У Магілёве палітвязня Цурпанава, асуджанага раней на «хімію», адправілі ў калонію на 2 гады
Палітзняволенага і з аднаго з лідараў леташніх пратэстаў у Магілёве Валадара Цурпанава асудзілі да 2 гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму на 2 гады за ўхіленне ад адбывання пакарання ў папраўчай установе адкрытага тыпу (арт. 415 КК), піша "Радыё Свабода". Падставай для крымінальнай справы супраць актывіста, асуджанага на тры гады «хіміі», стала, як адзначана ў абвінавачанні, парушэнне правілаў унутранага распарадку ва ўстанове. Падсудны сваёй віны не прызнае і заяўляе, што «следства ў ягонай справе не было». Працэс праходзіў у судзе Круглянскага раёну пад старшынствам суддзі Дзмітрыя Сасноўскага. Дзяржаўнае абвінавачанне прадстаўляў пракурор раёну Міхаіл Андросенка. Падсудны бараніў сябе сам.
У апошнім слове Валадар Цурпанаў заявіў, што яго незаконна і несправядліва ўзялі пад варту. Ён назваў інкрымінаваны яму артыкул «рудыментам гулагаўскай сістэмы пакарання», які мае быць скасаваным. Цурпанаў лічыць, што ягонае зняволенне з'яўляецца помстай за тое, што ён дамогся сустрэчы з кіраўнікамі гораду і вобласці, на якой агучыў патрабаванні пратэстоўцаў. Згадаў, што «край знаходзіцца ў працэсе негвалтоўнай рэвалюцыі», мэта якой палягае ў выбудоўванні беларускай дзяржавы, і гэта, настойваў ён, абумовіла яго зняволеньне.
За падтрымку ў няволі Цурпанаў падзякаваў жонцы, сваякам, калегам-праваабаронцам, а таксама сябрам ды шматлікай грамадзе тых, хто дасылаў яму лісты.
На самім працэсе падсудны віны не прызнаў і настойваў, што «следства ў ягонай справе не было». Справу Цурпанаў назваў сфабрыкаванай і прасіў суд спыніць крымінальны пераслед праз адсутнасць складу злачынства.
Паводле абвінавачання, дысцыплінарныя спагнаньні на Цурпанава накладаліся за тое, што ён у недазволены час ляжаў і сядзеў на ложку, ягонае спальнае месца не было засланае належным чынам, а на ім і на тумбачцы ляжалі асабістыя рэчы.
Асуджанаму на тры гады «хіміі» палітвязню пагражае турма за «ляжанне на ложку, незасланую пасцель і адмову працаваць»
Як Цурпанаў трапіў на «хімію» і што яму інкрымінуюць цяпер
У папраўчую ўстанову адкрытага тыпу № 46, што ў райцэнтры Круглае, Валадар Цурпанаў трапіў за абразу дзвюх магілёўскіх судздзяў — Вікторыі Паляковай і Вольгі Краўчанка. Ён рэзка выказаўся пра іх падчас разгляду адміністрацыйных справаў. Вырак судздзі Магілёўскага раённага суду Аляксандра Халадцова праваабаронцы палічылі палітычна матываваным і звязаным з мірнай рэалізацыяй права на выказванне грамадзянінам сваіх думак.
На «хіміі» ў Круглым Цурпанаў прабыў з 5 лютага па 10 сакавіка 2021 году. Калі распачалі крымінальную справу, яго вывезлі з спэцкамэндатуры ў магілёўскую турму № 4. У ёй актывіст знаходзіўся да суду.
На працэсе ў Круглянскім судзе старшынюе судздзя Дзьмітры Сасноўскі. Дзяржаўнае абвінавачванне прадстаўляе пракурор Міхаіл Андросенка. Падсудны бароніць сябе сам. На пачатку суду зварот абвінавачанага, каб з ім гаварылі па-беларуску, пакінулі без задавальнення. Пракурор і судздзя аргумэнтавалі адмову тым, што ў Беларусі дзве дзяржаўныя мовы. Большасць хадайніцтваў абвінавачанага, тым ня менш, судздзя падтрымаў. Сярод іх — допыт начальніка спэцкамэндатуры.
Паводле абвінавачвання, крымінальную справу на Цурпанава завялі таму, што за час знаходжання ў папраўчай установе яе супрацоўнікі не аднойчы заспявалі яго, калі ён сядзеў і ляжаў на ложку ў недазволены час, сваё спальнае месца ён не засцілаў належным чынам, а на ім і на тумбачцы трымаў асабістыя рэчы.
У абвінавачванні адзначана, што Цурпанаў адмовіўся працаўладкоўвацца на вызначанае адміністрацыяй папраўчай установы прадпрыемства. Згодна з нормамі заканадаўства, асуджаны абавязаны працаваць там, куды яго накіроўваюць. Падставамі для пастаноўкі на прафіляктычны ўлік, як даводзіў адзін з супрацоўнікаў спэцкамэндатуры, стала адмова асуджанага падпісаць добраахвотнае абавязаньне аб правапаслухмяных паводзінах ды нежаданьне ўдзельнічаць у гуртках самадзейнасьці. Ён нагадаў, што Цурпанаў не прызнаў віны за ўчыненае ім у Магілёве злачынства.
За ўсе гэтыя парушэнні на асуджанага спачатку накладалі спагнанні, а потым распачалі крымінальную справу за ўхіленне ад адбывання ім пакарання. Супрацоўнікі папраўчай установы адзначалі, што асуджаны непаважліва гаварыў з імі, на заўвагі не звяртаў увагі, даваць тлумачэнні адмаўляўся.
Што было на судзе
Супрацоўнікі спэцкамендатуры на судзе казалі, што Цурпанаў патрабаваў, каб з ім гаварылі па-беларуску і афармлялі дакументы на беларускай мове. Гэтага яны зрабіць не маглі, бо справаводства ў іх расейскамоўнае. Яны прызнаваліся, што з такім асуджаным, як Цурпанаў, сутыкнуліся ўпершыню. Па словах Цурпанава, кіраўніцтву спэцкамендатуры ён прапаноўваў арганізаваць курсы беларускай мовы. Адмову гаварыць з ім па-беларуску лічыў дыскрымінацыяй і парушэннем канстытуцыйных правоў.
На судзе ён прасіў, каб з ім таксама гаварылі па-беларуску, але пракурор і суддзя не задаволілі хадайніцтва, патлумачыўшы адмову тым, што ў Беларусі дзве дзяржаўныя мовы.
Хто такі Цурпанаў
Валадар Цурпанаў — актывіст апазыцыі з канца 1980-х гадоў. Кіраваў абласной арганізацыяй Партыі БНФ. У 1997-м галадаў 10 дзён у ізалятары. У жніўні 2020-га дамогся сустрэчы з кіраўнікамі гарадзкой і абласной выканаўчай улады Магілёва.
1 верасня 2020-га прыйшоў на ўрачыстую лінейку ў 43-ю магілёўскую школу і заклікаў пэдагогаў, якія працавалі ва ўчастковых камісіях, пакаяцца за фальсыфікацыю выбараў. Яго затрымалі і асудзілі на 20 дзён адміністрацыйнага арышту. Агулам за чатыры месяцы пратэстаў правёў у няволі 43 дні. 10 дзён трымаў сухую галадоўку, пратэстуючы супраць незаконнага зьняволення. Быў шпіталізаваны. Да зняволення рабіў мантажнікам у прыватнай арганізацыі.