БЧБ-бранзалеты, вокладка пашпарту з «Пагоняй» і «экстрэмісцкія» рэпосты: за што судзілі беларусаў у кастрычніку
Больш за год штодзённа ўлады Беларусі працягваюць «барацьбу» з беларусамі, якія да гэтага часу выказваюць актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады. Іх затрымліваюць, а ў іх дамах праводзяць ператрусы і канфіскоўваюць тэхніку. Апошнім часам хваля рэпрэсій накрыла тых, хто перасылае навіны ў асабістыя паведамленні іншым людзям з так званых «экстрэмісцкіх» каналаў. Беларусаў затрымліваюць на працы, перад пачаткам хакейнага матчу, дома і нават у кавярні. Іх абвінавачваюць у «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў», «хуліганстве», «непадпарадкаванні міліцыянтам» і «несанкцыянаваных пікетаваннях». У кастрычніку беларускія суддзі паспелі асудзіць мінімум 65 чалавек, шасцярых з каторых пакаралі штрафамі на агульную суму 5 360 беларускіх рублёў (185 базавых велічыняў), і мінімум 59 чалавек арыштавалі агулам на 892 сутак. Больш за палову з іх пакаралі па арт. 19.11 КаАП – распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць. «Вясна назірае» традыцыйна склала спіс самых дзіўных і недарэчных прычын, па якіх беларусаў адміністрацыйна пераследавалі ў кастрычніку.
16-гадовага хлопца аштрафавалі за рэпосты з «экстрэмісцкіх» каналаў
У сярэдзіне лета дадому да 16-гадовага студэнта каледжа прыйшлі з ператрусам, пасля якога ў хлопца канфіскавалі тэлефон. У яго прыватных перапісках міліцыянты знайшлі рэпосты з некалькіх «экстрэмісцкіх» каналаў: «BYPOL», «Беларусь головного мозга», «МотолькоПомоги», «Luxta». За гэта ў Маскоўскім РУУСе на яго склалі пратакол па арт. 19.11 КаАП (распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць). На судзе студэнт прызнаў сваю віну і растлумачыў, што не ведаў пра тое, што ўсе гэтыя каналы прызнаныя «экстрэмісцкімі», таму проста дзяліўся з сябрамі навінамі. У выніку, суддзя Маскоўскага раёна Мінска Сяргей Кацар пакараў 16-гадовага хлопца штрафам у памеры 290 рублёў (10 базавых).
Сям’ю кінулі за краты пасля ператрусу
Раніцай 27 кастрычніка да сям’і Гілеўскіх у Мінску прыйшлі сілавікі і выламалі дзверы. Дома правялі ператрус, пасля якога Ксенію і Ягора павезлі ў Першамайскі РУУС. Пратаколы па арт. 24.3 КаАП на жонку і мужа склалі нібыта за адмову адчыніць дзверы. У матэрыялах справы было шмат памылак, але суддзя Анастасія Кулік не звярнула на іх увагі. Ксенію суд пакараў 10-сутачным арыштам, а Ягора — 15-сутачным.
Ксенія Гілеўская — навуковая супрацоўніца лабараторыі мікра - і нанаструктураваных сістэм Інстытута хіміі новых матэрыялаў НАН. Вядома, што 29 кастрычніка яна павінна была ляцець на канферэнцыю ў Сеул ад Акадэміі Навук.
Арыштавалі за БЧБ-стужкі на люстэрках у машыне
29 кастрычніка ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска да 15 сутак па ч. 1 арт. 24.23 КаАП асудзілі 45-гадовага індывідуальнага прадпрымальніка Вадзіма Сарафанава.
Мужчыну затрымалі днём 28 кастрычніка на вуліцы Адзінцова. Згодна з пратаколам, Сарафанаў, «у неўстаноўлены перыяд часу з мэтай публічнага выказвання сваіх грамадска-палітычных інтарэсаў правёў несанкцыянаванае пікетаванне шляхам размяшчэння на люстэрку задняга віду ў аўтамабілі Land Rover стужачкі бел-чырвона-белай расфарбоўкі».
Па матэрыялах справы, супрацоўнікі міліцыі выявілі стужачкі ў машыне яшчэ 19 кастрычніка, але затрымалі мужчыну толькі праз дзевяць дзён. На судзе Вадзім Сарафанаў растлумачыў, што стужку павесіў у сваёй машыне яшчэ ў 2011 годзе, адразу пасля таго, як набыў аўтамабіль. Стужачку яму падарыла ягоная бабуля разам з абразамі. Па словах мужчыны, «БЧБ-стужка – гэта больш хрысціянскі знак, чым палітычны» і «думак палітычна яе выкарыстоўваць» у яго не было. «Усе нашы святары носяць на расе такія ж адрозненні. І вісела яна ў мяне ў машыне разам з двума старымі абразамі, якія падарыла бабуля». Але для суддзі Марыі Ярохінай гэтыя довады апынуліся непераканаўчымі: яна расцаніла стужкі ў машыне як несанкцыянаванае пікетаванне і арыштавала мінчука на 15 сутак.
Днём раней у Фрунзенскім судзе за гэта ж «правапарушэнне» аштрафавалі 34-гадовую Яўгенію Зарубайка. У суд яна прыйшла па позве. Пратакол па арт. 24.23 КаАП на Яўгенію склалі яшчэ 11 кастрычніка. Суддзя Юлія Блізнюк падчас паседжання звярнула ўвагу, што дзяўчыну неаднаразова спрабавалі выклікаць да участковага. Але Зарубайка адзначыла, што выклікі больш паходзяць на пагрозы.
"Или завтра вы будете на Притыцкого, 108 ГОМ-1 Фрунзенского РУВД, или вас ждёт арест".
"Копия протокола вам будет направлена по почте. Сам протокол может быть рассмотрен и без Вас. Вы сами так решили".
"Материал проверки у меня. До рассмотрения протокола в суде я имею право вас задержать и содержать до суда. Если это будет сегодня вечером, то до утра. Если это будет пятница, то до понедельника. Ждите. Обязательно за вами приду".
"Грустно будет, когда суд вынесет решение об аресте на 15 суток. Кто ребенка в школу поведет? Жду вас завтра в 8 Притыцкого 108. Это последняя возможность для вас".
Акрамя гэтага Яўгенія прадаставіла суддзі скрыншоты, на якіх бачна, што ўчастковы выдаліў гэтыя паведамленні. Ва ўпраўленне дзяўчына так і не пайшла, бо позву ёй не даслалі. Яна адмаўляе сваю віну, бо нават не разумее ў чым яе абвінавачваюць.
Фота БЧБ-стужак на люстэрку ў машыне, якое далучылі да матэрыялаў справы, наогул чорна-белыя, таму немагчыма сцвярджаць, што яны менавіта бел-чырвона-белыя. Але суддзя Блізнюк палічыла ўсё ж такі віну Яўгеніі даказанай і аштрафавала маці непаўналетняга дзіця на 2900 рублёў (100 базавых велічыняў).
Арыштавалі перад пачаткам хакейнага матчу за вокладку пашпарта з «Пагоняй»
23-гадовы Уладзіслаў Фёдараў 14 кастрычніка прыйшоў у «Мінск-Арэну» на хакейны матч «Дынама-Мінск» — «Спартак». Падчас агляду рэчаў у хлопца знайшлі пашпарт з вокладкай, на якой быў намалёваны герб Пагоня. Фёдарава адразу затрымалі супрацоўнікі міліцыі і адвезлі ў Цэнтральны РУУС. Згодна з пратаколам, менавіта на тэрыторыі РУУСа хлопец «аказаў непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі», за што на яго склалі пратакол па арт. 24.3 КаАП.
15 кастрычніка справу Уладзіслава разглядзела суддзя Цэнтральнага раёна Вікторыя Шабуня. Віну сваю Фёдараў прызнаў, але сцвярджае, што непадпарадкаванне не аказваў. Міліцыянт на судзе распавёў, што Фёдарава затрымалі па падазрэнні ва ўдзеле ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. Вынік — 15 сутак.
На 15 сутак арыштавалі за пікет з плакатам «Остановите нелегальную миграцию»
20 кастрычніка 35-гадовага Віктара Яныша затрымалі за адзіночны пікет з плакатам «Остановите нелегальную миграцию/Stop illegal migration» насупраць Міністра замежных спраў Беларусі. Міліцыянты гэта расцанілі як «несанкцыянаванае пікетаванне з мэтай выказвання свайго пратэсту па факце нязгоды з міграцыйнай палітыкай Беларусі, падчас якога знаходзіўся па адрасе вуліца Леніна, 28 і трымаў у руках ліст з надпісам “Остановите нелегальную миграцию“».
Віктар пагадзіўся, што парушыў Закон аб масавых мерапрыемствах, але ўдакладніў, што гэта не было звязана з міграцыйнай палітыкай краіны. На судзе ён растлумачыў, што стаў сведкай таго, як мігрант збіраўся нелегальна перасекчы мяжу, на што органы ўлады пасля скаргі Віктара ніяк не адрэагавалі. Гэта абурыла мужчыну, таму ён вырашыў выйсці з пікетам. 22 кастрычніка суддзя Ленінскага раёна Юлія Шут асудзіла Яныша па арт. 24.23 КаАП на 15 сутак арышту.
Спынілі супрацоўнікі ДАІ, але асудзілі за пікетаванне БЧБ-налепкай
У судзе Кастрычніцкага раёна 22 кастрычніка разглядзелі справу 30-гадовага Андрэя Фалюка. Днём раней машыну мінчука спынілі супрацоўнікі ДАІ на падставе таго, што нібыта яго «машына лічыцца ва ўгоне». Андрэю прапанавалі праехаць з імі, каб гэта праверыць. Але ў РУУСе мужчыну сказалі, што затрымліваюць яго за БЧБ-налепку з гербам "Пагоня" на шкле машыны. За «несанкцыянаванае пікетаванне» на Андрэя склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП. Па словах Фалюка, налепку ён размясціў яшчэ ў 2018 годзе і зараз яна не звязана з яго палітычнымі поглядамі. У выніку, суддзя Алена Жывіца прызнала Андрэя вінаватым і пакарала 15-сутачным арыштам.
Пікетаваў БЧБ-бранзалетамі ў кафэ “Культура“
У судзе Першамайскага раёна 28 кастрычніка разглядзелі справу 27-гадовага Арцемія Нікіценкі. Справу вяла суддзя Анастасія Кулік. Згодна з пратаколам па арт. 24.23 КаАП, Нікіценка «27 кастрычніка каля 13:35 у кафэ «Культура» з мэтай выказвання свайго негатыўнага стаўлення да дзейнай улады правёў пікетаванне, прадэманстраваўшы БЧБ-бранзалеты на руках з надпісам “Жыве Беларусь“».
У сваіх паказаннях Арцемій распавёў, што а 12 сустрэўся з сяброўкай на каву. На левай руцэ ў хлопца былі два бранзалета, а на правай — адзін. Па яго словах, намеру пікетаваць не было, а бранзалет вылез з-пад адзення, калі ён выцягнуў руку. Гэта заўважыў нехта з прысутных у кафэ і выклікаў міліцыю. На месца "правапарушэння" прыехалі тры супрацоўнікі міліцыі ў бронекамізэльках. Хлопец адзначыў, што БЧБ-бранзалеты набыў яшчэ падчас перадвыбарчай кампаніі ў Беларусі. Ён быў здзіўлены, што міліцыянты могуць забраць чалавека наўпрост за бранзалеты, нават калі ён не выкрыкваў ніякіх лозунгаў і не быў на маршы.
Сведка-міліцыянт на судзе сцвярджаў, што яны з калегам зайшлі ў кавярню, дзе асабіста заўважылі «пікетаванне». Міліцыянт сцвярджаў, што «бранзалеты былі выстаўленыя на ўсеагульны агляд», таму яны затрымалі Арцемія, адвезлі ў РУУС і склалі пратакол. Ён сцвярджаў, што затрымлівалі Нікіценку ўдваіх, а колькі людзей было ў кавярні не памятае. Але справа ў тым, што ў «Культуры» стаіць толькі тры сталы, але міліцыянт гэта ўспомніць не змог. У выніку, суддзя Кулік палічыла віну Арцемія даказанай і арыштавала яго на 15 сутак.
Арыштавалі на 13 сутак за БЧБ-стужачкі на дрэвах
29 кастрычніка ў судзе Заводскага раёна да 13 сутак арышту па ч. 1 арт. 24.23 КаАП асудзілі 51-гадовую Таццяну Аляшкевіч. Яе абвінавацілі ў пікетаванні «шляхам размяшчэння бел-чырвона-белых стужках на дрэвах» па вуліцы Герасіменкі 21А ў Мінску.
Віну жанчына не прызнала. На судзе яна распавяла, што 27 кастрычніка выйшла на шпацыр, сустрэла сваю сяброўку. Падчас шпацыру яны знайшлі заплечнік, у якім былі БЧБ-стужачкі. З цікаўнасці Таццяна закінула стужачку на дрэва і з сяброўкай пайшлі далей, вырашаючы, куды падзець заплечнік. Па словах жанчыны, у гэты час іх спыніў хлопец, які прадставіўся супрацоўнікам і выклікаў міліцыю. Таццяну з сяброўкай затрымалі і даставілі ў ІЧУ на Акрэсціна.
На судзе супрацоўнік міліцыі, які выступаў як сведка, блытаўся ў паказаннях: спачатку казаў, што стужачкі закідвалі па вуліцы Байкальскай, пасля абеду сказаў, што ўсё ж такі — па вуліцы Герасіменкі. Нягледзячы на супярэчлівыя паказанні сведкі, суддзя Алена Някрасава асудзіла Таццяну Аляшкевіч да 13 сутак арышту.
Гамельчукоў масава судзілі за падпіску на “экстрэмісцкія каналы”
У Гомелі 25 кастрычніка прайшла хваля затрыманняў, пад якую трапілі амаль 30 чалавек. Вядома, што на затрыманых склалі пратаколы па арт. 19.11 КаАП (распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць) нібыта за падпіску на «экстрэмісцкія» каналы.
Праваабаронцам стала вядома, што судзіць затрыманых пачалі яшчэ ўчора. Праз чатыры гадзіны пасля затрымання ў судзе Навабеліцкага раёна Гомеля прайшоў суд над 22-гадовай студэнткай ГДУ Янінай Змітровіч. Каля 11:30 25 кастрычніка Яніну затрымалі каля школы, дзе яна працуе. Яніну ў машыне каля ўвахода чакалі супрацоўнікі ГУБАЗіКу і АМАПу. Яны падыйшлі да яе і прапанавалі праехаць з імі, як даць паказанні ў якасці сведкі. Але дзяўчына папрасіла даслаць ёй позву. Пасля гэтага дзяўчыну схапілі і заштурхалі ў машыну, адабралі тэлефон і запатрабавалі пароль. Пад пагрозамі гвалту Яніна была вымушана яго даць. У выніку, Змітровіч адвезлі ў апорны пункт Навабеліцкага раёна.
У 14:07 бацькам прыйшло паведамленне з невядомага нумару: «Мяне затрымалі, суд праз гадзіну ў судзе навабеліцкага раёна». Толькі ў судзе бацькам ўдалося пабачыць дачку. Там яны даведаліся, што затрымалі яе за падпіску на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы. На судовае паседжанне бацькоў не пусцілі. Суддзя Аляксандр Зінчук, па словах бацькоў, разглядзеў справу Яніны за тры хвіліны. Зінчук прызнаў студэнтку вінаватай і арыштаваў яе на 15 сутак. Пасля суда Яніну адвялі ў апорны пункт, а праз дзве гадзіны адвезлі ў АУС навабеліцкага раёна. Свой арышт дзяўчына будзе адбываць ў гомельскім ІЧУ.
Таксама вядома, што 36-гадовага Аляксандра Крывашэева і Алеся Сівакова таксама пакаралі 10 і 7 суткамі адпаведна. Астатнія затрыманыя атрымалі штрафы.