Заява праваабарончых арганізацый аб прызнанні пяці новых палітычных зняволеных
Супольная заява прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці
Мінск, 14 траўня 2021 г.
У сувязі з павелічэннем колькасці выпадкаў асуджэння і пазбаўлення волі грамадзянаў краіны па шэрагу дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а таксама ў сувязі са знявагай дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь, мы, прадстаўнікі беларускай правабарончай супольнасці, у чарговы раз пацвярджаючы свае неаднаразова выказаныя патрабаванні па дэкрыміналізацыі дыфамацыі і недапушчальнасці пазбаўлення волі грамадзян за абразу службовых асобаў, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сімвалаў (супольная заява ад 22 снежня 2020 г.), адзначаем наступнае:
Намі атрыманая інфармацыя пра наступных асобаў, пазбаўленых волі за абразу прэзідэнта, прадстаўнікоў улады (супрацоўнікаў міліцыі), суддзяў і знявагу дзяржаўных сімвалаў:
- Аляксандр Цялега – затрыманы, прад’яўлена абвінавачанне па арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады), узяты пад варту ў СІЗА;
- Уладзіслаў Шынковіч – асуджана прысудам суда Навагрудскага р-на Гродзенскай вобласці на паўтары гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу па арт. 391 КК (абраза суддзі), накіраваны для адбыцця пакарання;
- Сяргей Хаванскі – асуджаны прысудам суда Ленінскага р-на г. Гродна на два гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанвоу адкрытага тыпу па арт. 368 КК (абраза прэзідэнта), накіраваны для адбыцця пакарання;
- Арцём Касач – асуджаны прысудам Віцебскага абласнога суда (у выніку апеляцыі на прысуд першай інстанцыі і замены пакарання) на паўтары гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу па арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады), накіраваны для адбыцця пакарання;
- Яўген Люцкі – асуджаны ў закрытым судовым паседжанні прысудам Віцебскага абласнога суда па ч.1 арт. 130 КК (распальванне варажнечы па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці – супрацоўнікі МУС), ч.1 арт. 368 КК (абраза прэзідэнта) і ч.1 арт. 366 (пагрозы гвалтам у дачыненні да прэзідэнта, у мэтах перашкодзіць ягонай законнай дзейнасці) да пяці гадоў пазбаўлення волі;
У сувязі з гэтым мы лічым пераслед і пазбаўленне волі Аляксандра Цялегі, Уладзіслава Шынковіча, Сяргея Хаванскага, Арцёма Касача, Яўгена Люцкага палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а іх саміх палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”, і патрабуем ад уладаў Беларусі:
- Неадкладна вызваліць палітвязняў Аляксандра Цялегу, Уладзіслава Шынковіча, Сяргея Хаванскага, Арцёма Касача, Яўгена Люцкага і спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да іх.
- Прыняць захады, скіраваныя на дэкрыміналізацыю дыфамацыйных правапарушэнняў і адмену артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы, дзяржаўных сімвалаў і службовых асобаў, а менавіта – арт. 188, 189, 367, 368, 369, 369-1, 370, 391 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і спыніць усе раней узбуджаныя па дадзеных артыкулах крымінальныя справы.
- Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.
Праваабарончы цэнтр "Вясна";
РГА "Прававая ініцыятыва";
"Ініцыятыва FORB";
РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт";
Цэнтр прававой трансфармацыі (Lawtrend);
Беларускі дакументацыйны цэнтр;
Беларуская асацыяцыя журналістаў.