Распавядаем пра травень у «сутках» і штрафах (+інфаграфіка)

2021 2021-06-04T13:05:57+0300 2021-06-04T13:05:57+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/perasled_traven_by1.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабаронцам «Вясны» вядома як мінімум пра 332 затрыманых беларусаў у траўні па адміністрацыйных справах, звязаных з акцыямі пратэсту. З іх 74 чалавека аштрафавалі агулам на 261 609 рублёў (9 021 базавых велічыняў), што ў 2,5 разы больш, чым у красавіку. На «суткі» тэрмінам ад 5 да 30 сутак былі адпраўленыя 160 чалавек. Агулам за адзін месяц беларускія суддзі арыштавалі па «палітычных артыкулах» на 2 144 сутак (амаль 6 гадоў). Справы яшчэ мінімум 30 чалавек адправілі на «дапрацоўку» або спынілі праз даўнасць правапарушэння. «Вясна назірае» традыцыйна склала спіс самых дзіўных і недарэчных прычын, за якія беларусаў каралі на працягу мінулага месяца. 

За сваю працу журналістаў масава штрафуюць і арыштоўваюць

Журналістку Глафіру Жук арыштавалі на 30 сутак за пікет перад будынкам суда. Доказамі сталі скрыншоты з публікацый у Facebook. Глафіру затрымалі 29 траўня, аб чым яна сама паспела паведаміць. У Маскоўскім РУУСе на яе склалі пратакол па ч.3 арт. 24.23 КаАП за «пікетаванне перад будынкам суда і выказванне сваіх палітычных інтарэсаў, што было выяўлена шляхам маніторынгу сацыяльнай сеткі 28 траўня».

Таццяну Капітонаву затрымалі 13 траўня, калі яна здымала канферэнцыю Emerge у мінскім каворкінгу Startup Family.14 траўня ў судзе Савецкага раёна справу журналісткі разглядзела суддзя Алена Жуковіч. У Савецкім РУУСе на фотакарэспандэнтку склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП і абвінавацілі ва ўскладанні кветак каля Камароўкі. Таццяна пацвердзіла суду, што была каля Камароўкі, але віну не прызнала, бо, па яе словах, нічога не ўскладала. У выніку, суддзя Жуковіч пакарала Капітонаву 10-сутачным арыштам.

53-гадовага журналіста-фрылансера Алеся Сіліча арыштавалі на 10 сутак. Сіліча затрымалі 21 траўня за "размахванне БЧБ-стужачкай і пашпартам з гербам Пагоня". У Першамайскім РУУСе на журналіста склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП і адправілі ў ІЧУ на Акрэсціна чакаць суд. 24 траўня справу Сіліча разглядзела суддзя Ліннік, але ўжо пасля заканчэння 72-гадзіннага тэрміну.

Журналістку TUT.BY Любоў Каспяровіч арыштавалі на 15 сутак. Суд Маскоўскага раёна палічыў, што Каспяровіч удзельнічала ў масавым мерапрыемстве каля будынку Дома Правасуддзя, дзе ў той час пачынаўся разгляд "справы студэнтаў". На журналістку склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП.

У Магілёве арыштавалі журналістаў Аляксандра Буракова і Уладзіміра Лапцэвіча на 20 сутак арышту. Іх затрымалі 12 траўня і абвінавацілі ва ўдзеле ў "несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве" каля суда Магілёўскай вобласці, куды яны прыйшлі, каб зрабіць рэпартаж з паседжання па справе Севярынца, Афнагеля, Вінярскага і іншых.

Журналіста газеты "Беларусы і рынак" Арцёма Маёрава арыштавалі на 15 сутак за «дробнае хулігантва». Карэспандэнт прыехаў у сераду да офіса TUT.by у момант ператрусу і перастаў выходзіць на сувязь.

Гомельскую журналістку Ларысу Шчыракову аштрафавалі на 725 рублёў (25 базавых) па арт. 23.5 (незаконны збор і распаўсюд інфармацыі). Маёр Цэнтральнага раёны Жаўняк даслаў адпаведнае паведамленне журналістцы наўпрост у «Аднакласніках».

Журналіста Дзмітрыя Лупача двойчы аштрафавалі на 870 рублёў (30 базавых) у Браслаўскім і Глыбоцкім судах за розныя відэаролікі на YouTube.

Журналіста Андрэя Фралова затрымалі 4 траўня ў Бярозаўцы і змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання ў Лідзе. Першапачаткова паведамлялася, што Фралова абвінавачваюць у непадпарадкаванні міліцыі. А 7 траўня журналіста асудзілі па двух артыкулах: 24.3 КаАП – «непадпарадкаваньне законным патрабаваньням службовай асобы» і 23.5 КаАП – «парушэнне заканадаўства пра друк і іншыя сродкі масавай інфармацыі». У выніку, Фралова асудзілі адразу на 15 сутак і дадаткова аштрафавалі на 870 рублёў (30 базавых).


Экс-міліцыянта двойчы асудзілі на «суткі»

20 траўня затрымалі былога міліцыянта Ягора Емяльянава, які адмовіўся ў жніўні ўдзельнічаць у падаўленні пратэстаў у Наваполацку і звольніўся з міліцыі. За тыдзень да затрымання Ягор даў некалькі інтэрв'ю. Ужо 20 траўня супрацоўнікі міліцыі прышлі па Ягора на яго працоўнае месца — у сталічны фітнэс-цэнтр. 21 траўня прайшоў першы суд над Емяльянавым. Справу разглядзеў суддзя Сяргей Шаціла. Па словах Ягора, у 18:00 два супрацоўнікі ў цывільным прапанавалі праехаць з імі ў Савецкі РУУС для "ўдакладнення нейкіх дадзеных па яго фотаробату". Пасведчанне паказаў толькі адзін з іх — супрацоўнік наркакантролю. Ва ўпраўленні супраць мужчыны склалі пратакол па арт. 19.1 КаАП за «дробнае хуліганства». У выніку, суддзя Шаціла арыштаваў экс-міліцыянта на 15 сутак, адхіліўшы ўсе хадайніцтва адваката.

24 траўня справа Емяльянава зноў з'явілася ў раскладзе суда. На гэты раз яе разглядала суддзя Алена Жуковіч. Суд пачаўся пасля заканчэння працоўнага дня:

— Судовае паседжанне працягнутае. Што гэта ў Вас на руках?

— Кайданкі.

— У сувязі з чым?

— У сувязі з тым, што я былы супрацоўнік. Яны палічылі, каб я больш памучаўся…

Новы пратакол па арт. 24.3 КаАП на экс-міліцыянта склалі 20 траўня ў 18:20, то бок праз 20 хвілін пасля першага "правапарушэння". Па словах Ягора, ён нават не ведаў, што быў затрыманы амаль да прыезду ў ЦІП на Акрэсціна.

Віны сваёй ён не прызнаў і дадаў: 

— Я 17 гадоў служыў у міліцыі і ведаю, што можа быць за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі, таму я гэтага не здзяйсняў.

На скрыншотах з відэа, якое было зроблена ў момант затрымання на яго працоўным месцы ў фітнэс-цэнтры, бачна, што ў час "здзяйснення правапарушэння" Ягор знаходзіўся на працы, а не "парушаў спакой грамадзян на вуліцы". Таксама сведкі-міліцыянты сцвярджалі, што былі ў форменным абмундзіраванні, але бачна, што насамрэч яны былі ў цывільным. Емяльянаў добраахвотна выйшаў з імі ў 18:04 без парушэння закону. 24 траўня суддзя Алена Жуковіч адмовілася далучыць да матэрыялаў справы гэта відэа. Суддзя палічыла, што яно не адносіцца да справы, бо доказаў у матэрыялах справы для яе аказалася дастаткова, таму яна асудзіла Емяльянава яшчэ на 15 сутак. Таксама стала вядома, што Ягора змясцілі ў бетонны карцар, у якім акрамя яго сядзяць яшчэ чатыры чалавекі.


За БЧБ-стужкі на дрэвах — 30 сутак і 2320 рублёў

Раніцай 25 траўня да сям'і Ганны і Сяргея Абраменкавых прыйшлі з ператрусам супрацоўнікі міліцыі "для праверкі інфармацыі аб магчымым дачыненні да крымінальнай дзейнасці" праз скаргі неабыякавых грамадзян. Ператрус праводзілі на вачах дзяцей чатырох і шасці гадоў. Абраменковым сказалі, што ў міліцыю паступіла скарга аб тым, што нібыта Ганна забяспечвае пратэстоўцаў БЧБ-стужачкамі і балонікамі. Пры ператрусе ў доме знайшлі БЧБ-стужачкі і арыштавалі ўсю тэхніку. Дзяцей на машыне Ганны ў суправаджэнні супрацоўніка адвезлі да іх бабулі, а потым на яе ж машыне жанчыну даставілі ў РУУС, дзе доўга вывучалі змест тэлефон і некалькі разоў дапытвалі — шукалі ўдзельнікаў закрытых чатаў. Нягледзячы на гэта, мужа і жонку абвінавацілі ў пікетаванні шляхам размяшчэння БЧБ-стужачак на дрэвах у пасёлку Калодзішчы каля а 5 раніцы 1 і 8 траўня. У выніку, суддзя Крапачоў арыштаваў Сяргея на 30 сутак, а Ганну аштрафаваў на 2320 рублёў.  

За павагу загінуламу падчас мірнай акцыі пратэсту Аляксандру Тарайкоўскаму 

Дваіх мінчукоў 7 траўня асудзілі на 13 сутак за жэсты "Віктары" і запальванне лампадак каля народнага мемарыяла Тарайкоўскага. Іх затрымалі 6 траўня, у Фрунзенскім РУУСе на іх склалі пратаколы па арт. 24.23 КаАП і абвінавацілі ў «пікетаванні шляхам паднятай рукі ўверх і дэманстрацыі жэста "Вікторыя"». Але сведка-міліцыянт на судзе заявіў, што ўвагу хлопцы прыцягнулі тым, что запалілі лампадкі каля мемарыяла. Максім і Аляксандр гэта адмаўляюць. У выніку, суддзя Марыя Ярохіна палічыла віну хлопцаў даказанай і арыштавала Максіма і Аляксандра на 13 сутак.

56-гадовая лекарка-кардыёлаг Вольга Карнеева 16 траўня каля 16.20 усклала кветкі да народнага мемарыялу Аляксандра Тарайкоўскага. У гэты момант да яе адразу пад'ехаў бус, адкуль выйшлі каля сямі супрацоўнікаў АМАПу, адзін з якіх здымаў усё на відэа. Яе затрымлівалі адразу чацвёра супрацоўнікаў. Суддзя Ярохіна падчас суда 17 траўня ўдакладніла, ці знаходзіцца на станцыі метро "Пушкінская" якое-небудзь пахаванне. Карнеева нагадала суду, што на тым месцы загінуў чалавек. Па словах сведкі, акрамя ўскладання кветак, Вольга яшчэ і ўздымала руку ўверх каля дарогі, каб прыцягнуць увагу кіроўцаў. Вынік - 5800 рублёў (200 базавых).

78-гадовую пенсіянерку Галіну Іванову аштрафавалі на 4350 рублёў за адзін цюльпан каля мемарыялу Тарайкоўскага, які яна ўсклала 16 траўня. Але ў рапарце ўчастковага Фрунзенскага РУУСа сказана, што пенсіянерка «ўздымала два пальцы ўверх каля дарогі, ускладала кветкі і махала праязджаючым машынам, чым парушыла закон аб масавых мерапрыемствах». 

Дзмітрыя Нявейку 17 траўня абвінавацілі ў тым жа, у чым абвінавачваюць усіх затрыманых каля мемарыяла Тарайкоўскага: несанкцыянаванае пікетаванне шляхам укладання кветак і ўзняцця рукі ўверх. За сваю павагу загінуламу падчас мірнай акцыі пратэсту Дзмітрыя асудзілі на 30 сутак арышту.

33-гадовы Аляксандр Удавеня 17 траўня вырашыў дапамагчы прыбраць сметнік з мемарыяла Тарайкоўскага. Сведка на судзе сцвярджаў, што хлопец ускладваў кветкі і паказваў жэсты, а Аляксандр гэта адмаўляў. Вынік — 13 сутак.


15 сутак і 100 базавых — столькі каштуюць белыя лісты на вокнах 

Чатырох мінчукоў асудзілі за белыя лісты на вокнах іх кватэр. Суддзі палічылі, што белыя лісты памерам А4 з’яўляюцца адным са спосабаў выказвання сваіх палітычных інтарэсаў. Таму яны прызналі мінчукоў вінаватымі па арт. 24.23 КаАП і арыштавалі дваіх на 15 сутак арышту і яшчэ дваіх аштрафавалі на 2900 рублёў (100 базавых велічыняў).

25 сутак за бел-чырвона-белае адзенне

Рэчыцкага прадпрымальніка Дзяніса Шылянка затрымалі 27 траўня ў Гомелі. Дзяніс быў апрануты ў белыя шорты, чырвоную кашулю, і белую цішотку з выявай герба Рэчыцы. Родныя лічаць, што гэта і прыцягнула ўвагу міліцыянтаў. Дзянісу прысудзілі 25 сутак арышту паводле артыкула 24.23 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства).


Арышт на 20 сутак за значкі з Пагоняй на заплечніку

25-гадовага Віталя Апеду затрымалі 30 траўня наўпрост на вуліцы Мінска. Прычынай затрымання сталі два значкі з гербам Пагоня, БЧБ-сэрцайка і тры БЧБ-стужачкі на заплечніку. 31 траўня суд над хлопцам прайшоў фактычна ў закрытым рэжыме — у раскладзе суда яго не было. Суддзя Першамайскага раёна прызнала Віталя вінаватым у пікетаванні і арыштавала яго на 20 сутак.


Сямейную пару з Полацка асудзілі за шпацыр са сцягам 

9 траўня Уладзімір і Юлія Яўсеевы разам з сябрамі ў двары свайго прыватнага дома ў полацкім мікрараёне Грамы адзначалі свята. Каля 22.00 яны выйшлі на вуліцу з бел-чырвона-белым сцягам. У міліцыю патэлефанавалі суседзі, праз 20 хвілін прыехала міліцыя. Сямейную пару трымалі ў пастарунку да раніцы. Уладзіміра ранкам адпусцілі, а Юлію кінулі на трое сутак у ІЧУ Полацку. У выніку, іх прызналі вінаватымі ў правапарушэнні па арт. 24.23 КаАП і пакаралі Уладзіміра Яўсеева 20-сутачным арыштам, а Юлію аштрафавалі на 70 базавых велічыняў.


За фотаздымак у лесе з БЧБ-сцягам — 15 сутак

Таксама 12 траўня палачанку Вольгу Папову арыштавалі на 15 сутак. Папову абвінавацілі ў фатаграфаванні ў лесе з БЧБ-сцягам і склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП. Час суду над Вольгай 12 траўня ўтойваўся не толькі ад грамадскасці, але і ад адваката. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, першыя трое сутак Вольгу Папову трымалі ў адзіночнай камеры і на допыты выводзілі ў кайданках. Перадачы для яе не прымалі.


20 сутак арышту за прывітанне патрульным

Леанід Кузьміч 16 траўня прагульваўся па Мінску. Было добрае надвор'е, ён набыў сабе шаурму, па дарозе ўбачыў патрульных і вырашыў з імі павітацца: "Добры дзень, Жыве Беларусь". Такі парыў пачуццяў расцанілі як пікетаванне, за што на Леаніда склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП. Суддзя Шаціла ўдакладніў, ці вядома хлопцу, што фраза, якую ён назваў, з'яўляецца вядомай у грамадстве і мае сэнсавую нагрузку. У выніку, Кузьміча асудзілі на 20 сутак арышту.


За белы бранзалет на руцэ, па-ранейшаму, можна паехаць на «суткі»

31-гадовы Аляксандр Клубовіч быў затрыманы днём 29 траўня. На вуліцы Герцана да хлопца падышлі двое невядомых у цывільным і сказалі, што «Аляксандр падыходзіць пад апісанне». Хлопца адвезлі ў аддзяленне, бо ў яго не было з сабой дакументаў. На руцэ ў Клубовіча быў белы бранзалет, які, на думку хлопца, і стаў прычынай затрымання. Але ў Цэнтральным РУУСе на Клубовіча склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП за пікетаванне і лозунг "Жыве Беларусь". 31 траўня Клубовіча арыштавалі на 15 сутак.


За БЧБ-шалік трэба заплаціць 30 базавых штрафу

62-гадовая Зінаіда Смірнова 29 траўня вярталася дадому з могілак. Жанчына ішла міма Курапатаў з абматаным вакол паясніцы шалікам, які ёй звязала яе матуля некалькі год таму. У гэты момант за ёй пачалі гнацца невядомыя, таму Зінаіда ад страху стала ад іх уцякаць:

— Я пачала ўцякаць з крыкамі "Ратуйце, міліцыя". Яны дагналі, схапілі і сказалі, што яны і ёсць міліцыя. У Савецкім РУУСе на Смірнову склалі протакол па арт. 24.23 КаАП і абвінавацілі яе ў адзіночным пікетаванні па вуліцы Мірашнічэнкі шляхам размахвання БЧБ-шалікам праязджаючаму міма транспарту, а таксама воклічаў «Жыве Беларусь». Вынікам стаў штраф у памеры 870 рублёў (30 базавых). 

За БЧБ-плакат — 20 сутак

17 траўня 58-гадовы Аляксандр Кутас выйшаў на волю пасля 25-сутачнага арышту. У мінулы раз яго затрымалі каля метро "Малінаўка" за тое, што ён прадаваў труса з БЧБ-аброжкам. Пра гэта нам стала вядома ад яго сукамерніка. Увечары 23 траўня Аляксандра зноў затрымалі, але ўжо каля метро "Каменная горка" за БЧБ-плакат. У Фрунзенскім РУУСе на яго склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП за несанкцыянаванае пікетаванне і дадалі яшчэ пратакол па арт. 24.3 КаАП за адмову прайсці ў службовы аўтамабіль. Суддзя Фрунзенскага раёна асудзіла яго да 20 сутак арышту. "Вясна назірае" даведалася ў яго сукамерніка, сколькі сядзіць на "сутках па народным артыкуле" і як жыве бяздомны мужчына, які стаў "БЧБ-пагрозай" для мінскіх міліцыянтаў:


Суткі і штрафы за ўдзел у велагонке

Каля 17:50 16 траўня на Цнянскім вадасховішчы ў Мінску затрымалі групу раварыстаў. Затрыманыя — удзельнікі MINSK FIXED GEAR. У той дзень там павінна была адбыцца гонка Toure de Tsna. 

На судзе ўсе раварысты пацвярджалі паказанні адзін аднаго: збіраліся адкрыць веласезон, праінфармавалі ўдзельнікаў праз групу ў сацсетках, на Цнянскім вадасховішчы не ўдзельнічалі ў масавых мерапрыемствах, лозунгі не выкрыквалі і сімволікі пры сабе не было. У выніку, суддзі Савецкага раёна Мінска асудзілі 22 раварыста: толькі 4 з іх пакаралі штрафамі ў памеры 1450 рублёў (50 базавых), а астатніх 18 арыштавалі на тэрмін ад 10 да 20 сутак.


За дваравы Марш, у якім жыхаркі «Сухарава», па словах іх сваякоў, не прымалі ўдзел

26 траўня на вуліцы Шаранговіча, 59 прайшоў дваравы Марш, у якім прынялі ўдзел не менш за 30 чалавек. Марш абышоўся без затрыманняў, але за людзьмі, якія жывуць у гэтым раёне пачалі прыходзіць дадому ўжо на наступны дзень. У некаторых з іх дома правялі агляды і канфіскавалі БЧБ-сімволіку і тэхніку. 

У Фрунзенскім РУУСе на чатырох жанчын склалі пратаколы па арт. 24.23 КаАП за ўдзел у несанкцыянаваным пікетаванні. Справы 54-гадовай Наталлі Дырыкавай і 41-гадовай Святланы Аганавай накіравалі суддзе Андрэю Млечке. Святлана на судзе пацвердзіла, што прыняла ўдзел, каб маральна падтрымаць палітвязняў. Але яе сваякі сцвярджаюць, што ў гэты дзень яна разам з імі была дома і не разумеюць, чаму яна сябе агаворвае. Наталля таксама пацвердзіла, што брала ўдзел у дваравым Маршы. Але і тут сваякі не згодныя з гэтым. Наталлю затрымалі наўпрост у яе машыне пасля працы – сваякі заўважылі машыну, але дадому Наталля так і не прыйшла. Вынік – 10 сутак кожнай.

А вось 53-гадовай Святлане Геваідзян-Рогавай пашанцавала менш – яе справу разглядала суддзя Марыя Ярохіна. Па словах жанчыны, удзел у шэсці яна не прымала. У той вечар яна сапраўды выходзіла з хаты: у паліклініку і краму. Але яе абвінавачваюць у «актыўным удзеле ў масавым мерапрыемстве, на якім яна выкрыквала лозунгі з БЧБ-сцягам». Сведка-міліцыянт распавёў, што назіраў абстаноўку да таго моманту, як павінен быў пад'ехаць бус. Затрымалі Святлану 27 траўня ў яе дома. Да яе прыйшлі супрацоўнікі міліцыі і агледзелі кватэру. Прычын для агляду ёй не назвалі. Дома канфіскавалі сцягі, стужкі, планшэт і тэлефоны. Святлану даставілі ў Фрунзенскі РУУС, дзе склалі пратакол і пакінулі да суда. Суддзя Марыя Ярохіна палічыла віну жанчыны даказанай і арыштавала Святлану на 15 сутак.

47-гадовую Ірыну Малец таксама затрымалі дома 27 траўня, выбіўшы пры гэтым дзверы. Сёння яе справу разглядзеў суддзя Андрэй Млечка праз скайп. У Таццяны дома застаўся 4-гадовы сын – гэта значыць, што яе павінны былі выпусціць яшчэ ўчора, не пазней за тры гадзіны пасля затрымання. Але насуперак закону Ірыну пакінулі ў РУУСе амаль на (!!!) суткі. Ірыну затрымалі за тое, што яна здымала шэсце з 12 паверха сваёй кватэры. Але па пратаколе, Ірына нібыта прыняла ўдзел у масавым мерапрыемстве. Міліцыянт на судзе патлумачыў, што падчас Маршу нікога не затрымалі, бо не паспела пад'ехаць асноўная "сіла". Малец раней ужо прыцягвалася па арт. 24.23 КаАП і пасля абскарджання аднаго са штрафаў, справа з дапрацоўкі так і не вярнулася. Таму, на думку яе суседкі, і адбылося затрыманне. Супрацоўнікі міліцыі, калі прыехалі затрымліваць Ірыну, так і сказалі: "Вы думалі мы пра Вас забыліся?" Суддзя Андрэй Млечка аштрафаваў Ірыну на 5800 рублёў (200 базавых) – гэта максімальнае пакаранне па арт. 24.23 КаАП для матулі непаўнагадовага дзіцяці.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства