Мінчука судзяць за наезд 11 жніўня на пецярых вайскоўцаў. Яму пагражае да 25 гадоў турмы Дапоўнена
У Мінскім гарадскім судзе 12 красавіка пачаўся разгляд крымінальнай справы супраць 25-гадовага інжынера БНТУ Ціхана Осіпава. Яго абвінавачваюць адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: замаху на забойства вайскоўцаў (ч.1 арт. 14 і 362), удзеле ў масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293), загадзя ілжывым даносе (ч. 1 арт. 400). Па версіі абвінавачвання, у ноч з 10 на 11 жніўня хлопец удзельнічаў у акцыях пратэсту, наехаў на BMW на пецярых вайскоўцаў, пасля чаго утапіў свой аўтамабіль у вадаёме і заявіў у міліцыю аб угоне. Справа разглядаецца пад старшынствам суддзі Дзмітрыя Цыкалы, дзяржабвінавачванне падтрымлівае Антон Цюменцаў. Ціхану пагражае да 25 гадоў пазбаўлення волі. «Вясна» распавядае пра абставіны гэтай справы.
У чым абвінавачваюць Ціхана Осіпава?
Згодна з версіяй абвінавачвання, у ноч з 10 на 11 жніўня «паддаўшыся на заклікі дэструктыўных тэлеграм-каналаў, каля гадзіны ночы 25-гадовы мінчук прыехаў на вуліцу Прытыцкага ў Мінску для ўдзелу ў масавых беспарадках. Малады чалавек знаходзіўся за рулём свайго BMW, з якога папярэдне зняў рэгістрацыйныя знакі. Ігнаруючы патрабаванні міліцыі, кіроўца адмовіўся адчыніць дзверы і застаўся сядзець у машыне. Пасля крануўся з месца і збіў пецярых вайскоўцаў унутраных войскаў. Наезд быў здзейснены на вайскоўцаў унутраных войскаў МУС, якія знаходзіліся ў форменным абмундзіраванні і якія прымалі ўдзел у ахове грамадскага парадку».
«Пацярпелым удалося пазбегнуць цяжкіх наступстваў толькі дзякуючы фізічнай падрыхтоўцы і наяўнасці спецыяльнай экіпіроўкі».
Паводле версіі следства, мужчына схаваўся з месца здарэння, кінуў аўтамабіль у вадаёме недалёка ад месца здзяйснення злачынства. З мэтай стварэння алібі патэлефанавала ў 102 і заявіў аб згоне. Будучы папярэджаным аб крымінальнай адказнасці за загадзя ілжывы данос, паведаміў недакладную інфармацыю пра абставіны перамяшчэння аўтамабіля і папрасіў арганізаваць яго пошук.
Як агучыў пракурор Цюменцаў, пасля гадзіны ночы 11 жніўня абвінавачаны кіраваў BMW, у аўто знаходзіліся прадметы для ўдзелу ў масавых несанкцыянаваных мерапрыемствах: два хакейныя шлемы, ахоўныя акуляры, бел-чырвона-белае палотнішча, ёд, бінт.
Віну Осіпаў прызнаў толькі па ч. 1 арт. 400 КК (загадзя ілжывым даносе). Па другіх артыкулах — цалкам не прызнаў.
А што пацярпелыя?
Пацярпелымі выступаюць вайскоўцы-кантрактнікі вайсковай частцы 5524 Васільчанка, Астапенка, Протас, Воліс, Ляпёшкін.
Як стала вядома з матэрыялаў справы, цялесныя пашкоджанні былі нанесеныя толькі Васільчанку — яго адвезлі ў шпіталь МУС. Астапенка і Воліс пасля наезду вярнуліся ў строй.
Пацярпелыя паведамілі, што 7 жніўня 2020 года па загадзе начальства іх адправілі ў камандзіроўку ў Мінск, прыбылі яны ў распараджэнне в/ч 5448. Перад камандзіроўкай ім тлумачылі, што трэба будзе выконваць розныя задачы: ад аховы грамадскага парадку да затрымання правапарушальнікаў. Пры неабходнасці можна ўжываць фізічную сілу і спецсродкі.
Пацярпелыя вайскоўцы заявілі патрабаванні аб кампенсацыі маральнай шкоды: Васільчанка — 500 рублёў, Воліс, Ляпёшкін, Ратас, Астапенка — па 200 рублёў. Усе сумы кампенасаваныя да суда. Усе пацярпелыя заявілі, што прэтэнзій да абвінавачанага не маюць.
Пацярпелы Андрэй Ляпёшкіна з Оршы распавёў, што аб набліжэнні BMW малады чалавек пачуў па гуку такога рухавіка, гукавога сігналу не чуў, таму што "там было шумна — іншыя аўто сігналілі". Хлопец падумаў, што едзе хуткая.
"Быў слізгальны ўдар у левае сцягно і шчыт, які зрушыўся і трапіў мне ў сківіцу. Пацямнела ў вачах, упаў. Зразумеў, што ў роце кроў, зняў шлем і балаклаву. Іншыя вайскоўцы адвялі мяне за строй для аказання дапамогі. Высветлілася, што ўсё нармальна-пракусіў шчаку і атрымаў невялікі сіняк. Я прамыў рот вадой і вярнуўся ў строй".
Пра пагрозу жыцця хлопец адказаў, што "магчыма", яна была.
Пацярпелы Ратас, паведаміў, што наезд на яго адбыўся пасля нарастальнага гуку надыходзячага аўто. Пярэдняй часткай BMW урэзалася ў неабароненую частку цела сілавіка. Ад удару пацярпелага выкінула з ладу, ён упаў левым бокам на зямлю, паспеўшы пакласці спачатку шчыт. Па яго словах, гэта змякчыла ўдар.
"Траўмаў у мяне не было, хоць месца ўдару трохі балела. Пасля я аддыхаўся і вярнуўся назад у строй", — распавёў хлопец.
"Я спалохаўся і прыняў рашэнне з'ехаць". Допыт абвінавачанага
Допыт Ціхана Осіпава пачаўся ў форме вольнага аповеду пра падзеі, якія папярэднічаюць здарэнню, паведамляе TUT.BY. Хлопец распавёў, што ў панядзелак, 10 жніўня мінулага года, ён знаходзіўся дома — у яго ёсць магчымасць працаваць на "удаленцы". Пасля 19.00 ён вырашыў разам з сябрамі паехаць у горад: паглядзець, што там адбываецца. Для паездак у яго быў бацькоўскі BMW, якім ён карыстаўся апошнія тры-чатыры гады. Абвінавачаны паведаміў, што ведаў аб тым, што напярэдадні прайшлі выбары прэзідэнта, але аб масавых несанкцыянаваных мерапрыемствах нічога не чуў. Пачытаць навіны ён не мог, таму што інтэрнэт быў адключаны.
Каля 20.00 у розных месцах сталіцы ў BMW падселі трое сяброў Ціхана. Праўда, каб сабрацца разам, кіроўцу прыйшлося пакруціцца па горадзе, так як некаторыя вуліцы былі перакрытыя ДАІ.
Пасля 23.00 аўтамабіліст вырашыў вярнуцца дадому. Выехаў на праспект Пушкіна, дзе на скрыжаванні з Альшэўскага трапіў у затор.
"Было шмат машын, яны сігналілі, я таксама пасігналіў. Бачыў, што некаторыя людзі выходзілі з сваіх аўтамабіляў. Але нічога небяспечнага не адбывалася.
Ціхану трэба было на МКАД. Каб патрапіць туды, ён павярнуў на Матусевіча, потым на Жудро, але і там праехаць было складана. Каля паўночы хлопец выехаў на вуліцу Прытыцкага.
"Там таксама была корак, машыны сігналілі. Аляксей папрасіў, каб я яго высадзіў. Я спыніўся, і ён выйшаў. У гэты момант я ўбачыў, што на сустрэчцы кіроўцы здымаюць дзяржнумара з машын, таму я таксама вырашыў іх зняць. Я ж сігналіў, не хацеў каб мяне пакаралі, не хацеў трапіць на фотафіксацыю".
На скрыжаванні Прытыцкага — Глебкі, чакаючы зялёнага сігналу святлафора, кіроўца BMW убачыў у люстэрка задняга выгляду, надыходзячы да яго шэраг людзей са шчытамі.
"Я думаў, што яны пройдуць міма, і мы спакойна паедзем далей. Але я ўбачыў, што ў суседняй паласе сілавікі проста падышлі да аўто, выцягнулі з яго кіроўцу і пасажыра і паклалі тварам у зямлю, — распавёў абвінавачаны. — Да мяне таксама падышлі. Я спалохаўся і прыняў рашэнне з'ехаць. Уключыў аварыйку і пачаў рух".
Па словах кіроўцы, пакуль ён ехаў, адзін з сілавікоў разбіў яму задняе правае шкло. Яшчэ адзін ударыў злева. А пры перастраенні аўтамабіліст чуў стук па кузаве ў задняй частцы аўто.
"Перабудоўваючыся, я сігналіў, каб мяне маглі заўважыць Людзі на праезнай частцы. Калі ўбачыў групу сілавікоў, то пасігналіў ім і паміргаў фарамі. Перад маім набліжэннем яны пачалі расступацца".
Ціхан заўважыў, што супрацоўнік злева накіроўваў зброю ў бок яго аўтамабіля. Тады ён прыгнуўся і ўжо не кантраляваў дарожную сітуацыю, але чуў, як па машыне з усіх бакоў б'юць дубінкамі.
"Вуліца Глебкі таксама была заблакаваная, таму я выехаў на сустрэчную паласу і ў найбліжэйшай месцы павярнуў налева. Там высадзіў сяброў, развярнуўся і паехаў далей".
Калі хлопец убачыў таніраваны аўтобус з супрацоўнікамі ў чорнай форме, то падумаў, што яго пераследуюць. Ён спалохаўся і зноў заехаў у парк "Цівалі". Паводле яго слоў, там не гарэлі ліхтары і было цёмна, таму ён выпадкова з'ехаў у вадаём. Выбраўшыся з аўто, абвінавачаны выйшаў на вуліцу, сеў у таксі і паехаў дадому. Там ён патэлефанаваў 102 і заявіў аб згоне, пасля чаго напісаў заяву, адзначыўшы пры гэтым, што машыну маглі эвакуіраваць з-за няправільнай паркоўкі.
На наступны дзень Ціхана выклікалі ў міліцыю. У той момант BMW ужо дасталі з вадаёма, і хлопец прызнаўся, што гэта ён сам заехаў у ваду. Яго затрымалі і каля гадзіны ночы прывезлі ў СК, дзе пасля допыту следчы паведаміў, што яго пераводзяць у статус сведкі і адпускаюць.
"Я ўзрадаваўся, але супрацоўнік міліцыі, які мяне прывёз, сказаў, што трэба праехаць у РУУС. Там на мяне склалі пратакол за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, затрымалі і змясцілі ў ЦІП, дзе я прабыў з 12 да 14 жніўня".
У 6 раніцы Ціхана выпусцілі, а пасля абеду да яго дадому зноў прыехала міліцыя. Супрацоўнік паказаў на тэлефоне відэа наезду BMW на сілавікоў і папрасіў праехаць з ім. Пачалося разбіральніцтва па факце замаху на забойства супрацоўнікаў АУС. Хлопца ўзялі пад варту, дзе ён і знаходзіўся да суда.
Адказваючы на пытанне пракурора аб акаўнтах у інтэрнэце, абвінавачаны распавёў, што зарэгістраваны ў Telegram, падпісаны на каналы, якія прызнаныя экстрэмісцкімі. Але ў дні перад здарэннем ён іх не чытаў — не было інтэрнэту.
— Вы былі згодныя з вынікамі выбараў? — спытаў пракурор.
— А якое дачыненне гэта мае да справы? — сказаў Ціхан і паведаміў, што не можа адказаць на пастаўленае пытанне.
Адносна прадметаў, якія знаходзіліся ў BMW, аўтамабіліст паведаміў, што сярод іх сапраўды была каска белага колеру — хлопцу яна патрэбна для працы, для гэтых жа мэтаў патрэбныя рэспіратар і акуляры. Была і чырвоная каска "памяць школьных часоў" — яна каталася ў машыне пару гадоў. БЧБ-сцяг з Пагоняй хлопец набыў за некалькі месяцаў да апісаных падзей, таму што ён яму падабаўся.
Суд працягнецца заўтра.
Як судзяць іншых за наезды на сілавікоў падчас пратэстаў?
Падобных выпадкаў падчас пратэстных акцый, пасля якіх была ўзбуджаная крымінальная справа, праваабаронцам “Вясны” вядома яшчэ мінімум чатыры. Па кваліфікацыі такіх дзеянняў няма адзінай практыкі. Дзве справы (Оіспава і Троцкага) кваліфікавалі як замах на забойства.
За наезд на супрацоўніка ДАІ — 10 гадоў калоніі
Мінскі гарадскі суд 5 сакавіка вынес прысуд па крымінальнай справы за замах на забойства супрацоўніка органаў унутраных справаў (арт. 14 арт. 362 Крымінальнага кодэкса) супраць 45-гадовага бізнэсмена Аляксандра Троцкага. Паводле абвінавачвання, ён правёз 12 жніўня на капоце сваёй машыне супрацоўніка ДАІ Уладзіміра Юрава, у выніку чаго той атрымаў цялесныя пашкоджанні, якія не пацягнулі за сабой кароткачасовага расстройства здароўя. Па словах Троцкага, яго машыну беспрычынна спынілі людзі ў цёмным і балаклавах, а калі той, баючыся за сваё жыццё, адмовіўся выйсці з машыны, супрацоўнік ДАІ "дастаў баявую зброю і накіраваў у яго бок, прыцэліўся прама ў галаву", пасля гэтага ён з'ехаў з месца.Суддзя Сяргей Хрыпач прызнаў Аляксандра вінаватым па арт. 14 арт. 362 Крымінальнага кодэкса, вырашыў, што ў Троцкага сапраўды быў намер на забойства супрацоўніка ДАІ і пакараў яго 10 гадамі пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Гэта рэкордны тэрмін зняволення для затрыманага падчас пратэстаў. Таксама суд абавязаў Троцкага выплаціць пацярпеламу супрацоўніку ДАІ 10 тысяч рублёў маральнай і матэрыяльнай шкоды.
Працягнуў міліцыянта за машынай — 4 гады калоніі
Палітзняволенага дальнабойшчык са Жлобіна Аляксандра Французава асудзілі 18 снежня да 4 гадоў калоніі за тое, што ён наехаў 10 жніўня на намесніка начальніка Жлобінскага РАУС Дзмітрыя Дзядзюна. У тую ноч у Жлобіне міліцыянты спынялі аўтамабілі, затрымлівалі кіроўцаў. Аляксандр спалохаўся і даў задні ход. Міліцыянт ухапіўся за дзверы машыны і разбіў рацыяй шыбу. Паводле абвінавачвання, руку міліцыянта заблакавала ручка дзвярэй і ён вымушана разбіў шыбу, а кіроўца наўмысна паскорыў рух і працягнуў міліцыянта за машынай. Калі машына набрала хуткасць, то міліцыянт упаў. Дзеянні Французава кваліфікавалі па арт. 364 КК — гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў.
Жлобінскі раённы суд прызнаў Аляксандра Французава вінаватым па арт. 364 КК і асудзіў да 4 гадоў пазбаўлення волі, а таксама абавязваў выплаціць пацярпеламу 1500 рублёў маральнай шкоды.
Здзейсніў наезд на інспектара ДАІ — 4 гады калоніі
Суд Заводскага раёна горада Мінска разглядзеў крымінальную справу супраць 37-гадовага інжынера-будаўніка Аляксея Сцерлікава. Згодна абвінавачванням, у ноч з 23 на 24 верасня, калі адбываліся пратэсты з нагоды інагурацыі Аляксандра Лукашэнкі, Сцерлікаў не падпарадкаваўся патрабаванням супрацоўніка ДАІ спыніць машыну і, пачаўшы рух заднім ходам, здзейсніў наезд на інспектара ДАІ Завадскага, што пацягнула пашкоджанне форменнага абмундзіравання супрацоўніка і нанесла яму сіняк на плячы і некалькі драпін. Дзеянні Сцерлікава кваліфікавалі па частцы 2 артыкула 363 КК — супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў пры выкананні ім абавязкаў па ахове грамадскага парадку, спалучаны з пагрозай прымянення гвалту.
Мінчаніна Аляксея Сцерлікава прызналі вінаватым па частцы 2 артыкула 363 Крымінальнага кодэкса і асудзілі на 4 гады калоніі агульнага рэжыму. Кампанія, у якой ён працаваў (паколькі ёй належаў аўтамабіль, за рулём якога быў Сцерлікаў) павінна выплаціць пацярпеламу інспектару ДАІ Максіму Завадскаму маральную шкоду сумай у 10 000 беларускіх рублёў. Такі прысуд вынес суддзя суда Заводскага раёна горада Мінска Генадзь Янкоўскі.