viasna on patreon

На зняволенага па справе "пашкоджання машыны жонкі супрацоўніка ДВП" у калоніі ўзбудзілі крымінальную справу за "парушэнне рэжыму"

2021 2021-05-18T10:04:16+0300 2021-05-18T15:13:20+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/arcem_90.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

На асуджанага да двух гадоў пазбаўлення волі фігуранта справы "пяцёркі, якая пашкодзіла машыну жонкі начальніка з Дэпартамента выканання пакаранняў", у Магілёўскай калоніі завялі новую крымінальную справу па артыкуле 411 Крымінальнага кодэкса (Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі выпраўленчай установы). Адваката да вязня не пускаюць. Папярэдняя прычына новай "крыміналкі" — Арцём нібыта парушыў рэжым: двойчы адмовіўся прыбірацца. Пра гэта "Новаму Часу" паведаміла жонка Арцёма Вольга Анішчук.

Арцём Анішчук. Фота: spring96.org
Арцём Анішчук. Фота: spring96.org

Арцёма Анішчука, якога асудзілі на два гады пазбаўлення волі, перавялі ў Магілёўскую калонію 18 красавіка. На спатканні перад адпраўкай у калонію сужэнцы дамовіліся: калі на працягу трох тыдняў Арцём не дае пра сябе ведаць, то да яго едзе адвакат.

"Я атрымала 10 траўня ліст ад Арцёма, які ён пісаў 3 траўня, — кажа Вольга. — З ліста я зразумела, што ён знаходзіцца ў ПКТ (памяшканне камернага тыпу) ужо сямнаццаць дзён. Рэчы ў яго ўсе забралі, пазбавілі спатканняў і перадач".

У хуткім часе Вользе патэлефанаваў следчы і сказаў, што на Арцёма заведзеная крымінальная справа па 411 артыкуле КК («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі выпраўленчай установы»).

"Я спытала ў следчага, пра якія парушэнні можа ісці гаворка, калі мой муж не знаходзіўся на той момант у калоніі нават месяца, — абураецца Вольга. — На што ён адказаў, што Арцём нібыта парушыў рэжым: двойчы адмовіўся прыбірацца".

Адвакат Анішчука паехаў у Магілёў, аднак следчы размаўляць з ім адмовіўся. Начальнік калоніі заявіў, што адвакат Анішчуку не патрэбны. Аднак Анішчук мае права на абарону, бо на яго ўзбуджана крымінальная справа. У выніку адваката да Арцёма ўсё адно не пусцілі.  

"Мы не ведаем, што там адбываецца з маім мужам, — кажа Вольга. — Зразумела, што адваката да яго не пускаюць не проста так. Я думаю, яны сфальсіфікавалі артыкул і зараз намагаюцца зламаць Арцёма".

Вольга разам з адвакатам ужо напісалі скаргі ў калонію і пракуратуру:

«Мы не будзем апускаць рукі. Мы будзем падымаць гэтую тэму і далей пісаць пра гэта. Я ўпэўненая, што зараз за сценамі калоніі адбываецца нешта нячыстае».

arcjom_aniszczuk_fota_z_sacsetak_logo.jp
Арцём, фота з сацсетак

Нагадаем, пяць мінчукоў затрымалі 29 верасня супрацоўнікі ГУБАЗіКа і САХРа каля той самай машыны намесніка начальніка аддзела арганізацыі аператыўна-рэжымнай працы ў ВК, ВК, ЛПП Дэпартамента выканання пакарання МУС Аляксандр Гейца. На відэа, якія распаўсюдзіла прэс-служба МУС і ONT NEWS, бачна, што сілавікі пры затрыманні выкарыстоўвалі зброю. Па паказаннях абвінавачаных, у пашкоджанні аўто і пры затрыманні прысутнічала каля дзевяці чалавек, на лаве падсудных – пяць чалавек. У матэрыялах справы яны фігуруюць як "неустаноўленыя асобы" ці наогул адсутнічаюць. На думку абвінавачаных, гэта былі супрацоўнікі праваахоўных органаў.

Суд Мінскага раёна 3 лютага вынес прысуды па крымінальнай справы супраць пецярых мінчукоў, затрыманых 29 верасня у Баравой. Іх усіх абвінавацілі ў групавым пашкоджанні аўтамабіля жонкі міліцыянта: «пракалолі шыны, запенілі мантажнай пенай дзвярныя праёмы, залілі фарбай кузаў». Гэтыя дзеянні кваліфікаваныя па ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (злоснае хуліганства). Матэрыяльная шкода машыны склала 5 222 рублёў 88 капеек. Акрамя гэтага, абвінавачаных асудзілі за рэчывы і прадметы, якія сілавікі знайшлі пры вобшуке ў іх дамах і машынах пасля затрымання: па ч. 1 арт. 295-3ч. 2 арт. 296, 329 і па ч. 1 арт. 328 Крымінальнага кодэкса. Суддзя Віктар Шаўцоў асудзіў пяць мінчукоў ад двух да шасці гадоў пазбаўлення волі.

Як праходзілі суды па гэтай справе чытайце ў рэпартажах "Вясны":

sudy_89.jpg

«Памыліўся палітычнымі поглядамі». Судзяць пяць мінчукоў, якіх абвінавачваюць у пашкоджанні машыны жонкі міліцыянта

Суд Мінскага раёна 11 студзеня пачаў разгляд крымінальнай справы Крымінальнага кодэкса супраць пецярых мінчукоў, затрыманых 29 верасня у Баравой. Іх абвінавачваюць у групавым пашкоджанні аўтамабіля жонкі міліцыянта: «пракалолі шыны, запенілі мантажнай пенай дзвярныя праёмы, залілі фарбай кузаў».

На месцы пашкоджання машыны міліцыянта – дзевяць чалавек, на лаве падсудных – толькі пяць

Суд Мінскага раёна працягвае разгляд крымінальнай справы супраць пецярых мінчукоў, затрыманых 29 верасня у Баравой.

Да 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Суд вынес прысуды пяці мінчукам, якія пашкодзілі машыну жонкі міліцыянта

Суд Мінскага раёна 3 лютага вынес прысуды па крымінальнай справы супраць пецярых мінчукоў, затрыманых 29 верасня у Баравой. Іх усіх абвінавацілі ў групавым пашкоджанні аўтамабіля жонкі міліцыянта: «пракалолі шыны, запенілі мантажнай пенай дзвярныя праёмы, залілі фарбай кузаў».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства