Справа Сядова: пракурор просіць 3 гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму
У судзе Першамайскага раёна Мінска 23 сакавіка працягваецца разгляд крымінальнай справы Віктара Сядова, узбуджанай за ўдзел у масавых беспарадках (частка 2 артыкула 293 Крымінальнага кодэксу).
Справу разглядае суддзя Анастасія Лейкоўская, дзяржабвінаваўца – пракурор Зубко.
Віктар Сядоў быў затрыманы 16 кастрычніка ў Мінску паводле відэа, на якім нібыта бачна, што ён кідае камяні на акцыі пратэсту ў Менску.
Беларускай праваабарончай супольнасцю быў прызнаны палітычным зняволеным.
Згодна з абвінавачваннем, у ноч з 10 на 11 жніўня на перакрыжаванні вуліц Сурганава і Куйбышава каля дому Сурганава,50, Сядоў прымаў удзел ва ўзвядзенні барыкад, кінуў пры гэтым два прадметы на праезную частку.
Віну часткова прызнае. Кажа, што паклаў камень на праезную частку і кінуў на дарогу камень.
“Паклаў камень ля барыкады каля “Рыгі”. Судзяць інжынера Віктара Сядова
У судовым пасяджэнні 23 сакавіка змяніўся прадстаўнік дзяржабвінавачання. Замест пракурора Кулеша па справе прызначаны пракурор Зубко.
Сядоў хадайнічае аб далучэння да матэрыялаў справы наступных дакументаў:
выпіска з паліклінікі, у яго цэлы шэраг хранічных захворванняў;
выпіска аб хранічных захворваннях жонкі;
выпіскі аб хранічных захворванняў дачок;
характарыстыка з храма.
У час судовых спрэчак Віктар Сядоў заявіў, што ў поўным аб'ёме не прызнае матэрыяльны пазоў.
Пракурор прапануе суду выключыць з абвінавачвання ўзброены напад і патрабуе для абвінавачанага 3 гады пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Адвакат просіць памяняць артыкул 293 Крымінальнага кодэксу (масавыя беспарадкі) на 342 КК РБ (Арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак.
Прысуд будзе абвешчаны ў 10-30 30 сакавіка.