viasna on patreon

У АБСЕ запусцілі Венскі механізм у дачыненні да Беларусі

2021 2021-11-05T19:02:21+0300 2021-11-05T19:04:13+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/abse-2107.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

35 дзяржаваў-сябраў АБСЕ ініцыявалі запуск Венскага механізму ў сувязі з сур'ёзнымі парушэннямі правоў чалавека ў Беларусі, піша reform.by. Адпаведны ліст быў накіраваны Андрэю Дапкюнасу, пастаяннаму прадстаўніку Беларусі пры АБСЕ. Тэкст ліста апублікаваны на сайце МУС Вялікабрытаніі.

У лісце гаворыцца, што краіны, якія падпісалі яго, па-ранейшаму заклапочаныя сур'ёзнымі парушэннямі правоў чалавека ў Беларусі. Яны нагадваюць, што летась у дачыненні да Беларусі быў запушчаны Маскоўскі механізм, у межах якога Вольфганг Бенедэк прадставіў сваю справаздачу. У ёй адзначалася, што выбары 2020 года не былі свабоднымі і справядлівымі, а сілавікі сістэматычна парушалі правы чалавека і асноўныя свабоды. У справаздачы таксама ўтрымліваўся шэраг рэкамендацый беларускім уладам.

"Пасля публікацыі справаздачы ў межах Маскоўскага механізму амаль год таму сітуацыя ў Беларусі пагоршылася. Нашы дэлегацыі неаднаразова заклікалі беларускія ўлады выканаць рэкамендацыі справаздачы. Мы таксама заклікалі беларускія ўлады прыняць прапановы дзейснага старшынства, былога і дзейснага старшыняў, аб спрыянні сапраўднаму нацыянальнаму дыялогу паміж беларускімі ўладамі і прадстаўнікамі апазіцыі і грамадзянскай супольнасці", — гаворыцца ў лісце.

Падпісанты са шкадаваннем адзначаюць, што беларускія ўлады не выканалі рэкамендацыі і не скарысталіся прапановамі АБСЕ дзеля вырашэння крызісу.

Паколькі беларускія ўлады не прадэманстравалі здавальняючы адказ на справаздачу па Маскоўскім механізме і сітуацыя за апошнія 12 месяцаў толькі ўзмацняе занепакоенасць, 35 краін-сябраў АБСЕ запускаюць Венскі механізм. Краіны называюць некалькі пунктаў, якія іх найбольш турбуюць:

  • свабода мірных сходаў,
  • свабода СМІ,
  • адвольныя і несправядлівыя затрыманні і арышты,
  • пераслед прадстаўнікоў апазіцыі,
  • катаванні,
  • міграцыя.

У межах Венскага механізму падпісанты патрабуюць, каб беларускія ўлады адказалі:

  • ці рабіліся захады па расследаванні паведамленняў пра абмежаванні свабоды сходаў, адвольныя затрыманні і арышты,
  • ці рабіліся захады па расследаванні паведамленняў пра катаванні і жорсткае абыходжанне,
  • ці рабіліся захады па расследаванні паведамленняў пра злачынствы на глебе нянавісці, у тым ліку выкарыстанне дзяржаўных СМІ і праўладных акаўнтаў у сацсетках дзеля ўзбуджэння гвалту,
  • ці рабіліся захады для забеспячэння грамадзянскай супольнасці і прадстаўнікам СМІ свабоды дакументаваць і паведамляць пра парушэнні правоў чалавека,
  • якія захады былі прадпрынятыя ўладамі, каб паказаць, што яны не спрыяюць нерэгулярнай міграцыі,
  • як улады супрацоўнічалі з інстытутамі АБСЕ і рэагавалі на занепакоенасць, выказаную гэтымі інстытутамі,
  • ці былі зробленыя рэальныя захады для кантакту з апазіцыяй, незалежнай грамадзянскай супольнасцю і праваабаронцамі.

Венскі механізм АБСЕ — метад працы АБСЕ ў галіне чалавечага вымярэння па ініцыятыве краін-удзельніц, які ўключае абмен інфармацыяй паміж краінамі-ўдзельніцамі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства