viasna on patreon

Быў актыўным у телеграм-чатах. 25-гадовы барысаўчанін стаў фігурантам справы "аб масавых беспарадках" Фота

2020 2020-10-19T15:09:13+0300 2020-10-19T15:15:27+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bril_788.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

З пачатку кампаніі па выбарах Прэзідэнта Беларусі 2020 года супраць удзельнікаў прэзідэнцкай гонкі, актывістаў іх штабоў, удзельнікаў мірных акцый пратэсту, якія адбыліся пасля выбарчай кампаніі, распачата больш за 400 крымінальных справаў. Адным з самых распаўсюджаных артыкулаў Крымінальнага кодэкса, па якіх былі ўзбуджаныя крымінальныя справы, гэта артыкул 293 – масавыя беспарадкі. Фігурантам справы аб удзеле ў масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса) стаў 25-гадовы барысаўчанін Сяргей Брыль. Па словах яго дзяўчыны Анастасіі, на яго распачалі крымінальную справу з-за ўдзелу 9 і 10 жніўня ў мітынгах і за актыўнасць у телеграм-чатах як "Водители 97%". Дзяўчына Сяргея Брыля распавяла «Вясне» гісторыю яго пераследу.

Сяргей Брыль. Фота з асабістага архіва
Сяргей Брыль. Фота з асабістага архіва

Павезлі ў аддзяленне міліцыі як сведку па ўгону аўтамабіля

Сяргея Брыля затрымалі 23 верасня ў Мінску на працы на "Белпрамімпэкс", дзе ён працуе слесарам. 

"Раніцай мы развіталіся з Сяргеем і раз'ехаліся па працоўных справах.

Пасля 16:00 ён перастаў выходзіць на сувязь. Як пазней высветлілася, супрацоўнікі органаў сустрэлі яго прама на прахадной, і на падставе таго, што ён з'яўляецца сведкам па справе нейкага ўгону аўтамабіля павезлі ў аддзяленне", – распавядае Анастасія.

Па словах дзяўчыны, Сяргея Брыля дапыталі без адваката. Пасля гэтага яго затрымалі на 72 гадзіны да "высвятлення абставінаў". На гэтай падставе яго змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання на Акрэсціна.

"Дома канфіскавалі ўсю тэхніку і сказалі, што звяжуцца са мной"

"Дома пасля працы мяне ўжо чакаў "сюрпрыз". На ператрус прыйшлі трое супрацоўнікаў міліцыі. У іх была пастанова на ператрус, дзе было пазначана, што Сяргей праходзіць у якасці падазраванага па ўдзеле ў масавых беспарадках. Дома канфіскавалі ўсю тэхніку і сказалі, што звяжуцца са мной", – распавядае дзяўчына Сяргея.

28 верасня Сяргея Брыля перавялі з ІЧУ на Акрэсціна ў СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага. 2 кастрычніка яму прад'явілі абвінавачванне па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (удзел у масавых беспарадках). Санкцыя гэтай нормы прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін ад трох да васьмі гадоў.

Сяргей Брыль: "Валадарка была санаторыем"

Адразу ж яго перавялі ў Жодзіна і працягнулі арышт на 2 месяцы. У лістах ён распавядае, што ўмовы там горшыя, чым на "Валадарцы".

Ліст Сяргея Брыля ад 8 кастрычніка
Ліст Сяргея Брыля ад 8 кастрычніка

"Першы ліст ад яго амаль увесь закрэслены быў"

Па словах Анастасіі, Сяргей лісты амаль не атрымлівае – даходзяць толькі ад маці. А яго лісты прыходзяць з выкрасленымі цэнзарам радкамі.

"Першы ліст ад яго амаль увесь закрэслены быў. Можа ў найбліжэйшай будучыні нешта зменіцца і ён нарэшце атрымае ўсе астатнія лісты. Вельмі хочацца, каб ён адчуваў нашу падтрымку", – кажа дзяўчына Сяргея. 

Сяргей Брыль. Фота з асабістага архіва
Сяргей Брыль. Фота з асабістага архіва

"Ім усім вельмі патрэбна наша падтрымка"

"Я не магла паверыць у арышт Сяргея, асабліва, калі абвінавачванне прад'явілі. Да гэтага часу не веру. Ніколі б не магла падумаць, што вось так можа быць у нашай роднай краіне. У нас жа ёсць права слова, права выбару, права на свабоду думак. Вельмі спадзяюся, што справядлівасць будзе вышэй за ўсіх падзей, якія адбываюцца навакол.

Веру ў тое, што ўсё будзе добра. Жадаем тым, хто трапіў у падобную сітуацыю, знайсці ў сабе сілы і не здавацца. Ім усім вельмі патрэбна наша падтрымка, як ніколі, таму мы павінны ў іх верыць. Спадзяюся, у хуткім часе мае лісты трапяць да яго, як і лісты ўсіх астатніх. Вельмі сумую і спадзяюся, што ўсё хутка скончыцца", – кажа Анастасія.

Адрас для лістоў Сяргею: СТ-8, вул. Савецкая, 22А, г. Жодзіна, 222160

Калі вы ці вашыя блізкія зазналі крымінальны пераслед па палітычных матывах – звяртайцеся ў “Вясну”

Праваабаронцы звяртаюцца да ўсіх, чые сваякі, альбо яны самі, праходзяць падазраванымі па крымінальных справах, узбуджаных следчымі органамі за удзел у масавых беспарадках, за арганізацыю або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо за супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў, з просьбаю паведамляць праваабаронцам пра такія справы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства