Палітвязня Дзяніса Чыкалёва асудзілі да трох гадоў "хіміі" і вызвалілі ў залі суда
Суд Фрунзенскага раёна Мінска 22 сакавіка вынес прысуд па крымінальнай справы супраць 34-гадовага палітвязня з Гомеля Дзяніса Чыкалёва за падзеі 9 жніўня ў Мінску: тры гады "хіміі". Такі прысуд вынесла суддзя Алена Бушава. Пасля сямі месяцаў пад вартай яго вызвалілі ў залі суда. Хлопца затрымалі 10 жніўня і распачалі супраць яго крымінальную справу па ч. 2 арт. 293 (удзел у масавых беспарадках), а потым справу перакваліфікавалі на больш мяккі артыкул – на ч. 1 арт. 342 Крымінальна кодэкса (удзел у дзеяннях, якія груба парушылі грамадскі парадак). На судзе палітвязень віну не прызнаў. Па матэрыялах справы, Чыкалёў парушыў 9 жніўня працу аднаго аўтобуса, за гэта "Мінсктранс" выставіў пазоў на суму 6 126 рублёў і 81 капейку, але яго перанакіравалі разглядаць у грамадзянскім парадку.
У чым абвінавацілі Чыкалёва?
Паводле версіі абвінавачвання, Дзяніс Чыкалёў увечары 9 жніўня прыбыў у сталіцу з Гомеля, каб "прыняць актыўны ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, якія адбываюцца ў цэнтральнай частцы сталіцы".
Чыкалёў, згодна з матэрыяламі справы, «з іншымі асобамі ігнараваў законныя патрабаванні супрацоўнікаў праваахоўных органаў, груба парушаў грамадскі парадак, выкрыкваў розныя лозунгі і рухаўся, у тым ліку ў „счэпцы“, па вуліцах Мельнікайтэ, Заслаўскай, а таксама праспектах пераможцаў і Машэрава ў сталіцы».
Дзеянні Чыкалёва нібыта спрыялі блакаванні руху транспарту, была парушаная праца грамадскага транспарту. Пры сабе ў гамяльчаніна былі выяўленыя нож, спіртное і элементы абароны. Быў канфіскаваны таксама мабільны тэлефон, у якім праваахоўнікі знайшлі відэазапісы і перапіску, у якім нібыта "абвінавачаны выказвае свой намер удзельнічаць у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак".
Па інфармацыі следства раней ён "з'яўляўся адным з лідараў пратэснага руху "Зубр", больш за 20 разоў прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці, у тым ліку неаднаразова за знаходжанне ў стане алкагольнага ап'янення ў грамадскім месцы".
Дзяніс Чыкалёў віну не прызнаў.
Падрабязнасці пра суд:
Пераблыталі з добраахвотнікам украінскага батальёна «Азоў»? Працягваецца суд над палітвязнем Дзянісам Чыкалёвым
"Людзі крычалі, прасілі аб дапамозе". За падзеі 9 жніўня ў Мінску судзяць палітвязня Дзяніса Чыкалёва