viasna on patreon

Да трох з паловай і чатырох гадоў калоніі асудзілі яшчэ двух фігурантаў "пінскай справы"

2021 2021-10-21T18:05:00+0300 2021-10-21T18:09:17+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/pinsk_miting_4.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Ленінскага раёна Брэста 21 кастрычніка вынеслі прысуды двум фігурантам "пінскай справы". Палітзняволенага Іллю Бохана і Сцяпана Дразда суддзя Андрэй Грушко прызнаў вінаватым па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (удзел у масавых беспарадках) і асудзіў да трох з паловай і чатырох гадоў калоніі адпаведна. Менавіта такое пакаранне запрасіла для іх пракурорка Алена Ціхановіч. Гэта ўжо трэцяя асуджаная група па "пінскай справе" — агулам за ўдзел у акцыях пратэсту ў Пінску з 9 на 10 жніўня пазбавілі волі 26 чалавек. "Вясна" распавядае, што вядома пра суд над трэцяй групай фігурантаў гэтай гучнай справы.

Пінск, 9 жніўня 2020 года
Пінск, 9 жніўня 2020 года

Спрабаваў зламаць дрэва. У чым абвінавацілі Бохана і Дразда?

Як піша "Брэсцкая вясна", паводле версіі абвінавачвання, Сцяпана Дразда абвінавацілі ў замахах (але не ўдарах) рукамі, адным удары па міліцэйскім шчыце, які ў сваю чаргу зачапіў нагу супрацоўніка АУС Паліводы. Згодна з зачытаным на судзе вынікам медэкспертызы ад 12 жніўня 2020, у Паліводы "выяўленая рана на левай назе даўнасцю ад 2 да 6 сутак". Дзяржабвінавачванне заявіла, што "не выключае яе ўтварэнне ад удару Драздом па шчыце і пасля па гэтай назе". Відэа з ударам нагой па шчыце мелася ў матэрыялах справы.

На судзе Дрозд тлумачыў, што хацеў прайсці міма, але міліцыя са шчытамі перагарадзіла дарогу. У нейкі момант яго штурхнулі шчытом, упаў, рассек калена і пайшла кроў. Дразда паднялі людзі, што стаялі побач. Дрозд ускідваў рукі ў абурэнні, і адзін раз рэзка паправіў рукаў — па версіі абвінавачанага, менавіта гэта можа быць падобна на кідкі на знятым з-за спін міліцыянтаў відэароліку.

Ілля Бохан, якому ў жніўні 2020 яшчэ не было 18 гадоў, паводле версіі абвінавачвання, удзельнічаў у "масавых беспарадках" тым, што кінуў у строй міліцыі алюмініевую бляшанку з-пад энергетыка. Аднак канкрэтны міліцыянт, у каго даляцела бляшанка, дзяржабвінавачаннем на называецца. І з міліцыянтаў ніхто Бохана ў судзе не пазнаў. Таксама Бохану ставіцца ў віну, што ён падышоў да дрэва, пачаў схіляць яго ў бок каб зламаць — але нічога не выйшла. У зале суда супрацоўнік "Зелянбуда" растлумачыў, што дрэва выжыла, не зламалася. Тым не менш, яго арганізацыя падрыхтавала пазоў, кошт дрэва ацэнены бухгалтэрыяй у 117 беларускіх рублёў.

Зрабіў прапанову сваёй дзяўчыне. Пра што казалі ў апошнім слове абвінавачаныя?

У сваім апошнім слове Сцяпан Дрозд быў кароткі:

"Я казаў, што не згодны з тым, што мне прад'явілі. Ніякіх супрацьпраўных дзеянняў я не здзяйсняў. Я проста не магу зразумець, як дзеці будуць расці без мяне. Чалавека пакараць можна за нейкія імгненні, але гэта пакаранне — яно неабгрунтаванае. Я лічу, што Высокі суд неяк улічыць гэта і вынесе правільны прысуд. Мне больш сказаць няма чаго".

Ілля Бохан жа сказаў больш доўгую прамову, у якой нават зрабіў прапанову рукі і сэрца сваёй дзяўчыне:

"Высокі суд, я прашу Вас аб'ектыўна разабрацца ў дадзенай сітуацыі і праявіць міласэрнасць у знак спагады да маіх родных, каханай дзяўчыны, даць мне шанец на выпраўленне. Я глыбока ўсё ўсвядоміў і мне вельмі сорамна за ўчынак, які я здзейсніў. Калі б можна было вярнуць час назад... Прашу строга не караць мяне, улічыць, што я быў непаўнагадовы, не абдумваў свае ўчынкі. Раней не судзімы. Я праўда не хацеў прычыніць нікому боль, я не ішоў з думкай кагосьці біць, кідаць палкі.

Я ў чымсьці вінаваты, так. У тым, што кінуў гэтую бутэльку, што спрабаваў зламаць дрэва — і ўсё. Прашу прабачыць мне за гэты ўчынак і паставіцца справядліва. Прашу прабачэння за нейкія нязручнасці, якія прадаставіў, у пракурора і ў вас, Высокі суд.

Я вельмі ўдзячны бацькам, што падтрымліваеце мяне, дапамагаеце, чакаеце мяне. Я вас вельмі моцна люблю. У вас усё будзе добра, я веру, абяцаю, усё выпраўлю. Я разумею, колькі на вашы плечы ўпала. Я вінаваты перад вамі, мне вельмі сорамна. Шчасця, здароўя, дабрабыту".

Суддзя Андрэй Грушко перапыняе прамову Бохана:

"Па сутнасці справы ёсць яшчэ нешта? Гэта не спатканне, што вы так размаўляеце".

Пасля гэтага абвінавачаны Бохан звярнуўся да сваёй дзяўчыны:

"Яна, [..] у мяне ёсць ты. Кахаеш мяне? — Так. — І ў любым выпадку дачакаешся? — Так. — Прабач, што тады накрычаў на цябе. Я цябе вельмі моцна кахаю. Я ўдзячны Богу, што сустрэў цябе. Я хачу зрабіць табе прапанову. Янка, выходзь за мяне замуж. Прабач яшчэ раз за ўсё".

Чым усё скончылася?

Іллю Бохану дзяржабвінавачанне 5 кастрычніка запрасіла 3 гады 6 месяцаў калоніі агульнага рэжыму, Сцяпану Дразду — 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Суддзя Андрэй Грушко 21 кастрычніка прызначыў менавіта такое пакаранне.

14 палітвязняў "пінскай справы" пазбавілі волі на тэрміны ад 5,5 да 6,5 гадоў

Суддзя Яўген Брэган асудзіў усіх 14 палітвязняў на тэрміны ад пяці з паловай да шасці з паловай гадоў калоніі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства