Берасце: Пачаўся суд за развешванне пудзіла прэзідэнта Дапоўнена
У судзе Маскоўскага раёна Берасця 29 сакавіка пачаўся разгляд крымінальнай справы за развешванне пудзіла (манекенаў) у абласным цэнтры (ч. 2 арт. 339 КК - хуліганства, здзйсненае групай асоб).
Абвінавачваюцца жыхары Берасця Андрэй Колас і палітычна зняволеныя Вольга Завадская ды Юлія Бодак.
Вольгу Завадскую затрымалі 17 студзеня, а Юлію Бодак 18 лютага. Да суда ўсё трое знаходзіліся пад хатнім арыштам.
Справу разглядае суддзя Іна Клышпач.
Следчыя лічаць, што берасцейцы самастойна вырабілі пудзіла прэзідэнта.
Паводле версіі следства, 23 кастрычніка мінулага года пудзіла вырабілі і прывезлі да месца "імправізаванага пакарання" на Варшаўскай шашы дзве дамы - 35-гадовая Юлія і 32-гадовая Вольга. А падняццем яго на "лобнае месца" займаўся 36-гадовы Андрэй, разам з «неўстаноўленай асобай», з якім той пазнаёміўся ў адным з чатаў.
"У мэтах рэалізацыі пратэсту супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, выказваючы незадаволенасць дзеяннямі праваахоўных органаў, груба парушаючы грамадскі парадак, выказваючы сваю непавагу да грамадства, з хуліганскіх меркаванняў ... здзейснілі дзеянні, якія адрозніваюцца выключным цынізмам," - гаворыцца ў афіцыйным абвінавачванні, якое зачытала пракурор.
Як вынікае з абвінаваўчага заключэння, вечарам 23 кастрычніка 2020 года Юлія Б. і Вольга З., выехаўшы за горад на аўтамабілі, вырабілі са смеццевых пакетаў, пластыкавых бутэлек і рэшткаў сухой расліннасці пудзіла, якое самі ж даставілі на Варшаўскую шашу і кінулі ў лесапаласе паміж Чырванасцяжнай і Махновіча.
Праз некалькі гадзін да яго пад'ехаў Андрэй К., разам са сваім знаёмым з чата-яны абматалі манекен вяроўкай і прымацавалі да дрэва, "імітуючы павешанне". Следства, а ўслед за ім і дзяржабвінавачанне сцвярджаюць: гэта было пудзіла "Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь".
Да яго невядомыя прымацавалі два надпісы: "Скраў галасы" і "Судзіў невінаватых".
Цяпер за пэўныя маніпуляцыі з "галавой" і "тулавам" ім можа пагражаць арышт, альбо абмежаванне волі на тэрмін да 3 гадоў, або пазбаўленне волі ад 1 года да 6 гадоў.
На судзе былі апытаныя абвінавачваныя наконт вывешанага ля Варшаўскай шашы вялізарнага мусарнага пакета. На ім былі белыя аркушы паперы з надпісамі. Па версіі следства, гэткі перформанс праявіў "асаблівы цынізм" да грамадства.
Заўтра ў судзе працягваецца азнаямленне з матэрыяламі справы і апытанне сведак.
Будзе дапоўнена.