“Гэта перыяд, які проста трэба прайсці”, — сям'я палітвязня Ціхана Осіпава
25-гадовага палітвязня Ціхана Осіпава асудзілі на 11 гадоў зняволення паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса. "Вясна" паразмаўляла з жонкай Ціхана Вольгай і ягонай маці Святланай Аляксандраўнай. Яны распавялі пра тое, як у дзяцінстве ён будаваў замак з Lego для хатняга пацука, як прыдумаў і змадэляваў праект сваёй кухні, а яшчэ пра тое, як у іх атрымліваецца даваць рады сітуацыі.
У два гады складаў пазлы, у пяць гадоў — гуляў у шашкі
Мама Ціхана Святлана Аляксандраўна распавядае, што з дзяцінства ён быў вельмі дапытлівым і развітым. Хлопчыку яшчэ не было трох гадоў, а ён ужо па памяці складаў пазлы.
“Спачатку ён збіраў малюначкі паводле інструкцый, а потым я змешвала некалькі з іх разам, ён раздзяляў іх і складаў ужо па памяці, — усміхаецца Святлана Аляксандраўна. — Мой бацька дзівіўся, што дзіця яшчэ дрэнна размаўляе, а ў яго ўжо настолькі добра развітая зрокавая памяць! Гаварыць сын стаў пасля трох гадоў, затое адразу выразна і, калі не мог вымавіць нейкае слова правільна, наогул саромеўся яго вымаўляць".
З дзядулем, у якога была фізіка-матэматычная адукацыя, Ціхан у дзяцінстве часта чытаў старыя савецкія падручнікі па матэматыцы і гуляў у шашкі. А назвалі Ціхана ў гонар другога дзядулі.
“У дзеда Ціхана было восем дзяцей, усіх з якіх ён вельмі любіў, таму што быў вельмі добрым, —распавядае Святлана Аляксандраўна. — Думаю, сын моцна ў гэтым да яго падобны. Ён наогул сабраў найлепшае, што ёсць у нас усіх; калі мы нядаўна абмяркоўвалі, што ў ім ёсць дрэннага, узгадалі толькі пра ўпартасць. Як і дзед Ціхан, ён вельмі любіць дзяцей: яго і Воліны пляменнікі моцна любяць і ўвесь час пытаюцца, калі ён вернецца. Раней ва ўнукаў было свята, калі Ціхан прыязджаў у госці: яны не клаліся спаць, пакуль чакалі яго. Яны ўсе рассыпалі велізарныя наборы Lego Ціхана — і ў доме было ціха. Цяпер унукі не хочуць збіраць канструктар без сына і кажуць, што пачакаюць яго”.
Lego — яшчэ адно захапленне Ціхана з дзяцінства. Яшчэ ў дзіцячым садку ён казаў, што будзе будаўніком, і ствараў з канструктара самыя розныя рэчы, надаючы ўвагу кожнай дэталі. Аднойчы Ціхан пабудаваў велізарны замак для ручнога белага пацука: той бавіў там амаль увесь час, але як толькі чуў крокі Ціхана, які вяртаўся са школы, выбягаў адтуль, узбіраўся па ягоным плячы і цалаваў у вуха.
“Сын наогул вельмі любіць усё жывое і вельмі адказна да гэтага ставіцца, — кажа Святлана Аляксандраўна. — Ён упэўнены, што, калі ўжо ўзяў на сябе адказнасць за расліну, жывёліну ці чалавека — нельга махнуць на гэта рукой. Да таго ж Ціхан супраць любога гвалту: ніколі не падвысіць ні руку, ні голас, нават у дзяцінстве не біўся са старэйшым братам. Я пачынаю заўважаць, што бяру з яго прыклад у гэтым: калі бачу павучка ў хаце, абавязкова, як Ціхан, злаўлю яго і аднясу на вуліцу, таму што інакш мне будзе сорамна перад сваім дзіцем. Яшчэ ён не ўмее падманваць: у дзяцінстве, здаралася, выдзера старонку з двойкай з дзённіка — а аркуш пакладзе ў штаны”.
Мадэляванне дома
Прага да будаўніцтва не скончылася ў дзяцінстве. Ціхан вучыўся ў БНТУ, стаў інжынерам: працаваў з экспертызамі бетону на трываласць, вёў лабараторныя працы ў студэнтаў. Але ягоная маці распавядае, што апошнім часам ён задумаўся пра другую вышэйшую адукацыю архітэктара.
“Ён яшчэ пасля школы хацеў паступаць на архітэктурны факультэт, але баяўся не здаць малюнак, — узгадвае Святлана Аляксандраўна. — Хоць насамрэч ён выдатна малюе — цяпер навучыўся нават пісаць партрэты ў стылі мангі. Але да архітэктуры яго цягнула заўсёды — казаў, што хоча займацца мадэляваннем, зрабіць чарцяжы свайго дома, а потым дапамагаць у гэтым людзям”.
А пачаў Ціхан з мадэлявання кухні, ваннага пакоя і прыбіральні ў сваёй кватэры — да затрымання яны з жонкай Вольгай распачалі рамонт. Маладыя людзі разам ужо 9 гадоў: пачалі сустракацца яшчэ ў школе і ажаніліся некалькі гадоў таму.
“Ён робіць сам практычна ўсё, — усміхаецца Вольга. — Прычым яму трэба, каб усё было практычна ідэальна, і таму ставіцца да ўсяго педантычна. Напрыклад, яму не спадабалася, як зрабілі праводку — і ён перарабіў гэта сам. Потым доўга хадзіў і наракаў на няроўную падлогу, хоць мне здавалася, што ўсё нармальна. Але муж усё вымерыў — і аказалася, што ў адным пакоі перапад вышыняў ажно сем сантыметраў! Таму Ціхан выраўноўваў падлогу ў пакоях. Над праектамі таксама мог сядзець вельмі доўга, даводзячы ўсё да дасканаласці. А потым проста паказваў мне малюначкі кухні, і я выбірала, што мне падабаецца больш".
Цяпер рамонт застыў у чаканні гаспадара. Ціхан прапанаваў Вользе кіраваць рамонтам з калоніі, дасылаць інструкцыі і чарцяжы, але дзяўчына адмовілася.
"Я напісала яму: "Не, Ціхан, прыедзеш — даробіш сам", — кажа яна. — Але ён працягвае дапамагаць нават адтуль, таму што не можа проста сядзець і нічога не рабіць: у ШІЗА нельга было нічога пісаць, таму разважаў пра рамонт і прыдумаў, што можна будзе ўдасканаліць. Мне важна яго меркаванне, я раюся з ім ва ўсім: напрыклад, увесну выбірала тэлефон, напісала яму, які хачу — і яны ўсёй камерай выбіралі яго мне”.
Акрамя гэтага, Ціхан просіць дасылаць фотаздымкі рамонту ў кватэры бабулі і падказвае, на што можна звярнуць увагу. З будаўніцтвам, рамонтамі ці 3D-мадэляваннем ён хоча звязаць сваю будучыню. Каб прасоўвацца ў гэтым кірунку, ён сышоў з папярэдняй працы па размеркаванні. Цяпер у лістах да жонкі ён жартуе: “Памятаеш, я казаў табе, што да 25 гадоў адкрыю сваю справу? Я адкрыў — праўда, крымінальную. Трэба канкрэтызаваць свае жаданні”.
Яшчэ Ціхан плануе новыя вандроўкі для сям'і. Яны ўжо пабывалі ў Празе, Барселоне, Вільні, Львове — і цяпер абмяркоўваюць, куды адправяцца далей.
“Яшчэ на Акрэсціна ён быў у адной камеры з грузінам, які распавёў мужу, якія месцы трэба абавязкова наведаць, — распавядае Вольга. — Там наогул было шмат людзей, якія вандруюць і якія давалі розныя парады. Ціхан усё запісвае і адпраўляе мне, запытвае, куды я б хацела з'ездзіць найперш. Але мне цяпер здаецца, што можна нікуды не ехаць: проста быць удваіх на матрацы на кухні”.
Вольга кажа, што не здзіўленая ягоным характарам, які ў цяперашніх умовах асабліва заўважны.
“Мне заўсёды падабаліся ў ім цвёрдасць духу, ягоны ўнутраны стрыжань, — кажа яна. — Мне важна, што ў нас сыходзіцца карціна свету: для яго і для мяне вельмі важная наша сям'я, праца над адносінамі. Ціхан умее мяне слухаць, яму важна мяне зразумець, і нават цяпер я працягваю адкрываць яго для сябе. Мне падабаецца быць у адносінах з ім, я атрымліваю асалоду ад гэтага, а калі ён побач, я пачуваюся спакойна і бяспечна. Я радая, што ў мяне такі муж".
Перыяд, які трэба прайсці
Цяпер усе блізкія і знаёмыя падтрымліваюць сям'ю: пішуць Ціхану лісты, цікавяцца ягонымі справамі і не разумеюць, як такое магчыма. “Мы ж ведаем, які ён”, — частая фраза, якую мама Ціхана чуе ад людзей.
“Я лічу, што ён здзейсніў учынак, — упэўненая мама Ціхана. — Ягоныя настаўнікі перадавалі, што ганарацца ім. Ягоны брат кажа, што цяпер ён пачаў яшчэ больш паважаць Ціхана — гледзячы на тое, як ён паводзіць сябе ў цяперашняй сітуацыі. Я магу ўявіць, у якім жаху быў сын у той момант, калі ўсё здарылася, ён распавядаў мне, як яму было страшна. Але нават у тых умовах ён змог абазначыць сябе, каб людзі расступіліся, і хуткасць была мінімальная — экспертыза паказала, што на абаронах не было нават драпінаў! То бок ён і затармазіў, і зменшыў хуткасць у момант, калі яму было страшна, калі ў яго цэліліся зброяй — і ў сітуацыі ніхто не пацярпеў. Акрамя яго”.
Цяпер у сям'і новы перыяд у жыцці — які трэба проста прайсці.
“У першыя дні пасля затрымання мне было страшна штосьці прапусціць, — распавядае Вольга. — Я расклейвала аб'явы пра пошук сведак, размаўляла з імі і з адвакатамі і ўвесь час думала, што ёсць штосьці, што мне трэба зрабіць, але я прапускаю гэта. Я спісвала нататнікі тым, што мне трэба зрабіць кожны дзень. Мне было страшна, таму што ад гэтага шмат у чым залежала далейшае жыццё Ціхана. Я дагэтуль не ўпэўненая, што раблю ўсё як мае быць, але гэта зрабілася часткай майго жыцця — праблемамі, якія трэба разбіць на задачы і цвяроза і безэмацыйна вырашыць. І калі ўзгадваю, што ўжо зрабіла, гэта падобна на сюжэт нейкага фільма, у якім ты галоўны герой і неяк павінен прывесці сітуацыю да хэпі-энду.
Калі мяне запытваюць, як я гэта трываю, я не разумею, як можна па-іншаму. Я ўспрымаю гэта не як геройства, а як перыяд жыцця, які трэба прайсці. Вядома, бываюць перапады настрою. Часам мне здаецца, што я магу зрабіць усё і нават больш, а часам рукі апускаюцца. Але кожны дзень мы размаўляем з маёй маці і мамай Ціхана — і выцягваем адна адну з падобных ямаў".
Святлана Аляксандраўна дадае: дапамагае пачуццё неабходнасці свайму сыну:
“Я магу расплакацца, але бяру сябе ў рукі і разумею, што, калі са мной штосьці здарыцца, лягчэй ад гэтага не будзе нікому, асабліва — майму дзіцяці. Цяпер моцна дапамагае падтрымка і разуменне таго, што заўсёды дрэнна быць не можа — надыходзіць і добра. Таму ўвесь час сябе ацверажаеш, дзякуючы падтрымцы разумееш, што ты не адзін”.
Вольга кажа, што няма ўніверсальнага рэцэпту для салідарнасці — галоўнае, каб чалавек шчыра захацеў падтрымаць і не прайшоў міма.
Час у калоніі
Але самае важнае цяпер для абедзвюх жанчын — падтрымаць самога Ціхана. У лістах жонка і маці распавядаюць яму, як праходзіць іх дзень, дзеляцца сямейнымі навінамі, раяцца, дасылаюць здымкі прыроды і блізкіх людзей. У адказ Ціхан дасылае малюнкі, якія клапатліва захоўваюць блізкія, распавядае, які прыгожы восеньскі заход ён убачыў, седзячы на лаўцы ў калоніі. Мама Ціхана, усміхаючыся, кажа, што гэта як быццам гутарка праз тэлефон — толькі з затрымкамі.
Не менш важныя для Ціхана лісты, якія яму дасылаюць неабыякавыя людзі: падчас пераводу ў калонію ўсю карэспандэнцыю з СІЗА змясцілі на склад. Ён перажываў, што яны адсырэюць там, таму адразу папрасіў жонку забраць іх і знайсці людзей, якія пісалі яму, каб яны ведалі, што ён адказаў на кожны ліст, які яму дайшоў, нават калі адказу яны не атрымалі.
Вольга распавядае пра сітуацыю з мужам у сацсетках, дае інтэрв'ю СМІ, каб людзі даведваліся больш пра Ціхана.
“Яго вельмі кранае, калі людзі пішуць, што паглядзелі нейкі выпуск са мной і ім захацелася яго падтрымаць, — кажа Вольга. — Аднойчы хтосьці распавёў, што піша ліст уначы адразу пасля прагляду выпуску. Ён кажа, што вельмі ганарыцца мной".
Цяпер Ціхан знаходзіцца ў ПК-15. Практычна адразу пасля прыезду замест карантыну ён трапіў у ШІЗА, яшчэ праз некаторы час — у ПКТ. Хоць з Валадарскага ў яго была настолькі станоўчая характарыстыка, што, калі яе зачытвалі на судзе, мама Ціхана адзначыла, што з ёй можна было б паступаць у ВНУ. Але нават у такім становішчы ён шукае плюсы: напрыклад, пракаментаваў знаходжанне ў ШІЗА фразай, што дакладна не заразіўся каранавірусам.
“Не ведаю, як у яго гэта атрымліваецца, — кажа Вольга. — Можа быць, ён не паказвае, калі таксама бывае на дне. У калоніі ён шмат працуе, увечары — вольны час, калі ён можа чытаць кнігі, пісаць лісты ці глядзець тэлевізар. У ПКТ яму далі адну кнігу, за пару дзён ён прачытаў больш за 200 старонак і дасылае мне рэцэнзіі.
У калоніі ў яго памяняўся рацыён: у СІЗА Саша Васілевіч зацікавіў яго правільным харчаваннем, і ён амаль год не еў мяса. Цяпер ужо даводзіцца, таму што я не магу так часта прыносіць яму тую ж рыбу. Але ён працягвае дасылаць мне інфармацыю, напрыклад, пра здаровае харчаванне. Пачуе штосьці на радыё — і піша мне. Просіць берагчы сябе. Кажа, што ў нас яшчэ ўсё жыццё наперадзе, дзе трэба будзе атрымліваць асалоду адно ад аднаго. І я часам думаю не паабедаць, а потым узгадваю, што прыйдзе Ціхан — а я тут буду нездаровая. І іду есці”.
У лістах Вольга распавядае Ціхану пра рудога ката Леа, які з'явіўся ў доме, пакуль мужа няма.
“А кату я распавядаю, што ў яго ёсць гаспадар, але пакуль ён усё адно адчувае сябе галоўным дома, — усміхаецца Вольга. — Кот адцягвае ўвагу ад цяперашніх падзеяў, важна, што дома цябе хтосьці чакае, табе ёсць пра каго клапаціцца. Бывае, плачу, а ён пачынае ганяць сурвэткі па хаце — пакуль збярэш іх, ужо і забываеш, чаму плакала".
Вольга кажа, што моцна пасталела за гэты год, нібыта прайшла ўсё жыццё. А Святлана Аляксандраўна запэўнівае яе: усё жыццё яшчэ наперадзе — трэба толькі набрацца цярпення.
“Я сама думала, што мяне нічым ужо нельга здзівіць, — уздыхае Святлана Аляксандраўна. — Усё, што цяпер адбываецца, не павінна адбывацца. Але яно і загартуе, і аб'яднае ўсіх нас — абавязкова. Нам цяжка, але мы не ведаем, як людзям, якія знаходзяцца там. І галоўнае цяпер — каб у грудзі не балела, застацца здаровым маральна і псіхалагічна. Душа баліць за кожнага, але жыццё ўсё адно расставіць усё на свае месцы”.
***
На Дзень маці Святлане Аляксандраўне перадалі кветкі ад сына, а яшчэ яна атрымала ліст:
"Мама, я вельмі рады, што табе падарылі кветкі да Дня маці. Хачу сказаць, што я ганаруся быць тваім сынам. Ты найлепшая мама, пра якую можна было марыць. Дзякуй табе за тваю любоў, пяшчоту, падтрымку і клопат. Я вельмі моцна цябе люблю і даражу табой. Перадавай, калі ласка, бабулі таксама віншаванні з Днём маці. Дзякуй ёй за цябе, мама. Я яе таксама вельмі люблю".
Падтрымаць палітзняволенага паштоўкамі і лістамі можна па адрасе:ПК №15. 213105, г. Магілёў, п / а Вейна, Слаўгарадская шаша 183 Ціхан Сяргеевіч Осіпаў |