Суд Аўсіевіча: экспертка не знайшла заклікаў да гвалту або да іншых пабуджальных дзеянняў
Гарадзенскі абласны суд 3 верасня працягнуў разгляд крымінальнай справы Андрэя Аўсіевіча. Яго вінавацяць у абразе прадстаўніка ўлады па арт. 369 Крымінальнага кодэкса і арт 361 КК (Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь).
Справу разглядае суддзя Мікалай Рачынскі, дзяржабвінаваўца – пракурор Людміла Герасіменка.
У якасці пацярпелага выступае супрацоўнік міліцыі, участковы Максім Чарткоў.
Андрэй Аўсіевіч: “Нікога на групы не дзяліў, да гвалту і забойстваў не заклікаў!"
Сёння ў судзе быў дапытаны дзяржаўны эксперт Гродзенскага СМЭ Ірына Гецэвіч.
14 чэрвеня яна праводзіла экспертызу каментара Аўсіевіча ў мясцовым Тэлеграм-канале. Экспертка адказвае пракурору, што ў каментары няма выказванняў падахвочвальнага характару. Яна не знайшла ў выказваннях Аўсіевіча заклікаў да гвалту або да іншых дзеянняў. Як яна патлумачыла, што ў камэнтары не было адпаведных канструкцый і абаротаў.
Экспертка падцвердзіла, што каментары Аўсіевіча аб тым, што «будзеце баўтацца на слупах», альбо «вас будуць вешаць», усяго толькі дапушчэнне будучага, таго, што толькі магчыма. Далей патлумачыла, што ў допісе Аўсіевіча няма канкрэтных указанняў, хто і што будзе рабіць, каб такая будучыня здарылася.
У судзе быў абвешчаны перапынак да 14-30 8 верасня.