Далучайся да кампаніі #FreeViasna і падтрымай зняволеных праваабаронцаў Дапоўнена

2021 2021-09-12T15:00:24+0300 2021-09-16T21:22:41+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/freeviasna_action_bel1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

17 верасня распачынаецца міжнародная кампанія салідарнасці ў падтрымку зняволеных праваабаронцаў “Вясны” - #FreeViasna.

Гэтая дата абраная не выпадкова: 17 верасня 2020 года па дарозе дадому з урачыстага ўручэння прэміі імя Яна Карскага была затрыманая прадстаўніца нашай арганізацыі Марфа Рабкова. На працягу году ціск на праваабаронцаў толькі ўзмацняўся: было ўзбуджана некалькі крымінальных спраў, праводзіліся шматлікія вобшукі, сябраў “Вясны” затрымлівалі, а некаторых пры гэтым збівалі, выклікалі на допыты нават тых, хто даўно не мае дачынення да дзейнасці арганізацыі.

На дадзены момант за кратамі знаходзіцца сем “вясноўцаў”:

  • старшыня арганізацыі Алесь Бяляцкі;
  • намеснік старшыні Валянцін Стэфановіч;
  • каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзімір Лабковіч;
  • каардынатарка Валанцёрскай службы Марфа Рабкова;
  • кіраўнік Гомельскага аддзялення “Вясны” Леанід Судаленка;
  • валанцёрка з Рэчыцы Таццяна Ласіца;
  • валанцёр з Мінску Андрэй Чапюк.

Шмат год яны дапамагалі людзям у адстойванні і абароне іх правоў і грамадскіх інтарэсаў, аналізавалі сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, рыхтавалі і падавалі скаргі і справаздачы ў ААН, прымалі ўдзел у яе сесіях, выпрацоўвалі рэкамендацыі да ўладаў Беларусі, падтрымлівалі стасункі з праваабарончымі арганізацыямі ўсяго свету, атрымоўвалі прэстыжныя ўзнагародны за сваю дзейнасці. А цяпер – салідарнасць і падтрымка патрэбная ім самім!

Мы заклікаем далучыцца да кампаніі па іх вызваленні і зрабіць тыя дзеянні, якія вам даступныя:

  1. арганізаваць мітынг, шэсце ці пікет 17 верасня ў падтрымку “вясноўцаў”;
  2. распаўсюджваць інфармацыю пра зняволеных праваабаронцаў і кампанію па іх вызваленні #FreeViasna;
  3. зрабіць фота з банэрамі, постэрам кампаніі і размясціць у сацыяльных сетках з хэштэгам #FreeViasna;
  4. напісаць адкрыты ліст да зняволеных праваабаронцаў і даслаць яго на пошту freeviasna@gmail.com (мы змесцім яго ў нашых сацсетках);
  5. падпісаць паштоўкі салідарнасці і наўпрост даслаць іх “вясноўцам” (у тым ліку можна зрабіць гэта праз Майстэрню паштовак салідарнасці);
  6. прыдумаць і рэалізаваць іншае дзеянне з патрабаваннем аб вызваленні праваабаронцаў “Вясны”.

17 верасня запрашаем на акцыі:

  • Кіеў (Украіна) у 10.00 на пешаходным мосце над Алеяй Герояў Нябеснай Сотні.
    "Цэнтр грамадзянскіх свабод" ладзіць акцыю #FreeViasna у межах кампаніі #BelarusWatch: украінскія праваабаронцы нагадаюць пра гісторыі барацьбы "вясноўцаў" за правы чалавека ў Беларусі і выступяць у падтрымку ўсіх беларусаў, якія сёння знаходзяцца ў зняволенні з-за палітычнага пераследу.
  • Варшава (Польшча) у 18.00 Беларускі Дом у Варшаве запрашае збірацца на акцыю каля помніка Мікалаю Каперніку (ulica Krakowskie Przedmieście).
  • Вільня (Літва) у 18.00 распачнецца акцыя #FreeViasna на Лукішскай плошчы (Lukiškių g.).
  • Парыж (Францыя) у 12.00 на Ратушную плошчу горада (Hôtel de ville) перад галоўнай мэрыяй горада запрашаюць Amnesty International France і Міжнародная федэрацыя за правы чалавека (FIDH).
  • Тбілісі (Грузія) у 18.30 Свабодны Беларусі Дом у Грузіі запрашае на акцыю салідарнасці, якая адбудзецца каля Парламенту (пр. Руставелі, 8).
  • Батумі (Грузія) у 18.30 усе жадаючыя могуць прыходзіць у порт (там, дзе ладзілі акцыю салідарнасці з беларускамі). Пасля акцыі адбудзецца сустрэча з удзелам паэта Андрэя Хадановіча і грамадскага дзеяча Лявона Баршчэўскага ў бары пры Divan Suites Batumi (вул. З. Гамсахурдыя, 15/8).

Прыходзь і выкажы салідарнасць са зняволенымі "вясноўцамі"!

Cайт кампаніі #FreeViasna - freeviasna.org


Хто такія праваабаронцы?

Праваабаронцы – людзі, якія індывідуальна ці сумесна выступаюць у абарону грамадскіх, палітычных, сацыяльных, эканамічных правоў і асноўных свабодаў на мясцовым, нацыянальным і міжнародным узроўнях, з’яўляюцца пасярэднікамі паміж дзяржавай і грамадзянамі – абараняюць правы апошніх, калі яны парушаюцца прадстаўнікамі дзяржавы. У сваёй дзейнасці праваабаронцы кіруюцца прынцыпамі ўніверсальнасці правоў чалавека для ўсіх без якога-небудзь адрознення і абараняюць правы чалавека мірнымі сродкамі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства