viasna on patreon

За ўдзел у вераснёўскім маршы мінчука асудзілі да трох гадоў "хіміі"

2021 2021-11-30T17:48:43+0300 2021-11-30T18:03:10+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/marsh_adzinstva.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Марш Адзінства, Мінск, 6 верасня 2020. Фота: spring96.org

Марш Адзінства, Мінск, 6 верасня 2020. Фота: spring96.org

30 лістапада ў Заводскім судзе Мінска вынесены прысуд 31-гадоваму Арцёму Заблоцкаму. Яго прызналі вінаватым паводле ч.1 арт.342 Крымінальнага кодэкса і прысудзілі да трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ — "хіміі". Справу разгледзеў суддзя Алег Каляда, бок дзяржабвінавачання падтрымаў памочнік пракурора Заводскага раёна Мікіта Савіцкі. Мужчыну вызвалілі ў зале суда. Тэлефон Заблоцкага канфіскаваны на карысць сплаты доўгу, арышт з шортаў мужчыны зняты.

Яго прызналі вінаватым у тым, што 6 верасня 2020 года ён прыняў удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак: стаяў у счэпцы па вул.Леніна, выходзіў на праезную частку на пр-це Незалежнасці, а таксама шэрагу іншых вуліцаў.

Што казаў абвінавачаны?

Арцём Заблоцкі мае 2-гадовую дачку, працуе мантажнікам. Мае судзімасць: тры месяцы арышту паводле арт.339 Крымінальнага кодэкса.

Мужчына прызнаў віну часткова. Ён распавёў, што ў той дзень выходзіў на праспект Незалежнасці, дзе бачыў шмат людзей — ад ГУМа да плошчы Перамогі, а транспарту не было. Таксама ён прызнаў, што стаяў у счэпцы і апазнаў сябе па фотаздымку. Ён сказаў, што летась разводзіўся з жонкай, таму ў нядзелю паехаў у Лошыцкі парк. Аднак каля прыпынку ля Камвольнага камбінату ўбачыў шмат людзей і вырашыў далучыцца. У транспарце ён чуў, што мерапрыемства санкцыянаванае. Таму на той момант ён лічыў, што не здзяйсняе нічога супрацьзаконнага, а зараз усвядоміў віну. 

Арцёма затрымалі праз год: 22 верасня 2021 года, дома правялі вобшук, падчас якога нічога не знайшлі — забралі джынсавыя шорты, у якіх ён быў на фотаздымку.   

Што з пазовам "Мінсктранса"?

Інтарэсы "Мінсктранса" на паседжанні прадстаўляла юрысконсульт прадпрыемства Святлана Бацькова. "Мінсктранс" выставіў 22 тысячы 500 рублёў і 65 капеек шкоды. Калі адвакат абвінавачанага запытаўся ў Святланы, адкуль атрымалася такая сума, юрыстка распавяла, што ўсе разлікі прыкладзеныя да справы. Абаронцу таксама цікавіла, якую колькасць людзей па гэтым эпізодзе ўжо асудзілі і якая колькасць пазову сплочаная, а таксама якім чынам канкрэтнаму чалавеку прад'явілі такую суму. Бацькова адказала, што такой інфармацыі ў яе няма: ёй паведамілі пра суд за 30 хвілін да ягонага пачатку, пазоў вылучыў пракурор, а прадпрыемства — толькі падтрымала. Пазней яна хадайнічала аб тым, каб пазоў быў вылучаны ў асобную грамадзянскую справу. Заблоцкі быў гатовы пакрыць шкоду, але толькі часткова.

Нагадаем, што гэта не першы раз, калі Святлана Бацькова прадстаўляе інтарэсы "Мінсктранса" у судзе па палітычна матываваных крымінальных справах. Менавіта яна ў тым ліку выступала на судзе, паводле якога палітвязень Дзмітрыя Кубарава. мусіць выплаціць на карысць «Мінсктрансу» 45 181 рублёў 42 капейкі. Тады яна заяўляла, што Кубарава абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў, а, значыць, ён «арганізаваў блакіроўку руху на ўсіх 107 маршрутах па ўсім Мінску». 

У матэрыялах справы — шорты

Падчас паседжання былі прагледжаныя фота і відэа з маршаў, на якіх у счэпцы абвінавачаны пазнаў сябе, а таксама — разгледжаныя рэчавыя доказы па справе: шорты і тэлефон Заблоцкага. 

На судзе ў якасці сведкі выступіла маці Арцёма Заблоцкага: яна распавяла, што ў ейнага сына залатыя рукі. Да справы далучаная і станоўчая характарыстыка абвінавачанага з месца працы. Праз гэта, а таксама тое, што ягоны падабаронны "спатыкнуўся першы раз", ён папрасіў не абмяжоўваць волю Заблоцкага і прысудзіць яму штраф. Памочнік пракурора Савіцкі папрасіў для Заблоцкага тры гады абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ: суддзя пагадзіўся з пакараннем. Пазоў "Мінсктранса" будзе разгледжаны ў грамадзянскім парадку. 

У апошнім слове Заблоцкі сказаў, што разумее, што мусіць панесці пакаранне, але хацеў бы правесці час са сваёй сям'ёй. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства