"Пачуццё віны толькі перад людзьмі, якія знаходзяцца ў залі". Абвінавачаныя ў масавых беспарадках выступілі з апошнім словам у судзе
У судзе Маскоўскага раёна г. Мінска 1 ліпеня завяршыліся спрэчкі бакоў па крымінальнай справе антыфашыстаў Цімура і Тамаза Піпія, Віталя Шышлова і Дзяніса Болтуця. Таксама абвінавачаныя выступілі з апошнім словам. Заўтра – 2 ліпеня ў 14.30 будзе агучаны прысуд.
Нагадаем, хлопцаў вінавацяць па шэрагу артыкулаў за падзеі 10 жніўня і 23 верасня 2020 года: Цімура Піпію, Віталія Шышлова і Дзяніса Болтуця – па ч. 2 арт. 293, ч. 1 арт. 342 і арт. 364 Крымінальнага кодэкса; Цімура Піпію ячшэ і арт. 419 КК; а Тамаза Піпію толькі па ч. 2 арт. 293 КК.
Справу вядзе суддя Святлана Бандарэнка. Пацярпелымі па справе прызнаныя супрацоўнікі міліцыі Зелянеўскі і Карабанаў.
Пракурор Раман Бізюк запрасіў для фігурантаў справы наступныя тэрміны:
- Дзянісу Болтуцю і Віталю Шышлову па 6 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму;
- Цімуру Піпія – 6 гадоў 3 месяцы і 2 дні пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму;
- Тамазу Піпія – 5 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
У апошнім слове Дзяніс Болтуць сказаў:
"Нарадзіўся я ў сям'і працоўных, у дзяцінстве ў мяне ніколі не было ні паблажак, нічога свайго. За мной была малодшая сястра, і пакуль бацькі знаходзіліся на працы, даводзілася за ёй глядзець, рабіць з ёй урокі, карміць. Улетку, як і ўсіх дзяцей, нас вывозілі ў вёску да бабулі. З 13 гадоў там я пачаў працаваць у калгасе. Праца была цяжкая, але ў той час я змог зарабляць сабе на кішэнныя расходы і пры гэтым дапамагаў бацькам. У далейшым я скончыў школу і паступіў у політэхнічны каледж. Прафесію выбіраў сам. Адвучыўся нядрэнна, атрымаў павышаны разрад, пасля чаго пайшоў у войска. Служыў у 120-ай асобнай механізаванай брыгадзе. У войску ўдзельнічаў у жыцці як культурным, так і спартыўным. Афіцэры і прапаршчыкі паважліва да мяне ставіліся, давяралі важныя даручэнні. Выконваў абавязкі старшыны, калі той знаходзіўся ў камандзіроўцы. Атрымаў некалькі прафесій, таксама вайсковых. Да гэтага часу я падтрымліваю кантакты са сваімі афіцэрамі і прапаршчыкамі.
Яшчэ хацеў бы расказаць пра зіму 2010 года: я служыў з 2009 па 2011 год. У снежні 2010 года нас па баявой трывозе вывелі на пляц, стаяла баявая тэхніка, БТРы і скрыні з боепрыпасамі. Чаму нас вывелі - нам ніхто не казаў. Прастаялі гадзіны тры, прыкладна. Потым нас запусцілі ў казармы. На наступны дзень мы даведаліся ад нашага зампаліту, што былі мітынгі, ён праводзіў з намі ідэалагічную працу. І толькі тады я пачаў ўсведамляць, што адчувае чалавек, калі ён не разумее, куды ён ідзе і якая перад ім будзе стаяць задача.
Пасля войска ў мяне няма ніякіх канфліктаў з супрацоўнікамі любых органаў: ёсць таварышы, якія служаць у АМАПе; ёсць таварышы, якія служаць у міліцыі; ёсць таварышы кантрактнай службы. З імі я падтрымліваю добрыя адносіны: мы сустракаемся, у нас ёсць агульныя інтарэсы да рыбалкі, спорту.
Далей я магу сказаць толькі адно: атрымаў я прафесію і ёю ганаруся, ёю я прыношу карысць не толькі сабе, але і дзяржаве".
Віталь Шышлоў выступіў з кароткай прамовай:
"Высокі суд, хацеў бы сказаць тое, што ўсведамляю, што я паступіў няправільна 23га [верасня]. Не разумеў, хто там знаходзіцца ў гэтай машыне. І здзейсніў жудасны ўчынак, вельмі шкадую пра гэта. Калі б тут прысутнічалі тыя міліцыянты, то хацелася б яшчэ раз папрасіць прабачэння. У мяне ўсё".
Далей апошняе слова казаў Цімур Піпія:
"Я хацеў бы сказаць адну рэч, якая тычыцца майго стаўлення да супрацоўнікаў міліцыі, таму што дзяржабвінаваўца ўсіх пытаўся, а мяне - не. Апошнія тры гады перад затрыманнем я ў адной кабіне праездзіў з чалавекам - былым канваірам. Я з яго сям'ёй знаёмы, з яго дзецьмі, знаёмы з яго суседзямі. Мы выдатна камунікуем. Усе яго суседзі з'яўляюцца супрацоўнікамі як дзеючымі, так і ў мінулым. І пытанняў, праблем у нас у той плоскасці не было. Плюс я вучыўся ў Інстытуце правазнаўства, усе мае аднагрупнікі - мінімум 75% - былі супрацоўнікамі розных ведамстваў, у тым ліку некаторыя з іх дзеючыя - падтрымліваюць і дапамагаюць як маральна, так і фінансава ў жыцці маёй сям'і. Гэта першы момант.
Другі момант - з нагоды раскаяння і пачуцця віны. Так, я прызнаю віну па артыкуле 342 частцы 1, але гэта не кажа пра тое, што я адчуваю віну. Таму што я лічу, што мае дзеянні нікому не прычынілі ніякай шкоды: ні фізічнай, ні маральнай, ні матэрыяльнай. Пачуццё віны толькі перад людзьмі, якія знаходзяцца ў залі, перад маімі роднымі, сябрамі, перад людзьмі, якія знаходзяцца са мной на адной лаўцы, перад іх сваякамі. Я адчуваю віну, што дзесьці змаладушнічаў, дзесьці нагаварыў лішняга па тэлефоне проста з нейкага пачуцця ганарыстасці, хвальбы. Перад гэтымі людзьмі я адчуваю віну, перад імі я вінаваты".
Апошнім прамаўляў Тамаз Піпія:
"Хачу адзначыць адразу, што я не дзялю людзей на катэгорыі, сацыяльныя прыкметы і класы. Тое, як і вы да мяне ставіцеся, так і я стаўлюся. Таксама хачу адзначыць, [было] некалькі гутарак з супрацоўнікамі Камітэта [дзяржаўнай бяспекі], якія я ў прынцыпе не адмаўляю, а таксама той факт, што я быў затрыманы проста па нейкіх спісах. Я, натуральна, не прызнаю віны па артыкуле 293 КК. Гэта абсалютае трызненне. Што ў мяне нейкае прадузятае стаўленне да супрацоўнікаў сілавых структур, як і ў гэтых хлопцаў, якія сядзяць тут. У мяне таксама маюцца знаёмыя, прыяцелі сярод звычайных супрацоўнікаў і больш значных супрацоўнікаў. <...> Выбар ёсць у кожнага чалавека, і ў кожнага павінна быць свая галава на плячах. Калі адзін зрабіў нешта дрэннае, гэта не значыць, што ўсіх іншых трэба ненавідзець.
Высокі суд, мне вядома, што вы надзеленыя ўласным меркаваннем, не гледзячы на знешнія фактары. Я заклікаю вас да аб'ектыўнасці, прымаючы рашэнне.
Яшчэ хачу сказаць "дзякуй" сваё сям'і, сябрам за ўсё, што яны робяць, за тое, што яны побач да гэтага часу".
Прысуд будзе агучаны 2 ліпеня ў 14.30.
Праваабарончы цэнтр "Вясна" з дапамогай валанцёраў адсочвае гэты судовы працэс
Падтрымаць лістамі і паштоўкамі абвінавачаных Цімура Піпія, Тамаза Піпія, Дзяніса Болтуця і Віталя Шышлова можна па адрасе: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2. |