Працяг "справы TUT.BY" і новыя затрыманні. Хроніка пераследу за 20 траўня Дапоўнена
Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне. Беларусаў і беларусак забіраюць з дома, затрымліваюць на працы, адбываюцца вобшукі і допыты, заводзяцца новыя палітычна матываваныя крымінальныя справы. Улады ўзмацняюць розныя формы ціску і рэпрэсій на людзей за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўладаў.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:
|
Мінск
20 траўня стала вядома, што па "справе TUT.BY" затрымана былая супрацоўніца партала Ірына Касцючэнка. Яна стала 15-ай затрыманай па гэтай справе. Цяпер яна ў ІЧУ на вул. Акрэсціна. Яе працэсуальны статус пакуль не вядомы.
Тым часам стала вядома, што ў ДФР праходзяць следчыя дзеянні з удзелам удавы Юрыя Зісера Юліі Чарняўскай, пра месцазнаходжанне якой не было вядома з сярэдзіны дня 18 траўня. З нагоды знікнення Юліі яе сваякі падалі заяву ў КДБ Беларусі.
Дапоўнена: Увечары стала вядома, што Юлія Чарняўская знаходзіцца дома пад хатнім арыштам.
Спіс затрыманых па "справе TUT.BY"
"Белсат" паведамляе пра затрыманне былога міліцыянта Дзмітрыя Кулакоўскага, асуджанага на два гады "хіміі" па артыкуле аб абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК). У хуткім часе ён мусіў паехаць адбываць пакаранне. Прычыны цяперашняга затрымання невядомы:
«Зараз а 17:00 будзе суд. Забралі яго проста з дому. Рэчы засталіся. Я не змагла датэлефанавацца, вярнулася і зразумела. Патэлефанавала ў Ленінскі РУУС, і мне паведамілі, што ён у іх. І будзе накіраваны на Акрэсціна», – паведаміла "Белсату" яго жонка.
У доме былога старшыні Прафсаюза РЭП Васіля Завадскага прайшоў ператрус. Праводзілі яго супрацоўнікі КДБ у межах крымінальнай справы Аўтуховіча. Падчас ператрусу былі вынятыя носьбіты інфармацыі, дакументы, некаторыя рэчы. Сам Васіль у дадзены момант за мяжой.
МУС у сваім тэлеграм-канале паведаміў, што 18 траўня рашэннем суда Цэнтральнага раёна Мінска тэлеграм-каналы «НАШ ДОМ», «Ігар Макар | афіцыйны канал» і «НАШ ДОМ ТБ», а таксама youtube-каналы "НАШ ДОМ ТБ" і "Ігар Макар" трапілі ў спіс экстрэмісцкіх. Падставай для гэтага сталі матэрыялы ГУБАЗіК МУС.
Праваабаронцам стала вядома пра затрымання ў Мінску Аляксея Чарняева. Яго забралі з дома за бел-чырвона-белыя сняжынкі на акне.
Бабруйск
Таксама МУС паведамляе пра затрыманне ў Бабруйску 31-гадовага мясцовага жыхара, супраць якога ўзбуджана крымінальная справа за абразу прэзідэнта (арт. 368 КК). Мужчына ў размове з суразмоўцам па відэасувязі неаднаразова наўмысна абражаў кіраўніка дзяржавы.
Магілёў
Да палітвязня Станіслава Паўлінковіча прыходзілі з ператрусам нібыта па "справе Аўтуховіча". Сілавікі канфіскавалі камп'ютар, флэшкі і БЧБ-сцяг. Зараз Станіслаў адбывае пакаранне на «хіміі» за абразу суддзі.