На сайце Вярхоўнага суда апублікаваны рэальны прысуд лідару "Альтэрнатывы" Алегу Корбану
На сайце Вярхоўнага суда з'явілася інфармацыя, датычная прысуду па крымінальнай справе лідара грамадскай ініцыятывы "Альтэрнатыва" Алега Корбана.
23 красавіка 2021 года судом Маскоўскага раёна г. Мінска ў закрытым судовым пасяджэнні разгледжана крымінальная справа ў дачыненні да К. (Корбана), які абвінавачваецца ў здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 1, ч. 2 арт .342 УК.
“Прысудам суда абвінавачаны К. (Корбан) прызнаны вінаватым у актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, якія прывялі да парушэння працы транспарту і прадпрыемстваў, пры адсутнасці прыкмет больш цяжкага злачынства, і на падставе ч. 1 арт. 342 КК яму прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 1 год 6 месяцаў.
Ён жа прызнаны вінаватым у іншай падрыхтоўцы асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, пры адсутнасці прыкмет больш цяжкага злачынства, і на падставе ч. 2 арт. 342 КК яму прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 1 год.
Паводле арт. 71 КК пры паўторнасці злачынстваў, якія не ўтвараюць сукупнасці, шляхам паглынання менш строгага пакарання больш строгім, канчаткова прызначана абвінавачанаму К. пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 1 год і 6 месяцаў.
Паводле арт. 78 КК судом пастаноўлена не прыводзіць у выкананне прызначанае пакаранне, калі на працягу аднаго года выпрабавальнага тэрміну абвінавачаны К. не зробіць новае злачынства і будзе выконваць ускладзеныя на яго судом абавязкі.
Прысуд не абскарджаны, не апратэставаны і ўступіў у законную сілу.”
Палітвязень Алег Корбан быў затрыманы пасля ператрусу ў кватэры 25 кастрычніка 2020 года. Спачатку яму прысудзілі 15-суткавы адміністрацыйны арышт па арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве), а пасля яго заканчэння перавялі ў СІЗА-1.
Вечарам 23 красавіка Алег Корбан напісаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку:
“Цуд адбыўся, сёння мяне выпусцілі на свабоду! Суд вынес 1,5 года абмежавання волі. Падрабязнасці будуць пазней, зараз пачынаю адаптавацца да вашай свабоды".
Праваабаронцы адзначаюць, што гэта першы выпадак асуджэння з умоўным непрымяненнем пакарання па палітычных матывах за час з пачатку выбарчай кампаніі. Яшчэ адзін асуджаны Арцём Сарокін атрымаў адтэрміноўку выканання пакарання згодна з артыкулам 77 Крымінальнага кодэкса.
Алег Корбан: Цуд адбыўся, сёння мяне выпусцілі на свабоду!