Хроніка палітычнага пераследу 13 красавіка Дапоўнена
Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу 13 красавіка: затрыманні, выклікі на допыты, новыя крымінальныя справы і іншыя формы ціску на грамадзян за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўладаў.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:
|
Затрыманне зяця старшыні БНФ
У Шклове 13 красавіка затрымалі Дзмітрыя Антончыка — зяця старшыні партыі БНФ Рыгора Кастусёва, паведаміла праваабарончая група Mayday. Прычына затрымання пакуль невядомая.
Як сказала яго жонка, Дзмітрыя спынілі супрацоўнікі ДАІ і адвезлі ў мясцовы РАУС, паведаміў «Магілёўскі рэгіён».
Напярэдадні вечарам у Шклове затрымалі самога Рыгора Кастусёва. Яго адвезлі ў мінскі ізалятар КДБ.
Лідар Партыі БНФ Рыгор Кастусёў затрыманы як падазраваны па артыкуле 342 КК «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо ўдзел у іх».Пра гэта "Нашай Ніве" паведаміў зяць палітыка Дзмітрый Антончык. У самога Антончыка дома ў Шклове прайшоў вобшук: забралі страйкбольны аўтамат, сістэмнік, а таксама некаторую літаратуру. Дзмітрый на волі.
Прымусовая прывад у суд фермера з Ганцавіч
Як паведамляе гомельская "Вясна", да фермера з Пакалюбічаў Юрыя Ганцэвіча прыехалі міліцыянты каб прымусова даставіць яго у суд Чыгуначнага раёну. Туды яго выклікалі ў якасці сведкі па справе аб абразе ДАІшнікаў Юрыем Уласавым у лістападзе 2019. Учора Ганцэвіч патэлефанаваў у суд і паведаміў, што не прыдзе, але па яго прыехалі міліцыянты.
Затрыманні і ператрусы ў Мінску
Раніцай сілавікі з ператрусам прыйшлі да сям'і Пятра (07.07.2000) і Маргарыты Пажытых. Каб патрапіць у кватэру, сілавікі выбілі шкло на балконе і ўзламалі дзверы. Ператрус адбываўся без панятых. Падставы ператрусу ў кватэры маладой сям'і высвятляюцца. Пётр і Маргарыта затрыманыя.
Сёння раніцай каля 9 гадзін супрацоўнікі крымінальнага вышуку затрымалі Яўгена Іваненку. Верагодна, яго даставілі ў Кастрычніцкі РУУС. Прычыны затрымання жонцы не паведамілі. У РУУС на яго склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП і адпусцілі дадому.
У Мінску сёння па месцы працы на хлебазаводзе №6 па вуліцы Гурскага,19 затрымалі 31-гадовага Міхаіла Казлова. Супрацоўнік завода паведаміў, што павезлі ў КДБ.
Затрыманне журналістаў у Докшыцах
Па інфармацыі "БАЖ", у Докшыцах затрымалі журналістаў Змітра Лупача і Алену Шабуню. Цяпер яны ў аддзяленні міліцыі. Іх пратрымалі ў РАУСе ў Докшыцах 3 гадзіны, правялі з імі гутарку пасля чаго адпусцілі без пратаколаў. А затрымалі іх міліцыянты таму, што яны вялі здымкі ў Докшыцах насупраць райвыканкама.
КДБ пацвердзіў затрыманне Кастусёва і Фядуты
Пра гэта паведамляе БелТА. У чым іх вінавацяць, не пішуць. Рыгора Кастусёва затрымалі ўчора вечарам у Шклове, а Аляксандр Фядута тым жа вечарам знік у Маскве.
Беларускага адваката з ЗША Юрася Зянковіча затрымалі ў Маскве. Ён у Беларусі ў СІЗА КДБ
Пра гэта паведаміла Свабодзе яго жонка Алена Дзенісавец. Юрась паехаў у паездку ў Еўропу — Варшава, Расея была запланаваная. Гэта была бізнэс-паездка. У Расеі яго затрымалі, фактычна, скралі, з гатэлю. Ён спыніўся ў Nordic Rooms Hotel.
"Ён быў затрыманы 11 красавіка, але я даведалася аб гэтым толькі ўчора. Я размаўляла з мэнэджэрам гатэлю, яго супрацоўніца апошняй бачыла Юрася".
Паводле мэнэджэра яна бачыла з вакна, як людзі ў цывільным скруцілі Юрася і затрымалі. Яны сказалі: Мы яго забіраем, ён падазраецца ў тэрарызме.
Гэтая супрацоўніца гатэлю разгубілася, яна памахалі пасведчаннем, сказалі, што яны са спецслужбаў. Потым яшчэ пару чалавек прыйшлі ў яго нумар і забралі ўсе рэчы.
Зараз Юрась у СІЗА КДБ у Мінску. Дзяржаўны адвакат паведаміў ягонай жонцы, што Юрася забралі беларускія спецслужбы ў Маскве.
Дзенісавец таксама распавяла пра затрыманне ў Мінску Вольгі Галубовіч — супрацоўніцы міграцыйнага офіса, кампаніі Зянковіча, якая займалася турызмам. З верасня 2020-га года офіс не працаваў — яго вырашылі закрыць. Галубовіч таксама знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
"Яе муж напісаў, што яе затрымаў КДБ, пакуль на трое сутак", — распавяла Алена Дзенісавец.
Інфармацыя будзе дапаўняцца
Дзе і як шукаць затрыманых у Мінску?