Ператрусы ў Мазыры і Мастах, затрыманні ў Мінску: палітычны пераслед у Беларусі 23 сакавіка Дапоўнена
Праваабарончы цэнтр "Вясна" 23 сакавіка працягвае сачыць за грамадска-палітычнымі падзеямі ў Беларусі і працягвае фіксаваць факты палітычнага пераследу: прэвентыўныя затрыманні перад Днём Волі, ператрусы, новыя крымінальныя справы і іншыя формы ціску на грамадзян за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўладаў.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:
|
Мінск
Журналістку TUT.BY Кацярыну Барысевіч перавялі з СІЗА на Валадарскага ў турму Жодзіна, паведамляе тэлеграм-канал Беларускай асацыяцыі жарналістаў.
Пра перавод стала вядома пасля спробы пакінуць на Валадарскага перадачу для Кацярыны. Яе не ўзялі.
У Мінску сёння супрацоўнікі міліцыі затрымалі Кірыла Байрашэўскага. Папярэдне вядома, што ўвагу прыцягнуў б-ч-б флюгер на ягоным доме. Верагодна будзе складзены пратакол правапарушэння.
У Мінску на прафілактычную “гутарку” ў аддзяленне міліцыі выклікалі Іллю Тонка. Пасля гутаркі павезлі ў ІЧУ Мінскага раёна на Скарыны.
Ілля Тонка – айцішнік, затрымліваўся 12 жніўня 2020 года.
Мазыр
Напярэдадні 25 сакавіка ў Мазыры адбываюцца ператрусы адразу ў некалькіх чалавек. Пакуль праваабаронцам вядома, што сілавікі прыйшлі да Валянціны Кулыба і Мікалая Карасёва. Канфіскаваныя электронныя прылады.
Такасама ператрус адбываецца ў працаўніка Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода Ігара Шуканава.
Таксама на працы на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе сілавікі затрымалі Мікалая Берасневіча. Яго таксама завезлі ў РАУС, дзе спрабавалі запужаць адказнасцю за ажыццяўленне права на мірныя сходы, аформіўшы гэта як «прафілактычную гутарку».
Пра ператрус у сваёй кватэры, забранне ўсіх электронных прыладаў і сродкаў сувязі паведаміў таксама мазырскі актывіст Народнай грамады, які быў даверанай асобай Святланы Ціханоўскай на выбарах 2020 года Уладзімір Неўмяржыцкі. Ператрус, паводле словаў Неўмяржыцкага, адбываўся ў межах крымінальнай справы аб псаванні нейкага плота, на якім нехта нешта напісаў, паведамляе "Палеская Вясна".
Учора, 22 сакавіка, ўласны карэспандэнт «Газеты Слонімскай» у Мастах Язэп Палубятка пайшоў па позве на допыт у міліцыю на 11 гадзін. Дамоў у гэты дзень ён не вярнуўся, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.
«Іосіф пайшоў у міліцыю на 11 гадзін, а ўжо ў 12 прыехала міліцыя з ператрусам. Паказалі санкцыю пракурора», – распавяла жонка Язэпа Ларыса Васільеўна.
Пад час ператрусу з міліцыянерамі былі двое панятых. Яны паглядзелі паперы, кнігі, часопісы. Забралі сістэмны блок камп’ютара, мабільны тэлефон, які журналіст пакінуў дома, сканер, фотаапарат. Верагодна Палубятку чакае адміністрацыйны суд.
Гародня
У Горадні затрымалі старшыню Саюзу палякаў Анжэліку Борыс. Цяпер яе вязуць у Ленінскі РАУС, паведамляе Белсат. Мяркуецца, што нагодай для затрымання стала адміністрацыйная справа за правядзенне неафіцыйнага свята «Казюкі».
У Гародні тры амапаўцы каля 12.45 прыйшлі ва ўнутраны дворык будынка на Кірава, 3. Яны паспрабавалі патрапіць у «Цэнтр гарадскога жыцця» і магазін «Адметнасць», якія знаходзяцца там (у яго з рэдакцыяй Hrodna.life адзін уваход). Аднак і «Цэнтр», і магазін з рэдакцыяй зачыненыя.
Наваполацк
У Наваполацку працягваецца паляванне на членаў "стачкі Нафтан", якія зняліся ў роліку ў падтрымку галасавання на платформе "Голас". На гэты раз затрымалі Шкірэнку Андрэя, работніка ААТ "Нафтан" з працоўным стажам 30 гадоў, які далучыўся да рэспубліканскай стачкі 4 снежня 2020 года. Андрэй таксама з'яўляецца намеснікам старшыні Першаснай арганізацыі Беларускага Незалежнага прафсаюза на ААТ "Нафтан", паведамляе "Стачка Нафтан".
Таксама ў гэты дзень падчас правядзення трэніроўкі ў спартыўным клубе «Форвард» быў затрыманы ўдзельнік стачкама ААТ «Нафтан» Сяргей Лапуноў. паведамляе фэйсбук «Стачкам ААТ "Нафтан".
Магілёў
У Магілёўскім офісе Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) выламалі дзверы, паведамляе прэс-служба партыі. Паводле іх здагадкі, фармальнай падставай для пранікнення ў офіс мог стаць партыйны БЧБ-сцяг на сцяне, піша MAYDAY.
Смаргонь
23 сакавіка у Смаргоні ў аддзяленне міліцыі былі выкліканыя як быццам для атрымання папярэджанняў Руслан Валюк, Сяргей Трай і Аляксандр Рукойць. Дамоў з міліцыі яны не вярнуліся. Родзічам Руслана паведамілі, што ён затрыманы, а па якой справе – не патлумачылі.
Доктару мясцовай бальніцы Наталлі Курбацкай, якая падавала заяўку на масавае мерапрыемства да Дня Волі, але атрымала адмову, сёння была ўручаная позва на 25 сакавіка: працэс уручэння позвы па месцы працы здымалі нават на відэа.
Яшчэ трох чалавек абавязалі прыйсці за папярэджаннямі акурат 25 сакавіка а 11-й гадзіне, паведамляюць мясцовыя праваабаронцы.
Асуджанаму раней да "хіміі" Рамуальду Улану ўручылі прадпісанне аб яўцы ў месца адбывання пакарання таксама не пазней 25 сакавіка.
На заўтра у суд Астравецкага раёна выклікаюцца Людміла Сульжыцкая і Ілля Петуноў па адміністрацыйнай справе за падзеі 18 лютага, калі людзі апладысментамі сустрэлі прысуд Руслану Валюку І Інэсе Маркавай, што расцэнена як несанкцынаванае масавае мерапрыемства.
У Гомелі ўначы супрацоўнікі міліцыі затрымалі Дзмітрыя Бандарчука. "Павезлі ў ІЧУ да суда", - паспела паведаміць ягоная жонка. Прычына затрымання пакуль невядомая.
Бярозаўка. Сёння да некалькіх жыхароў Бярозаўкі прыйшлі міліцыянты з амапаўцамі. Шукалі тых, хто пагражаў і абражаў сілавікоў і чыноўніка. У сувязі з гэтым прайшліся па хатах з аглядамі і пазабіралі тэхніку. Сярод тых, на каго звярнулі ўвагу сілавікі – Андрэй Ашурак.
Сёння ў Жлобіне затрымалі актывістку Ганну Калупаха, піша Свабодны Жлобін. Ганна — прафсаюзная актывістка, якую звольнілі па палітычных прычынах з БМЗ. Як піша телеграм-канал, ёй інкрымінуюць «народную артыкул». Раней так называлі адміністрацыйную артыкул 23.34.
На 25 сакавіка ў Глыбоцкі РАУС выклікалі ў якасці сведкі па невядомай крымінальнай справе Яраслава Берніковіча. Пра гэта ён паведаміў на сваёй старонцы ў фэйсбуку.
Інфармацыя будзе дапаўняцца.