viasna on patreon

Ператрусы па "справе Ціханоўскага" санкцыянаваў намеснік Генпракурора. Працягваецца суд над кіроўцам аўтадома "Страна для жизни"

2021 2021-03-15T18:48:00+0300 2021-03-15T19:31:24+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/aranovich_98.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Ленінскага раёна Гродна працягваецца разгляд крымінальнай справы супраць 38-гадовага кіроўцы аўтадома "Страна для жизни" са Старых Дарог Аляксандра Арановіча. Яго абвінавачваюць у арганізацыі дзеянняў, што груба парушылі грамадскі парадак у Гродне 29 траўня, па ч. 1 арт. 342 КК. Таксама яго абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 13 арт. 293 КК (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадкаў) за захоўванне на гарышчы дома ў сваіх бацькоў у Старых Дарогах старой дымавой шашкі. За кратамі Аляксандра ўтрымліваюць ўжо дзясяты месяц. Справу разглядае суддзя Алена Пятрова, дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівае Дзяніс Корда. Аляксандр Арановіч на судзе адмовіўся ад дачы паказанняў, як і падчас следства. Справа будуецца на сведкавых паказаннях: відавочцаў з Савецкай плошчы ў Гродне, супрацоўнікаў АМАПа, якія ажыццяўлялі затрыманне 29 траўня ў Гродне, супрацоўнікаў ГУБАЗіКа, якія праводзілі ператрус, і іншых. На судзе зачытваюцца аўдыёзапісы тэлефонных перамоваў Ціханоўскага і Статкевіча ад 11 і 14 траўня (да ўзбуджэння крымінальных справаў), якія ніяк не датычацца Арановіча. Маніторынг суда ажыццяўляе праваабаронца Раман Юргель. "Вясна" распавядае, як адбываецца працэс над палітвязнем Аляксандрам Арановічам.

Палітзняволены Аляксандр Арановіч. Фота: spring96.org
Палітзняволены Аляксандр Арановіч. Фота: spring96.org

Допыт супрацоўнікаў ГУБАЗіКа, якія праводзілі ператрус у Старых Дарогах

У доме бацькоў Арановіча было праведзена тры ператрусы: два – 2 і 4 чэрвеня і трэці – у снежні. Шашку знайшлі падчас другога ператрусу, а прад'явілі абвінавачванне Аляксандру за падрыхтоўку да ўдзелу ў масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 КК) шляхам захоўвання гэтай шашкі – толькі ў снежні, калі і працягнулі тэрмін утрымання пад вартай. У судзе дапыталі супрацоўнікаў ГУБАЗіКа, якія праводзілі ператрус. Як стала вядома з іх паказанняў, ператрус быў санкцыянаваны намеснікам Генеральнага пракурора Беларусі. Пры гэтым, першы ператрус праводзіўся ў рамках артыкула 364 Крымінальнага кодэкса (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка). Хоць пазней Арановічу прад'явілі абвінавачванне па ч. 1 арт. 342 КК, Ператрус ажыццяўлялі чатыры супрацоўнікі ГУБАЗіКа (Лапацін, Белькечыч, Дубовік, Козун) з розных упраўленняў і следчы.

На судзе з дапамогай відэаканферэнцсувязі быў дапытаны 26-гадовы старэйшы оперупаўнаважаны 5-га ўпраўлення ГУБАЗіКа Андрэй Козун, які па даручэнні следчага праводзіў ператрус у доме бацькоў Арановіча ў Старых Дарогах 4 чэрвеня. Ён распавёў, што падчас ператрусу канфіскавалі грошы (3 000 еўраў і 12 000 даляраў), мабільныя тэлефоны, дакументы, вайсковы білет, пасведчанне аб нараджэнні Арановіча. Пры гэтым, ён згадаў, што маці Аляксандра, казала, што гэта яе грошы, заробленыя прадпрымальніцтвам. Таксама супрацоўнік ГУБАЗіКа распавёў, што тады ён убачыў на гарышчы, ля ўваходу, на бачным месцы дымавую шашку. Аднак адбіраць яе не стаў, а проста зрабіў фота і адправіў начальніку і пайшоў далей аглядаць гарышча. Тады яны выклікалі сапёрную групу з мінскай в/ч 5448. Група канфіскавала шашку і склала акт на дымавую шашку вагой 12 кг. Бацькі Аляксандра нічога патлумачыць не змаглі з нагоды яе.

Другім па відэа дапыталі намесніка начальніка аддзела 10 упраўлення ГУБАЗіКа Аляксея Дубовіка, які таксама праводзіў ператрус у доме ў бацькоў Арановіча. Ён сказаў, што кіраўніцтва накіравала іх на ператрус з пастановай намесніка Генпракурора Беларусі. На гарышчы Козун выявіў дымавую шашку ў завадской упакоўцы. Яны выклікалі сапёраў, якія склалі акт і забралі шашку. Бацькі былі вельмі здзіўлены, выяўленай шашцы.

Не маглі нават па відэа ў судзе дапытаць начальніка аддзела 10 упраўлення ГУБАЗіК Анатоля Лапаціна. Прычына – хвароба. У судзе агучылі паказанні сведкі, дадзеныя ім падчас следства. Паказанні Лапаціна аналагічныя паказаннях іншых супрацоўнікаў праводзілі ператрус.

Палітзняволены Аляксандр Арановіч. Фота: spring96.org Палітзняволены Аляксандр Арановіч. Фота: spring96.org

"Шашка магла застацца ад ранейшых гаспадароў дома – ваенных". Допыт родных Аляксандра

У судзе дапыталі таксама айчыма і маці Аляксандра Арановіча – менавіта ў іх доме праводзілі ператрус. Айчым Аляксандра пацвердзіў, што грошы вынятыя пры ператрусе – іх сям'і: яны займаліся перавозкай, аўтакрамай і нарыхтоўкай грыбоў, ягад, а таксама ён атрымлівае пенсію з Літвы ў памеры 210 еўра. А тое, што прадмет выяўлены на гарышчы, з'яўляецца дымавой шашкай, сказаў зразуметай, сусед ваенны-хімік.

На працэсе стала вядома, што на шашцы ўжо ўтварылася іржа, а да куплі дома там пражываў вайсковец.

На судзе мама Арановіча Галіна Іванаўна таксама сказала, што Аляксандр не мае дачынення да вынятых у іх доме грошай:

"Я супрацоўнікам сказала, што гэта мае грошы". 

Яна сказала, што таксама не ведае, адкуль на гарышчы іх дома шашка.

"Да куплі дома жыла сям'я вайскоўцаў. Мы гарышчам не карысталіся, там слабы быў дах. Я раней не бачыла шашак, міліцыянты знялі яе ва ўпакоўцы, у скрынцы".

Па словах Галіны Іванаўны, яны не лазілі на гарышча з моманту куплі дома.

"Як толькі сфабрыкавалі справу супраць майго сына, і неслі міліцыянты шашку, я адразу і сказала, што шашку павесяць на майго сына. Зробяць з гэтай шашкі баявую і павесяць на майго сына. Я так тады сказала пры следчых".

На судзе зачыталі паказанні маці Аляксандра, дадзеныя ёй падчас следства. У яе пыталіся, чаму яе сын апранаўся як Ціханоўскі, на што яна адказвала, што ў Аляксандра такая куртка была ўжо даўно.

На судзе Галіна Іванаўна сказала, што следчы запісаў няправільна яе паказанні. Ён не запісаў у пратаколе яе словы, што дымавая шашка магла застацца ад ранейшых ваенных гаспадароў дома.

"Майму сыну дапісалі так тры крымінальныя артыкулы, я была на нервах, тады мяне 3 гадзіны дапытвалі!"

Палітзняволены Аляксандр Арановіч. Фота: spring96.org
Палітзняволены Аляксандр Арановіч. Фота: spring96.org

Ціханоўскага і Статкевіча праслухоўвалі з сярэдзіны траўня

На дзевятым судовым пасяджэнні, 15 сакавіка, суд прыступіў да вывучэння рэчыўных доказаў. У матэрыялах справы маецца 26 фрагментаў-аўдыёзапісаў тэлефонных перамоваў Ціханоўскага і Статкевіча, атрыманых у выніку аператыўна-вышуковай дзейнасці 11 і 14 траўня. Аднак, якое канкрэтнае стаўленне гэта мае да Арановіча – незразумела. На аўдыёзапісах гучаць такія ўрыўкі размоваў: "Еўрапейцы хочуць пагаварыць з Ціханоўскім...", "Мікалай, я каву пап'ю і падкачу", "Заўтра Слуцк, а трэба раздаць пасведчанне для сябраў ініцыятыўнай групы", "Пагаворыце з Афнагелем, вырашыце як быць. Мікалай, каб вас нас ні прыхапілі, Вам лепш з намі ездзіць", "Мікалай, ніхто не будзе пакуль на нас наязджаць, пакуль не чапаюць. Людзі не дадуць біцца, людзі за нас", "Я з Ціханоўскім пазнаёміўся год таму, даў гадзіннае інтэрв'ю яму. Ціханоўскі хоча справядлівых выбараў, хоча быць кандыдатам пратэсту. У нас толькі мірная актыўнасць, толькі вулічныя акцыі. Трэба аб'ядноўвацца, для правядзення справядлівых выбараў", "Пратэст павінен быць мірным, масавым і доўгім!", "Фальсіфікацыям можна супрацьстаяць толькі мірным пратэстам", "Мы скарыстаемся легальнай магчымасцю, будзе доўгі масавы пратэст. Мы разглядаем Армянскі вопыт, але грамадства ў нас спалохана. Люлі не вераць у бяспеку гэтага пратэсту". 

На судзе зачытваюцца размовы Мікалая Статкевіча з "Белсатам", "Радыё Свабода".

"Гэта левы ці правы тапак?"

У якасці рэчыўных доказаў да справы далучаныя тапак і кепка "Страна для жизни". Суддзя спытала ў Аляксандра Арановіча: "Вы з гэтым тапкам хадзілі?"

"Не ведаю, гэта левы ці правы тапак?" – удакладняе Аляксандр.

На працэсе прагледзелі стрым Сяргея Ціханоўскага "Страна для жизни" ад 29 траўня на Савецкай плошчы і стрым "Радыё Свабоды".

Прагледжаныя відэа з крымінальнай справы на дзве гадзіны не мелі дачынення да абвінавачанага Аляксандра Аранавіча – там яго наогул не было відаць.

Суд працягнецца 16 сакавіка.


Хто такі Аляксандр Арановіч?

Аляксандр Арановіч — удзельнік каманды YouTube-канала "Страна для жизни", заснаванага Сяргеем Ціханоўскім. Кіроўца аўтадома, 38 гадоў, жыў у горадзе Старыя Дарогі Мінскай вобласці. Скончыў Бабруйскае вучылішча алімпійскага рэзерву, да 2015 года быў індывідуальным прадпрымальнікам, займаўся грузаперавозкамі.

Аляксандра затрымалі падчас пікету па зборы подпісаў у Гродне 29 траўня разам з іншымі ўдзельнікамі СДЖ. Пераведзены ў Мінск у СІЗА-1. Яму прад'явілі абвінавачванне паводле ч. 1 арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) Крымінальнага кодэксу. 17 снежня стала вядома, што Арановічу прад'явілі новае абвінавачванне —падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках (п. 13 ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса).

"Можа вы і нармальныя людзі, але я ўжо нікому не веру", — маці палітвязня Аляксандра Арановіча

"Вясна" пагаварыла з маці палітычнага зняволенага Аляксандра Арановіча Галінай Іванаўнай. Хто такі Аляксандр, як ён трапіў у каманду "Страна для жизни", як успрыняла гэта сям'я, як праходзіць следства ў дачыненні да яго, як ставяцца старадаражане да таго, што ў іх горадзе з'явіўся палітвязень, — чытайце ў нашым матэрыяле.

"Запытваліся, чаму яны з Ціханоўскім аднолькава апранутыя". Палітвязню Арановічу прад'явілі новае абвінавачванне

Як паведаміла "Вясне" маці палітычнага зняволенага Аляксандра Арановіча, яму прад'явілі новае абвінавачванне — падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках (п. 13 ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса). За кратамі палітвязень Аляксандр Арановіч знаходзіцца ўжо сёмы месяц.

На судзе над Арановічам дапытваюць АМАПаўцаў, якія затрымлівалі на пікеце ў Гродне 29 траўня

У судзе Ленінскага раёна Гродна 1 сакавіка працягваецца разгляд крымінальнай справы па ч. 1 арт. 342 і ч. 2 арт. 13 арт. 293 КК супраць палітзняволенага кіроўцы аўтадому "Страна для жизни" Аляксандра Арановіча.

Як у Гродне судзяць чатырох фігурантаў "справы Ціханоўскага". Фотарэпартаж

Сёння Следчы камітэт паведаміў, што завяршыў расследаванне вылучаных са "справы Ціханоўскага" 9 крымінальных справаў у дачыненні да 25 саўдзельнікаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства