“Паклаў камень ля барыкады каля “Рыгі”. Судзяць інжынера Віктара Сядова
У судзе Першамайскага раёна Мінска 18 сакавіка пачынаецца разгляд крымінальнай справы, узбуджанай за ўдел у масавых беспарадках (частка 2 артыкула 293 Крымінальнага кодэксу).
На лаве падсудных – інжынер 1975 года нараджэння Віктар Сядоў.
Справу разглядае суддзя Анастасія Лейкоўская, дзяржабвінаваўца – пракурор Кулеш.
Віктар Сядоў быў затрыманы 16 кастрычніка ў Мінску паводле відэа, на якім нібыта бачна, што ён кідае камяні на акцыі пратэсту ў Менску.
Беларускай праваабарончай супольнасцю быў прызнаны палітычным зняволеным.
Згодна з абвінавачваннем, у ноч з 10 на 11 жніўня на перакрыжаванні вуліц Сурганава і Куйбышава каля дому Сурганава,50, Сядоў прымаў удзел ва ўзвядзенні барыкад, кінуў пры гэтым два прадметы на праезную частку.
Віну часткова прызнае. Кажа, што паклаў камень на праезную частку і кінуў на дарогу камень.
Паказанні абвінавачанага Сядова
Выйшаў прагуляцца каля 22 гадзін вечара. Да 23-00 падышоў да Сурганава. Убачыў там вялікі натоўп людзей, барыкады. Стала цікава, падышоў паглядзець. Сам барыкады не будаваў.
Супрацоўнікаў міліцыі таксама не было, з'явіўся толькі адзін аўтамабіль, калі ён ужо сыходзіў, але ён быў без апазнавальных знакаў (былі маячкі).
Затым да яго падышоў чалавек з каменем і папрасіў кінуць камень на барыкады, ён узяў камень і паклаў проста на праезную частку, у 5 метрах ад барыкад, пасля чаго пайшоў у краму за ежай.
Па вяртанні ўбачыў на скрыжаванні камень, узяў яго і, знаходзячыся пад эмацыйным уздзеяннем, кінуў яго на дарогу. Калі прагучалі патрабаванні разыйсціся – пайшоў дахаты.
16 кастрычніка да яго дадому прыйшлі супрацоўнікі міліцыі і забралі ў Савецкі РУУС. Там аказвалі моцны маральны ціск, сказалі, што адпусцяць, калі дасць паказанні. Яўку з павіннай пісаў самастойна.
Заяўляе, што зрабіў глупства, шкадуе аб зробленым.
Сядову ставіцца ў віну здзяйсненне злачынства ў стане алкагольнага ап'янення. Аднак ён не прымаў алкаголь (па словах абвінавачанага, ходзіць у храм, не п'е апошнія 5 гадоў).
У яўцы з павіннай пісаў, што на праезнай частцы каля ГЦ Рыга ажыццяўляў узвядзенне барыкад. Стаў дапамагаць людзям будаваць барыкады, насіў прадметы. Пачуўся выбух і ўсе разбегліся. Сваімі дзеяннямі прызнае, што аказваў супраціў супрацоўнікам і парушаў грамадскі парадак. Кажа, што пісаў яўку пад моцным маральным ціскам. Дадзенае тлумачэнне не падтрымлівае.
У судзе апытваюцца сведкі
Супрацоўнік Савецкага РУУС Аляксей Янюк выязджаў да абвінавачванага дадому. Заяўляе, што ціск на Сядова ніхто не аказваў.
Сведка Лілія Сядова, жонка адвінавачваемага сцвярджае, што мабільны тэлефон у Сядога быў, што ў 8 вечара ён выходзіў у краму, вярнуўся дадому і ў 10 вечара выйшаў пагуляць. На відэазапісу пазнала мужа.
У жонкі цяжкае захворванне, сярэднюю дачку накіроўваюць на інваліднасць, ва ўсіх траіх дачок хранічныя захворванні. Яны будуюць дом як шматдзетная сям'я, на ёй крэдыт.
Лічыць, што муж паддаўся цікаўнасці, бо "наша мірная, добрая краіна ніколі з такім не сутыкалася". Краіна ім дала магчымасць пабудаваць кватэру, старэйшая дачка паступіла ва ўніверсітэт на бюджэт.
Яшчэ адзін сведка – Віталь Новікаў, сябар і аднакласнік, ведае Віктара 40 гадоў.
Сядоў вельмі добры чалавек, перажывае за ўсіх і дапамагае. Скончыў БНТУ, спецыяльнасць робататэхніка. Адносіны да алкаголю - дакладна не ўжывае. Для Віктара уся сітуацыя ( расстанне з сям'ёй) - сапраўднае пекла.
Сведка Алег Бранічаў - калега Віктара. Кажа, што Сядоў абслугоўваў Дом правасуддзя і Першамайскі суд у тым ліку, з’яўляецца спецыялістам высокага класа.
У другой палове дня суд прыступіў да вывучэння рэчавых доказаў. Праглядаюцца відэазапісы і фотаздымкі з рэсурсаў Радыё Свабода, Global News, Хартия-97, Белсат, “Комсомольская правда”.
Наступнае пасяджэнне адбудзецца 23 сакавіка. Пачатак у 14-30.