У Мінску пачынаецца суд над перакладчыцай Калацкай, за якую заступіўся Амерыканскі ПЭН Дапоўнена
Суд Фрунзенскага раёна Мінска 23 сакавіка пачынае разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да вядомай перакладчыцы і выкладчыцы ангельскай мовы Вольгі Калацкай. Яе вінавацяць у злосным хуліганстве (частка 1 і частка 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса), нібыта Вольга падчас адной з акцый пратэсту ўдарыла супрацоўніка СТВ Рыгора Азаронка.
Максімальны тэрмін пакарання па гэтым артыкуле – да шасці год пазбаўлення волі.
Справу разглядае суддзя Ала Скуратовіч. Прадастаўнік дзяржабвінавачвання - пракурор Валерыя Таратынка.
Судовая зала запоўненая — падтрымаць Калацкую прыйшлі сябры, вучні, журналісты і літаратары, піша з залы суда "Наша Ніва".
Прадстаўніца дзяржабвінавачвання Таратынка пачала судовае следства: 15 лістапада «ў грамадскім месцы […] беспрычынна, адкрыта супрацьпастаўляючы сябе грамадству наўмысна нанесла не менш за 1 удар па твары Азаронку».
А пасля — яшчэ адзін. Гэтым прычыніла карэспандэнту фізічны боль.
Вольга Калацкая віну прызнала цалкам.
Яна распавяла, што адбылося 15 лістапада:
«Памёр Раман Бандарэнка, я вельмі смуткавала і глыбока спачувала яго маці, якая страціла адзінага сына. У нядзелю 15 лістапада я вырашыла з’ездзіць на Усходнія могілкі. На прыпынку я ўбачыла, што грамадскі транспарт не ходзіць. Пасля каля станцыі метро «Пушкінская» я ўбачыла людзей, з якімі размаўляў Азаронак. Ён пытаўся: «Чаму вы сюды прыйшлі? Што вы ведаеце пра яго? Як імя па бацьку Рамана Бандарэнкі? Не атрымаўшы адказ, Азаронак спытаў: як жа вы можаце смуткаваць па Бандарэнку, калі нават не ведаеце яго імя па бацьку?"
Вольгу гэта глыбока абразіла і яна ў стане эмацыйнага ўзбуджэння, не стрымаўшыся, дала яму поўху — гэта быў чыста сімвалічны жэст.
Гэта здарылася на вуліцы Прытыцкага, другі ўдар быў нанесены ўжо на вуліцы Пушкіна.
“Я была глыбока абураная і абражаная тым, што сваімі рытарычнымі пытаннямі ён ставіў пад сумнеў шчырасць смутку людзей", - казала Вольга ў судзе.
Але прызнае, што бачыла відэа, на якім б’е карэспандэнта СТБ, і пазнала сябе па адзенні.
«Вы выбачаліся перад пацярпелым?» — спытала пракурорка.
«Не», — адказала Вольга Калацкая.
У судзе апытаны пацярпелы Азаронак.
Ён распавёў, што 15 лістапада «асвятляў несанкцыянаванае масавае мерапрыемства ў раёне метро «Пушкінская».
«Там збіраліся людзі, месца было пазначана ў замежным тэлеграм-канале. І людзі збіраліся правесці там дзясятае, здаецца, несанкцыянаване масавае мерапрыемства, — сказаў Азаронак. — Да таго, як я пачаў задаваць пытанні, група людзей абступіла мяне і пачала крычаць, нават нецэнзурна.
Я пытаўся ў людзей, чаму яны сюды прыйшлі, з якой мэтай? У тым ліку я ўдакладняў, што яны ведаюць пра Рамана Бандарэнку. Прынізіць людзей ці закрануць іх пачуцці я не хацеў — проста задаваў пытанні, як карэспандэнт."
Затым натоўп пайшоў у боку вуліцы Чарвякова, Азаронак пайшоў туды ж.
«Натоўп абражаў супрацоўнікаў міліцыі, я гэта асвятляў, пытаўся ў людзей, чаму яны выходзяць на дарогу? У нейкі момант мяне зноў абступілі людзі і тут са спіны падыйшла абвінавачаная і нанесла мне поўху, я нават не паспеў яе разгледзець», — распавёў Азаронак.
«Можна сказаць, што натоўп дзейнічаў агрэсіўна ў дачыненні да вас?» —спытала пракурорка.
«Так, можна».
«Вы праяўлялі агрэсію?»
«Не».
Пацярпелы Азаронак паведаміў суду, што заяўляў, каб Калацкую не прыцягвалі да адказнасці і падтрымлівае гэтае хадайніцтва сёння. Ён дадаў, што не мае матэрыяльных прэтэнзій, і не чакае выбачэнняў, так як не лічыць сябе абражаным.
Далей у судзе быў дапытаны сведка – аператар тэлеканала СТБ Андрэй Іваненка.
Ён таксама паскардзіўся, што людзі абражалі яго з Азаронкам:
“Усё, што я назіраў: жаданне абразіць, штурхнуць, пасмяяцца. Адна жанчына сказала нават непасрэдна мне: ты фашыст. Я спытаў, чаму яна мяне так называе, яна не знайшлася, што адказаць. Рыгор Азаронак ніколі нікога не абражаў. Размова на павышанах танах — так, але абразы — ніколі».
Азаронка штурхалі, спрабавалі выхапіць мікрафон, нейкая жанчына аднойчы ўдарыла яго па твары, расказаў аператар.
З пісьмовых матэрыялаў справы становіцца зразумела, што крымінальную справу распачалі пасля праверкі. Яе правялі пасля таго, як у телеграм-канале "Жоўтыя слівы" апублікавалі тое самае відэа з Рыгорам Азаронкам і Вольгай Калацкай, паведамляе tut.by.
Была разгледжана магчымасць далучыць да справы хадайніцтва аб замірэнні бакоў. Вольга сказала, што яна «ўсё ж парушыла фізічныя межы» пацярпелага і таму просіць прабачэння». Рыгор Азаронак прыняў прабачэнні.
Дзяржабвінаваўца выступіла супраць спынення крымінальнай справы.
Старшы памочнік пракурора Валерыя Таратынка запрасіла суд для Вольгі Калацкай абмежаванне волі тэрмінам на два гады без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
Калацкая была затрыманая 15 студзеня 2021 года падчас заняткаў па ангельскай мове.
Вольга Калацкая вядомая тым, што ў свой час пераклала на беларускую мову дзясяткі фільмаў, серыялаў і кніг, у тым ліку Вірджыніі Вулф, Тэнэсі Ўільямса, Уільяма Голдынга, Пола Остэра, Тоні Парсанза, Артура Голдэна, "Гладыятар”, “Шрэк”, “Сямейку Смітаў” ды іншыя.
З патрабаваннем неадкладна вызваліць Вольгу выступіў Амерыканскі ПЭН (PEN America) і вядомая канадская пісьменніца Маргарэт Этвуд.
Да затрымання Вольга Калацкая жыла ў Мінску з 89-гадовай маці, якой патрабуецца дагляд. Цяпер дапамагаць маці адгукнуліся сябры і вучні Вольгі.
Прысуд будзе абвешчаны ў 16 гадзін, 24 сакавіка.