Мінск: за выдаленыя праз дзесяць хвілін паведамленні — тры гады калоніі
У судзе Першамайскага раёну Мінска вынеслі прысуд індывідуальнаму прадпрымальніку, цырульніку з Брэсту 31-гадовага Андрэю Сачанку па артыкулах 364 і 366 Крымінальнага кодэксу. Яго асудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
Суд таксама абавязаў Сачанку выплаціць маральную шкоду ў дзве тысячы рублеў пацярпеламу Кавальчуку, дзяржпошліну — 87 рублеў і працэсуальныя выдаткі — 12 капеек.
Справу разглядзеў суддзя А. Кулік. Дзяржабвінавачанне падтрымала Лапёнак.
У чым прызналі вінаватым?
Андрэя Сачанку прызналі вінаватым у тым, што ў жніўні і верасні ў сацыяльнай сетцы Вконтакте ён напісаў паведамленні з пагрозамі гвалту дваім супрацоўнікам АМАП Віктару Краўчуку і Руслану Кавальчуку, бацькам ваеннага Дзяніса Патрушава і выкладчыку МДЛУ Ігару Пучэні. У выніку гэтага ён "парушыў псіхалагічны і душэўны спакой" пацярпелых.
Па словах дзяржабвінавачання, віна Сачанкі пацвярджаецца словамі абвінавачанага, пацярпелых, сведак, матрэрыяламі справы: скрыншотамі паведамленняў, якія дасылаў Сачанка, каментарыі абвінавачанага ў сацыяльных сетках.
Мінск: прадпрымальніка з Брэста судзяць за выдаленыя ім праз 10 хвілін паведамленні
Андрэй Сачанка поўнасцю прызнаў віну па абодвух артыкулах, з СІЗА дасылаў пацярпелым лісты з прабачэннямі.
Што казалі ў спрэчках?
Дзяржабвінаваўца Лапёнак была ўпэўненая, што віна даказаная, паколькі абвінавачаны прызнаў яе, пацвердзіў свае дзеянні. Яна падкрэсліла, што паведамленні былі накіраваныя, каб перашкодзіць законнай дзейнасці супрацоўнікаў міліцыі, а пагрозы былі ўспрыняты імі як рэальныя. Чыстасардэчнае прызнанне пракурор прасіла залічыць як змякчальныя абставіны. Яна папрасіла прызнаць яго вінаватым і прызначыць тры гады пазбаўлення волі паводле 364 артыкула і два гады — паводле артыкула 366. У сукупнасці — асудзіць Сачанку да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Менавіта такое пакаранне прызначыла суддзя.
Адвакат папрасіла ўлічыць чыстасардэчнае прызнанне, прызнанне віны і супрацоўніцтва са следствам. У звязку з гэтым кваліфікацыя злачынства не выклікала ў яе сумневаў. Пытанне, на якое яна папрасіла звярнуць увагу, — мера пакарання. Паколькі злачынствы, учыненыя яе падабаронным, можна кваліфікаваць як "менш цяжкія", яны не прынеслі шкоды жыццю і здароўю людзей, судом павінна быць спагнана справядлівая грашовая кампенсацыя. Яна таксама адзначыла станоўчыя характарыстыкі Сачанкі ягонымі сваякамі. Яна папрасіла прызначыць мужчыне пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову — "хатнюю хімію".