viasna on patreon

Пракурор запрасіў 12 гадоў калоніі для мінчука, якога судзяць за наезд на BMW 11 жніўня на вайскоўцаў Дапоўнена

2021 2021-04-20T13:40:00+0300 2021-04-27T09:42:01+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sud_bmv_20210405_bur_tutby_phsl--8443.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ціхан Осіпаў. Фота: TUT.BY

Ціхан Осіпаў. Фота: TUT.BY

У Мінскім гарадскім судзе 20 красавіка адбываюцца судовыя спрэчкі па крымінальнай справы супраць 25-гадовага інжынера БНТУ Ціхана Осіпава. Яго абвінавачваюць адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: замаху на забойства вайскоўцаў (ч.1 арт. 14 і 362), удзеле ў масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293), загадзя ілжывым даносе (ч. 1 арт. 400). Па версіі абвінавачвання, у ноч з 10 на 11 жніўня хлопец удзельнічаў у акцыях пратэсту, наехаў на BMW на пецярых вайскоўцаў, пасля чаго утапіў свой аўтамабіль у вадаёме і заявіў у міліцыю аб угоне. Віну Осіпаў прызнаў толькі па ч. 1 арт. 400 КК (загадзя ілжывым даносе), па другіх артыкулах — цалкам не прызнаў. На судзе ён казаў, што ў яго не было намера на забойства, ён тады спалохаўся, убачыўшы як сілавікі разбіваюць машыны і вытасківаюць адтуль кіроўцаў, таму ён і з'ехаў, выпадкова зачапіўшы вайскоўцаў. Па словах хлопца, пакуль ён ехаў, сілавікі разбілі яму задняе правае шкло, супрацоўнік злева накіроўваў зброю ў бок яго аўтамабіля, тады ён прыгнуўся і ўжо не кантраляваў дарожную сітуацыю, але чуў, як па машыне з усіх бакоў б'юць дубінкамі.

Пры гэтым, дзяржабвінаваўца Антон Цюменцаў лічыць, што віна Ціхана цалкам даказаная і просіць суд пакараць хлопца дванаццацю гадамі калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Па ч. 2 арт. 293 КК — 4 гады, ч.1 арт. 400 — 1 год, ч.1 арт. 14 і арт. 362 — 11 гадоў, сумарна — 12 гадоў пазбаўлення волі. Таксама з Ціхана просяць спагнаць судовыя выдаткі ў суме 2670 рублёў. Маральную шкоду пацярпелым вайскоўцам у агульнай суме 1300 рублёў ён кампенсаваў да суда.

На спрэчкі бакоў на працэс з'явіліся таксама пацярпелыя вайскоўцы. З пецярых пацярпелых, толькі Протас заявіў, што Осіпаў не меў намеру на забойства вайскоўцаў і папрасіў суд аб мяккім пакаранні. Астатнія пагадзіліся з пракурорам.

Справа разглядаецца пад старшынствам суддзі Дзмітрыя Цыкалы.

Мінчука судзяць за наезд 11 жніўня на пецярых вайскоўцаў. Яму пагражае да 25 гадоў турмы

У Мінскім гарадскім судзе 12 красавіка пачаўся разгляд крымінальнай справы супраць 25-гадовага інжынера БНТУ Ціхана Осіпава.

Нагадаем, згодна з версіяй абвінавачвання, у ноч з 10 на 11 жніўня «паддаўшыся на заклікі дэструктыўных тэлеграм-каналаў, каля гадзіны ночы 25-гадовы мінчук прыехаў на вуліцу Прытыцкага ў Мінску для ўдзелу ў масавых беспарадках. Малады чалавек знаходзіўся за рулём свайго BMW, з якога папярэдне зняў рэгістрацыйныя знакі. Ігнаруючы патрабаванні міліцыі, кіроўца адмовіўся адчыніць дзверы і застаўся сядзець у машыне. Пасля крануўся з месца і збіў пецярых вайскоўцаў унутраных войскаў. Наезд быў здзейснены на вайскоўцаў унутраных войскаў МУС, якія знаходзіліся ў форменным абмундзіраванні і якія прымалі ўдзел у ахове грамадскага парадку». 

Паводле версіі следства, мужчына схаваўся з месца здарэння, кінуў аўтамабіль у вадаёме недалёка ад месца здзяйснення злачынства. З мэтай стварэння алібі патэлефанавала ў 102 і заявіў аб згоне. Будучы папярэджаным аб крымінальнай адказнасці за загадзя ілжывы данос, паведаміў недакладную інфармацыю пра абставіны перамяшчэння аўтамабіля і папрасіў арганізаваць яго пошук. 

Пацярпелымі выступаюць вайскоўцы-кантрактнікі вайсковай частцы 5524 Васільчанка, Астапенка, Протас, Воліс, Ляпёшкін. Яны заявілі патрабаванні аб кампенсацыі маральнай шкоды: Васільчанка — 500 рублёў, Воліс, Ляпёшкін, Ратас, Астапенка — па 200 рублёў. Усе сумы кампенасаваныя да суда. Усе пацярпелыя на судзе заявілі, што прэтэнзій да абвінавачанага не маюць.

Ціхан на судзе распавёў пра падзеі 11 жніўня. Ціхану трэба было на МКАД: на скрыжаванні Прытыцкага—Глебкі ён убачыў у люстэрка задняга выгляду, надыходзячы да яго шэраг людзей са шчытамі.

"Я думаў, што яны пройдуць міма, і мы спакойна паедзем далей. Але я ўбачыў, што ў суседняй паласе сілавікі проста падышлі да аўто, выцягнулі з яго кіроўцу і пасажыра і паклалі тварам у зямлю, — распавёў абвінавачаны. — Да мяне таксама падышлі. Я спалохаўся і прыняў рашэнне з'ехаць. Уключыў аварыйку і пачаў рух".

Па словах кіроўцы, пакуль ён ехаў, адзін з сілавікоў разбіў яму задняе правае шкло. Яшчэ адзін ударыў злева. А пры перастраенні аўтамабіліст чуў стук па кузаве ў задняй частцы аўто.

"Перабудоўваючыся, я сігналіў, каб мяне маглі заўважыць Людзі на праезнай частцы. Калі ўбачыў групу сілавікоў, то пасігналіў ім і паміргаў фарамі. Перад маім набліжэннем яны пачалі расступацца".

Ціхан заўважыў, што супрацоўнік злева накіроўваў зброю ў бок яго аўтамабіля. Тады ён прыгнуўся і ўжо не кантраляваў дарожную сітуацыю, але чуў, як па машыне з усіх бакоў б'юць дубінкамі.

Калі ён ад'ехаў ад месца падзеяў, то хлопец убачыў таніраваны аўтобус з супрацоўнікамі ў чорнай форме, і падумаў, што яго пераследуюць. Ён спалохаўся і зноў заехаў у парк "Цівалі". Паводле яго слоў, там не гарэлі ліхтары і было цёмна, таму ён выпадкова з'ехаў у вадаём. Выбраўшыся з аўто, абвінавачаны выйшаў на вуліцу, сеў у таксі і паехаў дадому. Там ён патэлефанаваў 102 і заявіў аб згоне, пасля чаго напісаў заяву, адзначыўшы пры гэтым, што машыну маглі эвакуіраваць з-за няправільнай паркоўкі. 

Ціхан Осіпаў у апошнім слове: Маё сумленне чыстае

20 красавіка пасля спрэчак бакоў Ціхан Осіпаў выступіў з апошнім слове, у якой, у тым ліку, звярнуўся да пецярых пацяреплых вайскоўцаў, якія прыйшлі ў суд:

"Хлопцы, прабачце мяне, не думаў я, што такая сітуацыя магла скласціся ў той вечар. Я вельмі рады, што вы [звяртаецца да пацярпелых] не атрымалі ніякіх траўмаў. Я проста прадставіў сябе на вашым месцы, і я б таксама, мякка кажучы, быў бы ў не меншым шоку ад таго, што адбывалася ў той вечар. Таму я прызнаю, што выпадкова мог здзейсніць на вас наезд. Хлопцы, шчыра, гэта было неспецыяльна. І заяўленыя вамі ўсімі маральныя шкоды ,якія вы прад'явілі [у агульнай суме на пецярых — 13 тысяч рублёў], я папрасіў, каб мае сваякі вам выплацілі.

Я не лічу сябе дрэнным чалавекам. Можаце спытаць любога чалавека, які асабіста са мной знаёмы, я ўпэўнены, што не знойдзецца ні аднаго чалавека, які б сказаў, што я зрабіў яму неяк дрэнна. Шкада, што мяне тут выстаўляюць асабліва небяспечным злачынцам, якім на самай справе я не з'яўляюся. Я не ідэальны чалавек, я таксама раблю нейкія памылкі, нейкія дурныя ўчынкі, адзін з якіх гэтая заява, якоую я зрабіў [Ціхан прызнаў віну толькі па ч. 1 арт. 400 КК (загадзя ілжывы данос)]. У чым я, вядома, шчыра раскайваюся і гатовы прыняць адказнасць за тыя ўчынкі, якія я здзейсніў. Маё сумленне чыстае. Я спадзяюся на справядлівы суд. І яшчэ хацеў бы сказаць вялікі дзякуй тым, хто прыйшоў мяне падтрымаць. Дзякую за ўвагу".

Прысуд будзе абвешчаны 26 красавіка ў 10:00.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства