viasna on patreon

Хроніка палітычнага пераследу ў Беларусі 19 траўня Дапоўнена

2021 2021-05-19T17:34:00+0300 2021-05-21T17:15:24+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/radzkova.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне. Беларусаў і беларусак забіраюць з дома, затрымліваюць на працы, адбываюцца вобшукі і допыты, заводзяцца новыя палітычна матываваныя крымінальныя справы. Улады ўзмацняюць розныя формы ціску і рэпрэсій на людзей за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўладаў. 

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:

  • +375 44 734 45 51
  • +375 29 835 94 49
  • Тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Мінск

Напярэдадні, 18 траўня, у мінскі і рэгіянальныя офісы партала TUT.BY, а таксама дамой да часткі супрацоўнікаў прыйшлі сілавікі, каб правесці вобшукі. Таксама яны праходзілі ў офісах Hoster.by і Av.by. Дэпартамент фінансавых расследванняў КДК паведаміў, што супраць TUT.BY узбуджана крымінальная справа па факце ўхілення ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры (ч. 2 арт. 243 КК). Больш за дзясятак журналістаў, супрацоўнікаў TUT.BY, партнёраў перасталі выходзіць на сувязь. Частку бліжэй да ночы вызвалілі, але як мінімум 10 чалавек застаюцца затрыманымі.

Па стане на 21 траўня затрыманы:

  1. галоўная рэдактарка TUT.BY Марына Золатава - затрыманая на 72 гадзіны, у статусе падазраванай (СІЗА Жодзіна);
  2. генеральная дырэктарка TUT.BY Людзміла Чэкіна (ІЧУ на Акрэсціна);
  3. галоўная бухгалтарка TUT.BY Анжэла Асад (СІЗА КДБ);
  4. намесніца дырэктаркі TUT.BY Ірына Рыбалка (ІЧУ на Акрэсціна);
  5. кіраўніца распрацоўшчыкаў TUT.BY Ала Лапатка (ІЧУ на Акрэсціна);
  6. юрыстка TUT.BY Кацярына Ткачэнка;
  7. журналістка Алена Талкачова (СІЗА Жодзіна);
  8. рэдактарка Вольга Лойка (СІЗА Жодзіна);
  9. намеснік галоўнага бухгалтара Марыя Новік (ІЧУ на Акрэсціна);
  10. намеснік генеральнага дырэктара па тэхнічных пытаннях Аляксандр Дайнэка;
  11. менеджэр Андрэй Аўдзееў (СІЗА КДБ);
  12. дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў (СІЗА КДБ);
  13. дырэктарка RocketData Дар'я Данілава (СІЗА КДБ);
  14. Ірына Касцючэнка - былая супрацоўніца TUT.BY.

Юлія Чарняўская знаходзіцца пад хатнім арыштам.

Таксама каля офісу TUT.by быў затрыманы журналіст "Беларусы і рынак" Арцём Маёраў, які прыехаў асвятляіць падзеі. Яго змясцілі ў ІЧУ на Акрэсціна.

У офіс TUT.by і да журналістаў прыйшлі сілавікі

Храналогія падзей 18 траўня

Тэлеграм-канал "Спісы затрыманых" паведамляе пра затрыманне ў Мінску Ірыны Коневай. Таксама "Вясне" паведамілі пра затрыманне Сяргея Бялевіча.

Галоўны рэдактар "Нашай Нівы" Ягор Марціновіч паведаміў, што кватэру, дзе ён жыве разам з жонкай, журналісткай TUT.BY Адар'яй Гуштын, збіраюцца штурмаваць сілавікі. Кватэра ачэпленая, каля яе дзяжураць сілавікі, каля дома - мікрааўтобусы. У кватэры нікога няма.

Дапоўнена: У кватэры прайшоў ператрус, была вынята тэхніка.


Віцебск

"Віцебская Вясне" стала вядома, што затрыманых 17 траўня ў Наваполацку давераную асобу Ціханоўскай Алену Радзькову і актывіста Артура Сінегу падазраюць па артыкуле 342 Крымінальнага кодэксу (Арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Па пакуль непацверджанай інфармацыі, яны могуць зназодзіцца ў СІЗА№2 у Віцебску. 

Вядома, што 17 траўня ў Наваполацку былі затрыманы яшчэ некалькі чалавек. У "Вясну" паведамілі, што адна з затрыманых Наталля Рафянкулава знаходзіцца ў віцебскім ІЧУ, супраць яе распачата крымінальная справа.

radzkova.jpg
Алена Радзькова

Ваўкавыск

Суд Ваўкавыскага раёна прызнаў экстрэмісцкім Telegram-канал "Ваўкавыск для жыцця Чат", паведамляе прэс-служба Генпракуратуры. З просьбай прызнаць ТГ-канал экстрэмісцкім звярнулася пракуратура Ваўкавыскага раёна.

Ліда

Напярэдадні ўвечары ў Лідзе быў затрыманы Сяргей Сёмуха. Верагодна, справа датычыцца абразы суддзі Філатава ў пасце ў "Аднакласніках". Зараз Сёмуха ўтрымліваецца ў мясцовым ізалятары часовага ўтрымання.

Гомель

Гомельскі валанцёр Ілля Міронаў паведаміў, што яго другі раз за апошнія два месяцы выклікаюць у якасці сведкі ў Следчы камітэт. Ён лічыць, што гэткім чынам на яго ціснуць за яго грамадскую актыўнасць.

Таксама на допыт у СК выклікана актывістка Святлана Кароль, паведамляе "Гомельская Вясна".

Будзе дапаўняцца

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства