"Яму пагражаюць, што з турмы жывым не выйдзе". Ціск на палітвязня Ягора Дуднікава працягваецца і на "Валадарцы"
20-гадовага грамадзяніна Расійскай Федэрацыі Ягора Дуднікава затрымалі 5 траўня ў Мінску і змясцілі ў СІЗА КДБ. Хлопцу прад'явілі абвінавачванне па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Крымінальную справу супраць яго распачалі з-за таго, што ён агучваў відэаролікі і аўдыёпаведамленні ў телеграм-канале "ОГСБ". Ягор праз ліст з СІЗА распавёў пра катаванні і збіццё, якія ўжываліся да яго пасля затрымання. 31 траўня хлопца перавялі ў СІЗА-1. Па інфармацыі мамы, запалохвання, фізічны гвалт і ціск на хлопца працягваюцца і на "Валадарцы" — "яму пагражаюць, што жывым з турмы не выйдзе". Юлія рыхтуе звароты ў Камітэты ААН па фактах катаванняў і жорсткага абыходжання з сынам. Ягор зноў перадаў запіску на волю, у якой распавядае пра жорсткія ўмовы ўтрымання ў СІЗА-1, пра падтрымку з волі і перажыванні пра былога сукамерніка Рыгора Кастусёва. "Вясна" публікуе словы палітвязня.
"У мяне моцныя галаўныя болі, бессонніца, прыступы панічнага страху. Псіхолаг або псіхатэрапеўт не прыходзяць, хоць я пішу заявы праз дзень. Зуб баліць і ежа вельмі дрэнная. Катастрафічна не хапае вітамінаў і нармальнай чалавечай ежы. Ад мамы дайшло толькі адно пісьмо, ад дзяўчыны – ні аднаго! Затое прыйшло некалькі лістоў ад зусім незнаёмых людзей, што мяне вельмі падтрымала і ўзрадавала. Яшчэ прыйшла адна пасылка таксама ад невядомага чалавека — я быў гэтаму вар'яцка рады.
У душ водзяць адзін раз у тыдзень. На гэтым тыдні не было ў душы гарачай вады (прыйшлося мімаволі гартавацца). Пры гэтым, у душы даюць 10 хвілін часу на ўсе справы, чаго катастрафічна не хапае.
Яшчэ Рыгор Кастусёў, з якім я сядзеў разам з Бабарыка ў СІЗА КДБ вельмі моцна перажывае, што яму не даходзяць лісты і навіны з волі. Яму будзе вельмі прыемна, калі яго падтрымаюць добрым словам ці навінамі!
Знаходжанне ў СІЗА дае магчымасць падумаць і гэта моцна загартоўвае. Не ведаю, ці зробяць мяне палітвязням. Дзіка прашу прабачэння і перадаю прывітанне ўсім, і усіх люблю".
Мама Ягора распавядае, што ён таксама перадаў ім, што вельмі ганарыцца сваёй сям'ёй і верыць у самае лепшае. У Бабарыка, калі сядзеў з ім у адной камеры ў СІЗА КДБ, шмат пытаўся пра бізнес і стартапы, усё канспектаваў. Збіраецца вучыць ангельскую мову.
"Мне вельмі горка і страшна за сваё дзіця"
Таксама мама Ягора адзначае, што яго дзяўчына піша па тры лісты ў тыдзень і яна сама адправіла не адзін ліст, але іх яму не аддаюць. Юлія расцэньвае тое, што яе сыну не аддаюць лісты ад родных людзей, яшчэ адным спосабам прэсінгу і здзекаў. Яна рыхтуе звароты з нагоды сына ў Камітэты ААН і падкрэслівае, што не мае намеру здавацца:
"Я не пакіну гэта ў такім стане. Я ўжо пішу ліст у Міжнародны камітэт па абароне правоў чалавека і ў Камітэт супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных або прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання. Я ў жаху, што ў сучасным свеце могуць быць такія ўмовы ўтрымання зняволеных, што адны людзі дазваляюць сабе здзекавацца над іншымі людзьмі. Мне вельмі горка і страшна за сваё дзіця, што яму даводзіцца такое трываць і спрабаваць выжываць у такіх умовах".
"Ён закаханы хлапчук, а не падрыхтовец паўстанняў". 20-гадовага расейца абвінавачваюць у арганізацыі пратэстаў у Мінску
"Калі я лёг, то пачуў гук перадзёрнутага затвора пісталета". Расіянін Ягор Дуднікаў распавёў з СІЗА пра сваё затрыманне
Адрас для лістоў:
СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2
Ягору Аляксандравічу Дуднікаву