Справа Аўсіевіча: дзяржабвінаваўца запатрабавала дадатковую экспертызу
Гарадзенскі абласны суд 8 верасня працягнуў разгляд крымінальнай справы Андрэя Аўсіевіча. Яго вінавацяць у абразе прадстаўніка ўлады па арт. 369 Крымінальнага кодэкса і арт 361 КК (Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь).
Справу разглядае суддзя Мікалай Рачынскі, дзяржабвінаваўца – пракурор Людміла Герасіменка.
У якасці пацярпелага выступае супрацоўнік міліцыі, участковы Максім Чарткоў.
Паводле следства, 14 лістапада 2020 года Аўсіевіч са свайго кампутара ў адным з чатаў у Тэлеграме размясціў зняважлівую інфармацыю пра ўчастковага, чым публічна яго абразіў. Затым 20 снежня размясціў у свабодным доступе ў інтэрнэце паведамленне пра здзяйсненне акту тэрарызму у адносінах да супрацоўнікаў МУС. Тым самым, здзейсніў злачынства па частцы 3 арт. 361 (Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь).
Быў затрыманы па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства 4 траўня, да суда ўтрымліваўся пад вартай.
Абвінавачваемы віну прызнаў толькі ў абразе прадстаўніка ўлады.
Суд Аўсіевіча: экспертка не знайшла заклікаў да гвалту або да іншых пабуджальных дзеянняў
Пад час судовага пасяджэння 8 верасня дзяржабвінаваўца Герасіменка выступіла з хадайніцтвам аб прызначэнні дадатковай лінгвістычнай экспертызы каментароў Аўсіевіча ў мясцовым тэлеграм чаце за 20 снежня. Перад экспертызай было пастаўлена некалькі дадатковых пытанняў з канкрэтызацыяй дзеянняў абвінавачанага, тым жа экспертам таго ж Гродзенскага камітэта СМЭ.
Адвакат і сам абвінавачаны выказаліся супраць дадатковай экспертызы, бо была ўжо праведзена экспертыза і ёсць заключэнне ад 14.06.2021 года.
У судзе таксама была дапытаная сама эксперт і падрабязна адказала на ўсе пытанні суда і пацвердзіла, што з боку абвінавачанага не было ў каментарах падахвочванні да дзеянняў, якія падпадаюць пад дзеяння артыкула 361 КК (Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь).
Пасля перапынку суддзя задаволіў хадайніцтва пракурора і пастанавіў прызначыць дадатковую судовую лінгвістычную экспертызу па каментарах абвінавачанага за 20.12.2020 года.
Экспертыза з пастаўленымі пытаннямі дзяржабвінаваўцы, будзе праводзіцца экспертамі Гродзенскага ГЦСМЭ.
У судзе абвешчаны перапынак да заключэння экспертаў, аб наступнай даце суда паведамяць.