viasna on patreon

«Мы марым жыць на сваёй сядзібе, гадаваць сына, займацца сваёй справай». Маналог жонкі палітвязня

2021 2021-11-09T15:11:12+0300 2021-11-09T16:25:32+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/galkouski_3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Навуковага супрацоўніка Аляксандра Галкоўскага асудзілі на 1,5 гады «хіміі» паводле дыфамацыйнага артыкула 368 Крымінальнага кодэкса. У апошнім слове ён заўважыў: «Бок абвінавачвання мне інкрымінуе, што я, на мове арыгіналу, «преступник» — чалавек, які пераступіў закон. Для мяне як для беларуса гэта не зразумела, таму што па-беларуску пераклад гучыць як «злачынец» — чалавек, які ўчыніў зло. Мне незразумела, якое ж такое зло я ўчыніў сваімі дзеяннямі на сваёй прыватнай сядзібе, на зямлі,  якую я набыў за свае ўласнаруч заробленыя грошы і дзе ўсё пабудаваў сваімі рукамі».

Зараз Аляксандр паехаў адбываць пакаранне ў ПУАТ №9, дома яго чакаюць жонка Наста і сын Альгерд. «Вясна» публікуе маналог жонкі палітвязня, у якім яна распавядае пра тое, як ён будаваў дом для сям’і, як умее зацікавіць экскурсіяй, а таксама пра страшны дзень затрымання.

“Калі нечага не разумее, не пужаецца, а разбіраецца і робіць”

Алеся многа ў чым выхавала фізічная праца на гаспадарцы ў вёсцы, якую ён змалку выконваў, дабрыня маці, спевы і захапленне краязнаўствам бацькі. Ён такі і ёсць – гаспадарлівы, добры, чуллівы і з вялікай любоўю да Беларусі, да беларускай мовы, гісторыі, культуры.

Калі для яго штосьці важна, ён зробіць усё, каб гэтага дасягнуць. Так ён паабяцаў “учапіцца за мяне” і праз паўгода пасля знаёмства мы ажаніліся. Так, калі прыйшоў працаваць у Музей старажытнабеларускай культуры ў Акадэмію навук, яму даручылі стварыць новую экспазіцыю і ён вельмі хутка яе стварыў з дапамогай валанцёраў. Зрабіў хутка, якасна, з густам. І праз увесь час працы там не толькі выконваў свае абавязкі, але і дапамагаў заўсёды чым мог – з рамонтамі, нешта недзе павесіць, запакаваць, перанесці і г.д.

У Алеся залатыя рукі – за два гады ён адзін пабудаваў дом. Тады наш сын быў зусім маленькі і частыя хваробы ўперамешку з працай не заўсёды давалі мне магчымасць прыехаць. Сама “каробка” атрымалася яшчэ хутчэй, але трэба ж было разабрацца з камунікацыямі, унутраным аздабленнем, мэбляй – і ўсё, за што ён ні браўся, у яго выходзіла. А рабіў ён гэта ўсё, адзначу, упершыню. Больш за ўсё ён баяўся электрыкі, але таксама, як і з іншымі пытаннямі, вывучыў youtube, тэматычныя сайты і сам усё зрабіў – праект і ўстаноўку. І так з усім. Праект дома таксама рабіў сам. У нашым доме ўся мэбля акрамя канапы зробленая яго рукамі – табурэткі, сталы, паліцы, шафы, ложкі, свяцільнікі. Ён такі, што калі нечага не разумее, не пужаецца, а разбіраецца і робіць. Гэта вельмі важная яго рыса.

galkouski_2.jpg
Алесь на сядзібе разам з сынам Альгердам

Дома ў нас раўнапраўе па прынцыпе “хто свабодны і мае жаданне, той робіць”. Ён можа ўсё – гатаваць, мыць падлогу, прасаваць, мыць посуд, адвесці сына ў садок. Для таго, каб я лішні раз адпачыла, ён гатовы рабіць больш за мяне. Смяецца, што манатонная праца яго супакойвае. І вельмі любіць парадак ва ўсім.

Вельмі любіць сына. Галоўныя іх агульныя забаўлянкі – гэта падурэць і пазаймацца спортам (яшчэ змалку залазіў бацьку на спіну, калі той рабіў адцісканні). Альгерд гэта вельмі любіць і ўвесь час просіць і тое, і тое. Сын шануе, што тата зрабіў яму цэлы свой пакой у доме, драўляныя мячы, самалёты, арэлі. На сядзібе нават пабудаваў яму домік “на ножках”, збіраецца рабіць розныя лазалкі.

У адносінах з сябрамі і знаёмымі Алесь надзейны памочнік: ахвотна дапамагае тым, у каго ў жыцці здарыліся нейкія праблемы. Нешта дапамагчы фізічна, грашыма, прадуктамі – перад ім ніколі не стаяла пытанне, рабіць ці не. Прывяду просты прыклад: аднаго разу ўзімку ён раней вярнуўся з працы, пабачыў, як жанчына ў гадах прыбірае снег ля дома і пайшоў ёй дапамагаць. Або хтосьці захварэў, або згубіў працу – ён ніколі не заставаўся ўбаку.

“Навучыўся зацікавіць экскурсіяй і бабуль, і школьную малечу з некалькіх класаў”

Скончыў Алесь Інстытут культуры, па спецыяльнасці гісторык-музейшчык. І па сваёй справе ён ведае багата. Яшчэ падчас вучобы добра сябе зарэкамендаваў на практыцы ў розных музеях Мінска і ў Магілёве. Хацеў застацца ў Мінску, але па размеркаванні трапіў у Клімавічы Магілёўскай вобласці, у раён, з якога родам. Там працаваў у краязнаўчым музеі, быў адказным за ахову гісторыка-культурнай спадчыны раёна, вісеў на дошцы пашаны і атрымліваў даволі багата дыпломаў. Там навучыўся зацікавіць экскурсіяй і бабуль, і школьную малечу з некалькіх класаў; удзельнічаў у Фэсце экскурсаводаў, прыдумваў з іншымі супрацоўнікамі музея новыя праекты і цікавосткі, каб заахвоціць людзей прыходзіць у музей.

Пасля, як мы ажаніліся, пераехаў у Мінск, перавёўся на працу ў Акадэмію навук. Адказваў за так званы Чарнобыльскі аддзел: за кожным супрацоўнікам у музеі быў замацаваны нейкі аддзел, а гэты быў вольны. І экспазіцыю новую стварыў, як я ўжо згадвала, і неўзабаве выступіў складальнікам кнігі-каталога экспанатаў свайго аддзела. А аддзел гэты складаецца з прадметаў вясковага побыту беларусаў, якія апынуліся ў зоне адсялення: супрацоўнікі музея праз невялікі час пасля трагедыі ездзілі экспедыцыямі ў тыя мясціны і літаральна з-пад колаў бульдозера (дамы ў многіх вёсках раўнялі з зямлёй) выцягвалі абразы, ступы, бочкі, куфары і многае іншае, рабілі першасную апрацоўку гэтых прадметаў ад радыяцыі ды везлі іх у музей.

“Аднойчы я вярнулася з бальніцы, а ўся падлога ў нашым доме ўсыпаная пялёсткамі”

Нашая з Алесем гісторыя даволі сучасная і імклівая: у снежні 2014-га ён вычапіў мяне ў ВК у нейкай суполцы, звязанай з беларускай культурай, завязалася перапіска, потым пачалі стэлефаноўвацца, пасля прыязджалі адно да аднаго і ўжо ў ліпені 2015-га распісаліся.

На самым пачатку нашых стасункаў Алесь мне сказаў, што вельмі важна не маўчаць. Калі ёсць нейкая праблема паміж людзьмі, якія адно аднаго кахаюць, гэтую праблему трэба прагаварыць і вырашыць. І вось гэтага прынцыпу (часам з маленькімі збоямі) мы прытрымліваемся. Падоўгу гамонім, абмяркоўваем усё важнае, што зачапіла за дзень, спрачаемся.

Алесь вельмі рамантычны. Вячэры пры свечках, нечаканыя сюрпрызы – гэта нашае ўсё. Так, аднойчы я вярнулася з бальніцы, а ўся падлога ў нашым доме ўсыпаная пялёсткамі. Ён вельмі любіць рабіць свята ў звычайны несвяточны дзень.

galkouski_4.jpg
На вёсцы ў бацькоў Алеся

Што я магу сказаць пра тое, што важна нам абаім? Вядома, ёсць нейкія рэчы, якія нас адрозніваюць, але галоўныя каштоўнасці аднолькавыя, таму мы, думаю, і разам: для нас важная сям’я, наш дом, мы любім і шануем Беларусь, яе традыцыі і гісторыю, для нас важна тое, што адбываецца ў нашай краіне і нашы погляды на гэты конт цалкам супадаюць. Дарэчы наконт Беларусі – мы вельмі марым паездзіць разам па многіх яе куточках, і я думаю, гэта ў нас яшчэ наперадзе!

Да таго як набылі ўчастак, мы ездзілі ў паездкі, хадзілі на розныя мерапрыемствы ў Мінску ўсёй сям’ёй. Потым ужо болей бавілі выходныя на сядзібе на свежым паветры. Дзе ўладкоўвалі дом, дзе адпачывалі, праводзілі час сям’ёй і з сябрамі.

Мы марым жыць на сваёй сядзібе, гадаваць сына, займацца сваёй справай. У Алеся вельмі ладзіцца праца з дрэвам, хацелася б рухацца ў гэтым кірунку. Ну, і каб заўсёды было поўна гасцей – родных і сяброў!

“А тата там не памрэ з голаду?”

Наш сын амаль ад самага затрымання таты ведаў, што адбываецца. Спачатку я не ўяўляла, што яму сказаць, а потым на фоне размоваў і эмоцый дарослых ён задаў дзеду, майму бацьку, пытанне: “А тата там не памрэ з голаду?”, і бацька мне параіў сур’ёзна і праўдзіва з сынам пагутарыць, што я і зрабіла. Так і з “хіміяй” – сказалі, што гэта не турма, тата будзе жыць і працаваць у іншым горадзе, мы зможам да яго прыехаць, але ён некаторы час да нас не зможа.

Алеся мы з сяброўкамі правялі на “хімію” ў Віцебск 16-га кастрычніка, пасля праз тыдзень прыязджалі разам з імі і сынам на сустрэчу. Тэлефануем адно аднаму штодня, часам і па відэасувязі, увесь час спісваемся: ад “добрай раніцы” да “дабранач”. Вядома, нам з сынам не хапае яго, а яму нас, але мы заўсёды на сувязі, і гэта ратуе. Сын малюе тату малюнкі, адпраўляе яму смайлікі з майго тэлефона, гутарыць з ім. Яшчэ не прайшло шмат часу, і пакуль такое адчуванне, што Алесь паехаў на сядзібу, у камандыроўку ці да бацькоў на вёску…

“Ведаю: што ты робіш чалавеку, тое потым вернецца да цябе”

Пра тое, што нешта здарылася, я даведалася ў ноч з 27-га на 28-е лютага. Напярэдадні ў пятніцу паехала з сынам у Маладзечна, а Алесь на сядзібу з сябрамі адзначаць Масленіцу. З ім мы не паехалі проста таму, што на свяце не было дзяцей, сыну было б сумна, да таго ж даўно абяцала наведаць бацькоў. Увечары я не датэлефанавалася да мужа, але не пераймалася: хай адпачывае, мо гучна грае музыка, мо ён дзесьці на дварэ і не чуе. А ўначы званок ад суседа: “Ты толькі не пужайся, яго затрымалі”. Амаль да раніцы я не магла заснуць, калаціла, нібы ад жудаснага холаду, было адчуванне, што ўсе органы ўнутры, выбачайце, перамяшаліся. 15 сутак, на якія асудзілі Алеся, прайшлі ў нейкім тумане паміж перадачамі ў Маладзечанскае ІЧУ, паездкамі ў Мінск і на сядзібу, паходамі да адваката, у СК.

Падчас сутак на Алеся была заведзеная крымінальная справа. Мы доўга ламалі галаву над тым, за што, але ж… Так камусьці было трэба – каб дваццаць пяць дарослых разумных людзей затрымалі як быццам бы за несанкцыянаванае масавае мерапрыемства на прыватнай, падкрэслю, тэрыторыі. Камусьці трэба было зрабіць наводку на людзей, якія святкавалі Масленіцу і смажылі шашлыкі, каб потым гэтых людзей судзілі, аштрафавалі, пасадзілі. Каб хваляваліся і плакалі іх сем’і, каб кагосьці потым звольнілі з працы. Каб потым майму мужу начамі без адваката прадстаўнікі сілавых структур малявалі нашу будучыню: “Ты загрыміш надоўга ў турму, твая жонка паедзе ў Гомельскую жаночую калонію, а сын – у дзіцячы інтэрнат”. Каб потым траім мужчынам з чысцюткімі біяграфіямі абмежавалі волю. Хтосьці ж зрабіў гэта – дзеля грошай ці пад ціскам, я не ведаю. Ведаю толькі, што, як падкрэслівалі ўсё тры адвакаты на судзе, віна нікога недаказаная. І ведаю: што ты робіш чалавеку, тое потым вернецца да цябе.

galkouski_8.jpg
Алесь за працай над шахматным столікам

Як я ўяўляю паўтара года, на якія разлучылі нашу сям’ю? Мы будзем падтрымліваць адно аднога, далей спісвацца, званіць, сустракацца. Вядома, момантамі апаноўваюць эмоцыі, але ж усе мы людзі, як без іх? Аднак дакладна мы станем мацнейшымі і нашая любоў, нашае каханне – таксама. Нядаўна Алесь прайшоў  медкамісію і з 4-га лістапада працуе на пілараме, дзе робяць паддоны. Паціху ўсё ўладкоўваецца – настолькі, наколькі гэта магчыма там.

“Усе мы адна вялікая сям’я, і калі ў кагосьці праблема, яна чапляе ўсіх”

Наконт салідарнасці хачу сказаць, што я, мабыць, ніколі да яе не прывыкну. Як падтрымалі сябры, знаёмыя, калегі і нават незнаёмыя людзі нашу сям’ю тады, калі Алеся адправілі на суткі, і падтрымлівалі ўвесь час і працягваюць гэта рабіць, немагчыма апісаць словамі. Гэта лішні раз пераконвае ў тым, што ўсе мы адна вялікая сям’я і калі ў кагосьці праблема, яна чапляе ўсіх. Гэта лішні раз паказала мне, які ў мяне цудоўны муж, што яго усе так любяць.

Мы стэлефаноўваемся з маці Алеся, яна хвалюецца, як ён там, як мы тут без яго. Я кажу, што мы даем рады і ўсё ў нас будзе добра. Спадзяюся, гэта крыху супакойвае яе.

galkouski_6.jpg
Разам з сынам на стадыёне каля дома

У Алеся цяпер няма электроннай пошты, яму можна пісаць звычайныя лісты. Казаў, прыйшла першая паштовачка з вершам ад незнаёмай дзяўчыны, ён вельмі парадаваўся. Любая ўвага – яна як светлы праменьчык. Можна пісаць пра ўсё, што заўгодна. Ну, а калі пра тое, чым ён цікавіцца, то гэта беларуская культура, гісторыя, а таксама ўсё, што звязана з будаўніцтвам на прыватным участку, яго добраўпарадкаваннем, вырабамі з дрэва.

“Хімія” уяўлялася чымсьці больш страшным”

Пра ўмовы ўтрымання магу сказаць, што “хімія” ўяўлялася чымсьці больш страшным. Адразу яму не ставала месца на ўсе рэчы, але потым асвоіўся, знайшоў. Прадузятага стаўлення да Алеся няма, ён звяртаецца да ўсіх па-людску і тое ж атрымлівае ў адказ. Распавядае, што некаторыя навокал сталі ўжываць беларускія словы і менш мацюкаюцца ў яго прысутнасці. Некаторыя моманты нагадваюць войска: дзяжурствы, прыборкі і тое, што нельга ляжаць удзень на ложку. Як, мабыць, усіх палітычных, яго паставілі на прафілактычны ўлік, таму ў вольны ад працы час ён мусіць штогадзіну быць на шыхтаванні. У краму заходзіць пасля працы па дарозе на "хімію". Бачыцца можна хоць штодня, з 12-й да 16-й. Але адлегласць і праца ў буднія дні, канешне, не спрыяюць частым сустрэчам.

Усё, што ў Алеся было з сабой, і тое, што перадавалі пасля, было прынята. Сустрэліся мы з ім без ніякіх перашкодаў у прыёмны час на тэрыторыі “хіміі”. Адно што размаўляць можна або на “вахце”, дзе катастрафічна мала месца і ўсе туды-сюды ходзяць, або на вуліцы. Тое, што няма памяшкання для сустрэч, тлумачыцца каранавірусам. А на вуліцы ўжо халодна, калі мы прыехалі на сустрэчу, ішоў снег, было вільготна, мы правялі разам дзве гадзіны і жудасна змерзлі. Пакуль не зусім уяўляю, колькі часу мы зможам правесці разам на сустрэчах узімку, марознымі днямі.

Падтрымаць Алеся лістамі, паштоўкамі, тэлеграмамі можна па адрасе:

Папраўчая ўстанова адкрытага тыпу №9. 210034, г. Віцебск, вул. 3-я Чэпінская, 39

Аляксандр Аляксандравіч Галкоўскі

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства