"Усе мы чакаем Вас, і нам Вас не хапае як ніколі!" Віншавальны ліст праваабаронцы Сашы Кулаевай да зняволенага Леаніда Судаленкі
Экспертка па правах чалавека і грамадзянскай супольнасці, праваабаронца Саша Кулаева напісала адкрыты ліст з віншаваннямі праваабаронцу "Вясны" Леаніду Судаленку, якому сёння спаўняецца 55 год.
Дарагі Леанід!
Віншую Вас са слаўным юбілеем! Віншую ад душы, шчыра і... радасна, таму што ніякія абставіны і сілы свету не могуць адмяніць таго факту, што ў Вас - юбілей, і што ён - слаўны, таму што ёсць, што святкаваць! І што мы ўсе яго адзначаем разам з Вамі, хоць і падзеленыя на гэты раз куды большымі перашкодамі, чым звычайныя кіламетры.
55 гадоў годнага, поўнага, цікавага жыцця, у якім ужо адбылося столькі ўсяго - і любімая і патрэбная ўсім праца ў любімым горадзе, і выдатная сям'я, і павага калег і сяброў, і шматгадовае бескарыслівае служэнне людзям, і прызнанне гэтага служэння на карысць суайчыннікаў, прычым не толькі на "малой" радзіме, у Гомелі, не толькі ў Беларусі, але нават і за мяжой. А колькі яшчэ ўсяго наперадзе!
Мы ведаем, што былі і пагрозы, і брудныя наскокі, і суды, і чаканне расплаты, якая незваротна насоўвалася, ці ж правільней сказаць - вышэйшай ацэнкі эфектыўнасці? Эфектыўнасці ў тым, за што, спрадвеку, пляскаюць у далоні адны, і праклінаюць іншыя, даюць прэміі - адны, і турэмныя тэрміны - іншыя.
На Ваш юбілей я падумала, было, паслаць Вам фатаграфію ў майцы з Вашым партрэтам і заклікам да свабоды. Але, хоць я яе і зберагаю, і буду апранаць, да таго часу, калі Вы не апынецеся на волі, сёння я хачу падзяліцца з Вамі светлымі, радаснымі ўспамінамі, а не, на жаль, рэчаіснасцю, якая і так навакол Вас; чорнай майкай, якая пахне бядой і расстаннем, а не толькі надзеяй.
Глядзіце! Гомель, чэрвеньскі, сонечны, але крыху халаднаваты дзень. Але цёпла ва ўтульным дворыку Вашага офіса. Прыехалі мінскія калегі, замежныя калегі, сабраліся мясцовыя актывісты. У кожнага для Вас - добрае слова і пытанні, пытанні, просьбы аб саветах. А ў Вас - кожнаму - выдзелены час у занятым раскладзе, увага і адказы, па меры сілаў. Развітальнае фота, яшчэ хвіліна - і вы схаваецеся за паваротам, разам з вашым роварам.
"Да хуткай сустрэчы! Поспеху!", - крычыць услед Алесь Бяляцкі.
Да хуткай сустрэчы! Валянцін Стэфановіч заводзіць машыну, мы з'язджаем.
Хто б мог падумаць? Праз паўтара года мы сустрэнемся ў Парыжы! Вы ўдастоеныя вышэйшай прэміі Французскай рэспублікі за абарону правоў чалавека, і пасольства арганізуе кароткі візіт у горад, які прэтэндуе на званне сталіцы правоў чалавека. Цырымонія незвычайна ўрачыстая. Вы - пераканаўчыя і прыбраныя. Забытыя шорты і веласіпедныя пальчаткі!
Ваша гаворка выклікае вялікі энтузіязм. Прэмію вы атрымліваеце з рук пасла Францыі па правах чалавека Франсуа Кракета і Спецыяльнага дакладчыка па пытанні аб становішчы праваабаронцаў Мішэля Форста. Вы злёгку разгубленыя - прэмія прэміяй, але ўсе гавораць па-французску і этыкет, і ўрачыстасць абстаноўкі так не падобныя на Вашыя звычайныя ўмовы працы.
Але вось і канец, мы не без палягчэння збягаем - і хоць часу зусім мала (назаўтра ў вас ужо рэйс дадому), я паспяваю паказаць Вам любімы горад, выпіць разам кавы ва ўтульным кафэ. Зноў сонечна, хоць і снежань, і, мабыць, засумаваўшы па звыклым ровару, вы знаходзіце на абочыне грамадскі самакат - і наперад, на заваяванне Марсава поля!
Цёпла развітваемся - да хуткай сустрэчы, Леанід! Поспеху!!
Не забудзьцеся, абяцанне ў сіле! Да хуткай сустрэчы!
І я, і Парыж, і Ваш родны Гомель, і Мінск, не кажучы ўжо пра сям'ю і калег, усе мы чакаем Вас, і нам Вас не хапае як ніколі! Вашага аптымізму, Вашай упартасці, Вашых жартаў, Вашай настойлівасці і нязломнасці!
Не толькі неправавое, але і такое дурное рашэнне - паспрабаваць адарваць Вас ад вашага свету, ад Вашай працы і блізкіх, зачыніць Ваш суд. Мы ўсё роўна разам! З вамі, з Алесем, з Валянцінам, c Таццянай, з Уладзімірам, з Марфай, з Андрэем!
Да хуткай сустрэчы, Леанід!!! Поспеху! Са слаўным юбілеем!!
Саша Кулаева
Парыж
23 верасня 2021
Нагадаем, у Гомелі ў закрытым рэжыме разглядаюць крымінальную справу праваабаронцы "Вясны" Леаніда Судаленкі і валанцёрак Таццяны Ласіцы і Марыі Тарасенка. Усіх вінавацяць у арганізацыі дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК), і навучанні і падрыхтоўцы асобаў для ўдзелу ў такіх дзеяннях, а таксама іх фінансаванні або іншым матэрыяльным забеспячэнні (ч. 2 арт. 342 КК). Леанід быў затрыманы 18 студзеня і з той пары знаходзіцца пад вартай.
23 верасня Леаніду Судаленку спаўняецца 55 год. Павіншуйце Леаніда!
Паштоўкі і лісты з віншаваннямі дасылайце па адрасе: СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А Леаніду Леанідавічу Судаленку |