За заклікі ў тэлеграм-чаце "Водители 97%" палітвязня Сяргея Брыля асудзілі да трох гадоў "хіміі"
Суд Заводскага раёна Мінска асудзіў 26-гадовага палітзняволенага слесара з Барысава Сяргея Брыля на тры гады "хіміі". Суддзя Геннадзь Янкоўскі прызнаў яго вінаватым па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса за заклікі ў тэлеграм-чаце "Водители 97%", а таксама за ўдзел у жнівеньскіх акцыях пратэсту. Адразу на Сяргея ўзбудзілі крымінальную справу па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса, але потым справу перакваліфікавалі на больш мяккі артыкул. Палітзняволенага ўтрымлівалі пад вартай з 23 верасня, а 17 сакавіка пасля абвяшчэння прысуду яго вызвалілі ў залі суда. "Мінсктранс" заявіў пазоў на суму 38 тысяч рублёў – на такую суму арганізацыя ацаніла шкоду, якую Сяргей прычыніў сваімі дзеяннямі падчас пратэсных акцый.
Дзяржаабвінавачванне па гэтай справе падтрымлівала пракурорка Качанава. На судзе віна палітзняволенага абгрунтоўвалася скрыншотамі перапісак у тэлеграм-чаце "Водители 97%". Сярод заклікаў – "Пара пераварочваць аўтазакі!". Таксама Сяргея Брыля абвінавацілі ва ўдзеле ў мітынгах 9, 10, 16 жніўня. Фота- і відэадоказаў факту ўдзелу ў масавых мерапрыемствах няма, але сам Сяргей не адмаўляў на судзе свой удзел у пратэсных акцыях. "Мінсктранс" заявіў пазоў за прыпынак руху транспарту ў агульнай суме на 38 тысяч рублёў. Суддзя пастанавіў разглядаць гэты пазоў у грамадзянскім парадку.
Сяргея Брыля затрымалі 23 верасня ў Мінску на працы на "Белпрамімпэкс", дзе ён працуе слесарам. Супрацоўнікі органаў сустрэлі яго на прахадной і на падставе таго, што ён з'яўляецца сведкам па справе нейкага ўгону аўтамабіля павезлі ў аддзяленне. Сяргея Брыля дапыталі без адваката. Пасля гэтага яго затрымалі на 72 гадзіны да "высвятлення абставінаў". На гэтай падставе Сяргея змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання на Акрэсціна, а потым перавялі ў СІЗА-1. Па месцы яго жыхарства быў праведзены вобшук і канфіскаваная ўся тэхніка.
Быў актыўным у телеграм-чатах. 25-гадовы барысаўчанін стаў фігурантам справы "аб масавых беспарадках"