У Полацку да абмежавання волі асудзілі ураджэнку Узбекістану
Суд горада Полацка 26 кастрычніка вынес прысуд па крымінальнай справе ураджэнкі Узбекістану Зухры Берасневай, якую абвінавацілі адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: знявага прадстаўніка ўлады (арт.369 КК), гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў (арт. 364 КК), паклёп (арт.188 КК).
Суддзя - Андрэй Дзергачоў. Дзяржаўнае абвінавачванне падтрымліваў памочнік пракурора Мікіта Белавусаў.
Суд распачаўся 14 кастрычніка.
Паводле версіі абвінавачвання, 52-гадовая ўраджэнка Узбекістана 22 кастрычніка 2020 года публічна абразіла начальніка і супрацоўнікаў Полацкага РАУС Аляксандра Гаруса, Віталя Шашукова і Дзяніса Карасёва. Сярод "пацярпелых" - начальнік аддзела аховы правапарадку аддзела прафілактыкі грамадскай бяспекі падпалкоўнік Дзяніс Карасёў, а таксама намеснік начальніка Полацкага ІЧУ маёр Віталь Шашукоў, якім жанчына "пагражала".
Зухра Бераснева прызнала віну часткова. У самым пачатку паседжання яна адмовілася ад абаронцы.
Перад заканчэннем судовага следства Зухра Бераснева заявіла хадайніцтва аб далучэнні да матэрыялаў крымінальнай справы дакументаў, якія пацвярджаюць факт догляду ёй за сваёй 37-гадовай дачкой, якая мае інваліднасць і перамяшчаецца на вазку. Абвінавачаная папрасіла суд улічыць той факт, што ў сям'і адзіным чалавекам, у якога маюцца правы кіроўцы, з'яўляецца яна, а гэта значыць, што толькі яна можа вазіць сваю дачку на медыцынскія працэдуры.
За абразы, пагрозы гвалту і паклёп на сілавікоў у Полацку судзяць ураджэнку Узбекістану
Падчас судовых спрэчак 21 кастрычніка дзяржаўны абвінаваўца адзначыў, што пачасціліся выпадкі публікацый у сацыяльных сетках у дачыненні да супрацоўнікаў праваахоўных органаў у сувязі з ажыццяўленнем імі сваіх службовых абавязкаў. Не выключэннем стала і дадзеная справа. Пракурор падкрэсліў, што довады абвінавачванай аб тым, што шэраг надпісаў у тэлеграм-супольнасці пакінула іншая жанчына (Наталля Браўн), якая мела доступ да тэлефона Зухра Берасневай, абвяргаюцца звесткамі сотавага аператара, згодна з якімі абвінавачаная і гэтая жанчына ў момант апублікавання звестак аб пацярпелых знаходзіліся ў розных пунктах горада.
Дзяржаўны абвінаваўца заявіў, што па справе не ўгледжваецца якіх-небудзь змякчальных абставінаў. Акалічнасцю, абцяжваючай адказнасць абвінавачанай, варта лічыць здзяйсненне злачынства ў дачыненні да асобы ў сувязі з ажыццяўленнем ім службовых абавязкаў.
З улікам выкладзенага, бок абвінавачвання лічыць неабходным прызначыць наступнае пакаранне для абвінавачванай:
за дзеянні, прадугледжаныя артыкулам 188 КК - 1.5 гады абмежавання волі;
па артыкуле 369 КК - 2 гады абмежавання волі;
па артыкуле 364 КК - 2.5 гады абмежавання волі.
Па сукупнасці злачынстваў шляхам частковага складання пакаранняў дзяржабвінаваўца прапанаваў прызначыць пакаранне для абвінавачванай у выглядзе трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу, залічыць тэрмін знаходжання ў ІЧУ з 12 па 15 сакавіка зыходзячы з таго, што 1 дзень утрымання пад вартай адпавядае 2 днях абмежавання волі. Таксама пракурор запатрабаваў звярнуць у даход дзяржавы мабільны тэлефон, з якога ажыццяўляўся ўваход у Інтэрнэт і ўчыняліся адпаведныя надпісы, падвергнуўшы мабільную прыладу спецыяльнай канфіскацыі.
Падчас спрэчак Зухра Бераснева папрасіла суд аб змякчэнні пакарання, прапанаванага бокам абвінавачвання, папрасіла прабачэння ў пацярпелых, сказаўшы, што больш ніколі не зрабіла б падобнага. Абвінавачаная папрасіла суд ўлічыць той факт, што яна ажыццяўляе догляд за дзіцем з інваліднасцю.
26 кастрычніка вынесены прысуд: прызнаць вінаватай і прызначыць Зухры Берасневай пакаранне ў выглядзе трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу: роўна столькі, колькі запрасіў пракурор.