"За што вас збівалі? Казалі, што змагар". У Мінску пачаўся суд над будаўніком Кірылам Паўлаўцом Дапоўнена
Суд Савецкага раёна Мінска разглядае крымінальную справу палітычнага зняволенага Кірыла Паўлаўца, якому прад’яўленае абвінавачванне па арт. 342 Крымінальнага кодэкса (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
Справу разглядае суддзя Марына Фёдарава.
Кірыл Паўлавец быў затрыманы 4 кастрычніка пасля «Марша вызвалення палітвязняў». Калі ён быў ужо дома, яму патэлефанавалі з незнаёмага нумару, папрасілі выйсці ва двор і адагнаць машыну. Там яго і затрымалі людзі ў балаклавах.
На наступны дзень быў суд. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве (артыкул 23.34) і ў непадпарадкаванні работнікам міліцыі (23.4). Прысудзілі 14 сутак. Але на волю ён так і не выйшаў. Была заведзеная крымінальная справа, з Акрэсціна яго перавялі ў СІЗА на Валадарскага.
Згодна з прад’яўленым абвінавачваннем, Кірыл Паўлавец 30 жніўня на плошчы Свабоды заклікаў да ўделу ў масавых мерапрыемствах. Перашкодзіў сваімі дзеяннямі працы транспарту, асабліва аўтобусам (там велізарны спіс аўтобусаў, якія ездзяць па найбліжэйшых маршрутах).
Таксама 9 жніўня - на праспекце Дзяржынскага, вул. Пушкіна, Жукава зноў перашкаджаў руху транспарту (аўтобусы, тралейбусы) і спыняў іх нармальную працу.
Віну прызнаў часткова, не цалкам.
У судзе 16 сакавіка апытваюць абвінавачваемага.
Паўлавец прызнае, што быў у той час на тых вуліцах, але не перакрываў дарогу, не заклікаў у сацыяльных сетках да акцый. Распавядае, што 30 жніўня выйшаў гуляць, было шмат людзей.
Адказвае што не можа сказаць, ці была акцыя несанкцыянаваная, ці былі там лозунгі, сімвалы. Сам лозунгаў не выкрыкваў, рухаўся па пешаходных пераходах, не замінаў руху транспарту:
"Я вяртаўся дадому пасля прагулкі. Было спакойна, потым было шмат людзей, я іх абышоў і пайшоў дадому".
Суддзя пытаецца: Як паводзілі сябе людзі?
- Спакойна.
- Лозунгі былі?
- Не памятаю.
- У счэпцы ішлі?
- Не
Суддзя Фёдарава пытаецца, ці даваў ён паказанні пад час следства добраахвотна, без ціску?
“Гэта было ў РАУСе, мяне не адразу затрымалі, выклікалі, забралі тэлефон, спыталі пароль, адвялі ў іншы кабінет і пачалі збіваць. Потым прымусілі падпісаць паказанні.”
Адвакат удакладняе, хто гэта рабіў, Паўлавец адказвае, што чалавек у чорным адзенні, гадоў 30-35, з татуіроўкай у выглядзе ўдава на перадплеччы.
- За што вас збівалі?
- Казалі, што змагар. Я перажываў за сваё жыццё, мае правы ніхто не патлумачыў, адваката не далі. Натуральна, калі чалавек адчувае шок і страх, ён згаджаецца на любыя паказанні. Калі везлі ў ЦІП у стакане - там таксама збівалі.
У Паўлаўца суддзя запытваецца, з якой мэтай ён фатаграфаваўся з плакатам.
- Там была цытата беларускага пісьменніка.
- Для чаго фатаграфаваліся?
- Проста спадабалася цытата.
Дапытваюць сведку - Раісу Паўлавец, гэта ягоная маці.
Распавядае, што заўсёды ганарылася сваім сынам. Здольны, мэтанакіраваны, Актыўны, асабліва ў спорце, быў трэнерам. Кажа, дзе б ён ні працаваў, заўсёды былі добрыя словы аб ім як аб працаўніку.
Маці распавядае гісторыі з іх сям'і, у залі многія плачуць, абвінавачваны таксама.
Кажа, што адзіная крыніца даходу сям'і Паўлаўца зараз - дапамога па догляду за дзіцяці (у сям'і Кірыла - двое дзяцей, 2 і 4 гады).
Пракурор задае пытанні наконт стаўлення сям'і да грамадска-палітычных працэсаў у краіне.
- Вядома, мы ўсё ведаем, але адкрыта не гаворым, гэта нашая пазіцыя.
У судзе былі даследваныя пісьмовыя матэрыялы справы – скрыншоты перапіскі з тэлефона, рэпосты, праглядзелі відэа, дзе людзі скандавалі “Жыве Беларусь!”.
Спыталіся ў абвінавачванага, ці быў ён там? Кірыл адказаў, што не.
У другой палове дня вывучаліся матэрыялы справы - змесціва тэлефона абвінавачанага, глядзелі ўсе фота і відэа на маніторы.
Мінсктранс заявіў матэрыяльную прэтэнзію Паўлаўцу ў памеры 28 тысяч 105 рублёў
Затым пракурор Міленка заявіла два хадайніцтвы:
Першае - прызнаць грамадзянскім істцом па справе прадстаўніка КУП “Мінсктранс”, яўка якой забяспечана. Адвакат і абвінавачаны пярэчылі, але суд пасля кароткага перапынку задаволіў хадайніцтва пракурора.
Сума шкоды, прычыненая збою ў працы грамадскага аўтобуснага і электратранспарта разлічаная ў суме 28 105,55 руб і дадаць дзяржпошліну ў памеры 1 405 рублёў.
Другое хадайніцтва пракурора - выклікаць у суд у якасці сведкі Аляксандрава Аляксандра Аляксандравіча, супрацоўніка Цэнтральнага РАУС. Абаронца і абвінавачаны пярэчылі, але суд хадайніцтва задаволіў.
У судзе абвешчаны перапынак да 22 сакавіка.