад на ЦІП і я не выйду. Гэта было пекла. Але калі мне адчынілі дзверы і вывелі, то на вуліцы ў мяне здарылася жудасная істэрыка.

Некалькі дзён я баялася выходзіць з дома. Пасля гэтага дома не жыла, а была ў знаёмых за горадам. Дома было знаходзіцца страшна. Потым я з'ехала з Беларусі".

Пратэст камеры №15: за што змагаюцца жанчыны, якія абвясцілі галадоўку ў ЦІП на Акрэсціна

У двухмеснай камеры №15 у ЦІПе на Акрэсціна з вечара 3 лістапада галадаюць дзесяць жанчын. Прычын хапала і да гэтага: больш за год арыштантам не перадаюць перадачы, у душ і на шпацыр не водзяць, камеры перапоўненыя, лекі не выдаюць, а неабходную медыцынскую дапамогу ў сувязі з COVID-19 не аказваюць.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства